“Давайце паспрабуем падарыць яму свабоду!” – з такога закліка міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International напачатку траўня распачала глабальную акцыю ў падтрымку беларускага палітычнага вязня Змітра Паліенкі. Пра асноўныя накірункі акцыі салідарнасці і пра важнасць лістоў падтрымкі для вязня сумлення распавяла каардынатарка Amnesty International па Беларусі, Украіне і Малдове Айша Юнг. У міжнароднай кампаніі ў падтрымку Змітра Паліенкі задзейнічаны актывісты з розных куткоў света. Сярод іх Нямеччына, Нідэрланды, ЗША, Іспанія, Вялікабрытанія і Расія.
Што мы зрабілі? Па-першае, мы папрасілі людзей пісаць лісты да беларускіх уладаў з патрабаваннем яго неадкладнага вызвалення, бо ён - вязень сумлення, які стаў ахвярай пераследу выключна праз мірнае ажыццяўленне свайго права на свабоду сходаў і выказвання мераванняў. Па-другое, мы таксама папрасілі пісаць наўпрост адміністрацыі калоніі і нагадваць ім пра яго статус. Мы ведаем, што Паліенка пераследуецца з боку турэмнай адміністрацыі: зменшана штомесячная сума грошай, на якую ён мае права, ён часта знаходзіцца ў адзіночным зняволенні, яго прымушаюць працаваць ва ўмовах, якія пагаршаюць ягоны стан здароўя, рана на яго назе доўгі час не лячылася. І таму мы кажам, каб актывісты ў сваіх лістах у калонію прасілі адміністрацыю зрабіць усё, каб Зміцер атрымаў належнае лячэнне, меў поўны доступ да ўсіх медыцынскіх паслугаў, каб мог кантактаваць з сям’ёй і з адвакатам.
У Amnesty International занепакоены тым, што Паліенка мае праблемы з ліставаннем. Айша Юнг нагадала, як напярэдадні Новага года сябры Змітра зрабілі акцыю салідарнасці і даслалі яму шмат паштовак з віншаваннямі, але актывіст ніводнай з іх не атрымаў.
Таму мы сказалі нашым актывістам па ўсім свеце: “Чым больш мы дасылаем лістоў і паштовак - тым большая верагоднасць, што ён штосьці атрымае”. І рэгіянальныя групы вельмі актыўна працуюць па гэтай частцы. 26 траўня ў яго быў дзень нараджэння, і мы адмыслова прасілі людзей дасылаць яму паштоўкі напярэдадні свята. Таксама перад гэтай датай мы распавялі пра яго справу ў сусветным інфармацыйным бюлетэні за красавік і травень.
Мы таксама ведаем, што ён любіць маляваць. Ён даслаў адной з нашых галандскіх груп ліст падзякі з малюнкам. І мы напісалі нашым актывістам: “Паслухайце, а можа хто-небудзь жадае таксама даслаць яму матэрыялы для малявання?” Я дакладна не ведаю, ці атрымаў ён у выніку што-небудзь, аднак наш папярэдні досвед паказвае, што актывісты вельмі добра рэагуюць на такога кшталту заклікі. Так, шмат гадоў таму мы рабілі акцыю падтрымкі прытулка для ахвяраў хатняга гвалту і прасілі людзей дасылаць ім шакалад. У выніку яго даслалі шмат і са ўсяго свету.
Айша Юнг адзначыла, што разумее рызыку таго, што тэрмін зняволення Паліенкі можа быць падоўжаны праз ужыванне супраць яго 411 артыкула КК РБ. І таму Amnesty будзе працягваць актыўную працу па яго справе, пры гэтым не пакідаючы надзею на яго датэрміновае вызваленне. Яна дадала, што сітуацыя Змітра Паліенкі будзе абмяркоўвацца на 38-ай сесіі Савета ААН па правах чалавека, якая зараз праходзіць у Жэневе.
Даслаць лісты і паштоўкі салідарнасці Змітру Паліенку можна па адрасе:
Папраўчая калонія № 2, вул. Сікорскага, 1, атрад 9, 212800, Бабруйск, Беларусь
Крыніца: “Чым больш мы дасылаем лістоў – тым большая верагоднасць, што ён іх атрымае”