Праваабаронцы і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый 27 траўня ў Маладэчне бралі ўдзел у семінары на тэму "Практыка выкарыстання індывідуальных зваротаў у КПЧ ААН і іх значэнне ў справе абароны правоў чалавека ў Беларусі".
У якасці запрошанага трэнера выступаў праваабаронца, юрыст Гомельскага аддзялення ПЦ "Вясна" Леанід Судаленка, які мае вялікі досвед напісання індывідуальных зваротаў у Камітэт па правах чалавека ААН.
Ён падзяліўся сваім багатым вопытам, раскрыў некаторыя нюансы паспяховага разгляду такіх зваротаў. Дарэчы, намаганнямі Леаніда Судаленкі сабраныя многія справы па Беларусі, разгледжаныя ў КПЧ ААН за шмат гадоў, з якімі можна азнаёміцца ў спецыяльным раздзеле на сайце "Гомельскай Вясны".
Напрыканцы семінару адбылася даволі гарачая дыскусія між удзельнікамі пра ролю праваабарончых арганізацый ў нашай краіне.