Юры Мяцельскі. Фота: Цэнтр беларускай мовы Валанцёр праваабарончага цэнтра "Вясна" Юры Мяцельскі падаў пазоў да Міністэрства фінансаў аб спагнанні маёмаснай шкоды, грашовай кампенсацыі маральнай шкоды, прычыненай незаконнымі дзеяннямі органа, які вядзе адміністрацыйны працэс.

Папярэдняе судовае паседжанне па разглядзе пазову валанцёра "Вясны" да Міністэрства фінансаў прызначаны на пятніцу, 6 ліпеня, у 11:00 у кабінеце 230 суда Маскоўскага раёна г. Мінска.

Нагадаем, у навагоднюю ноч Юрыя Мяцельскага затрымалі ў Слуцку, калі ён з сябрам знаходзіўся на тэрасе мясцовага Дома культуры. Аднаго з супрацоўнікаў АМАПа раззлавала, што падчас праверкі дакументаў Юрыя і яго сябра, валанцёр "Вясны" папрасіў самога супрацоўніка прад'явіць дакументы. Гэта і стала прычынай затрымання, хоць потым Юрыя і абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы ў грамадскім месцы (арт. 17.1 КаАП).

Хлопца адвезлі ў выцвярэзнік для аналізу крыві на алкаголь, а далей у РАУС, дзе пад псіхалагічным і фізічным ціскам вымусілі падпісаць пратакол ужо па арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства). Пасля гэтага яго змясцілі ў ізалятар, у якім ён прабыў да трэцяга студзеня. 22 лютага 2018 г. судом Слуцкага раёна Мінскай вобласці адміністрацыйны працэс у дачыненні да Юрыя Мяцельскага па арт. 17.1 КаАП быў спынены за недаказанасцю яго віны.

Крыніца: Суд Маскоўскага раёна разгледзіць пазоў валанцёра "Вясны"