Іван Бедка і Алесь Масюк Сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл Алесь Масюк і Іван Бедка падавалі заяўку на правядзенне 8 ліпеня пікета ў слонімскім парку. Паводле "Гарадзенскай Вясны", мэтай пікета павінен быў быць пратэст супраць Слонімскай пракуратуры і РАУС, якія да сённяшніх дзён не прынялі прадугледжаных законам мераў па расследаванню фальсіфікацыі падчас выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў (18.02.2018.) на Незалежным выбарчым участку №10 г. Слоніма.

Алесь Масюк і Іван Бедка атрымалі адказ ад намесніцы старшыні Слонімскага райвыканкама Кацярыны Руткоўскай. У адказе пазначана, што заяўнікам адмоўлена ў правядзенні масавага мерапрыемства ў сувязі з тым, што ў гэты час запланаваныя іншыя мерапрыемствы. А менавіта святочныя мерапрыемствы ў рамках “Плана мерапрыемстваў па выкананню Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквою у Слонімскім раёне на 2016-2020 г.г.”. 

Чаму актывісты вырашылі падаць заяўку на правядзенне пікета? Справа ў тым, што ў дзень выбараў кандыдат у дэпутаты Алесь Масюк і яго давераныя асобы былі пазбаўлены магчымасці назіраць за падлікам галасоў. Па распараджэнні старшыні камісіі Юнга Т.В. была ўстаноўлена загароджа, каб не дапусціць назіральнікаў да стала падліку. А калі завяршыўся падлік галасоў, былі вывешаны копіі выніковых пратаколаў з 13 подпісамі сябраў участковай камісіі. Хаця ў дзень выбараў і пры падліку галасоў прысутнічалі толькі яе 12 сябраў.

Акрамя гэтага, у графе "супраць усіх" была пазначана лічба "21 чалавек". Пазней стала вядома, што старшынёй выбарчай камісіі была здзейснена падробка – у раённую выбарчую камісію быў накіраваны пратакол з іншымі лічбавымі звесткамі і іншай колькасцю подпісаў членаў камісіі. У пераробленым пратаколе ў графе "супраць усіх" было ўказана 126 чалавек, а подпісаў сябраў камісіі замест 13 стала 12. Пазней паведамлялася, што адзін з сябраў участковай камісіі нібыта „захварэў”, але калі ён паспеў захварэць так і не высветлелася.

У сувязі з гэтым, экс-кандыдат у дэпутаты Алесь Масюк ужо некалькі разоў звяртаўся ў пракуратуру Слонімскага раёна і пракуратуру Гарадзенскай вобласці з заявамі пра здзяйсненні старшынёй участковай камісіі злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 191 і 192 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Абедзве інстанцыі накіроўвалі заявы Алеся Масюка ў Слонімскі раённы аддзел унутраных спраў і абласное ўпраўленне з указаннямі правесці праверку з прыняццем рашэння. Але гэтыя ворганы ўказанні пракуратураў не выконвалі, а перасылалі заявы пра фальсіфікацыі ў розныя выбарчыя камісіі. Выбарчыя камісіі, у сваю чаргу, не маючы паўнамоцтваў на прыняцце рашэнняў па заявах аб крымінальных злачынствах, давалі адпіскі, не абцяжарваючы сябе аспрэчваннем доказаў падробкі дакументаў.

Пасля некалькіх месяцаў перапісак, Алесь Масюк атрымаў з пракуратуры Гарадзенскай вобласці „выніковы” дакумент, з якога бачна, што пракуратура адмаўляецца ад нагляду за законнасцю і ад рэагавання на заявы пра злачынствы на выбарах. Як лічыць Алесь Масюк, прыведзеныя ім факты пра падробку дакументаў ніхто аспрэчыць не можа. Праваахоўныя органы выдатна разумеюць, што ў дадзеным выпадку адназначна трэба ўзбуджаць крымінальную справу, але чамусьці не ўзбуджаюць. Таму актывісты і вырашылі зладзіць адмысловы пікет - супраць дзеяняў Слонімскіх пракуратуры і міліцыі. Але ён не быў дазволены.

Крыніца: У Слоніме не дазволілі пікет супраць пракуратуры і міліцыі