Суддзя Нэлі Каўшун палічыла, што Рух «За Свабоду» павінен несці адказнасць за дзеянні сябраў арганізацыі, якія, па дадзеных Міністэрства юстыцыі, парушылі заканадаўства.
Як паведамляе сайт арганізацыі, Міністэрства юстыцыі вынесла ў канцы сакавіка папярэджанне Руху «За Свабоду» за тое, што арганізатары святкавання Дня Волі заклікалі людзей на акцыю да атрымання афіцыйнага дазволу. Па рашэнню Рады арганізацыя абскардзіла папярэджанне ў Вярхоўным судзе.
«Аналагічнае судовыя працэсы прайшлі ў адносінах партый БНФ і АГП, і Вярхоўны суд пакінуў папярэджанні без змяненняў, — нагадаў пад час судовага паседжання старшыня Руху „За Свабоду“ Юрый Губарэвіч. — На маю думку, суддзі кіраваліся палітычнай мэтазгоднасцю, а не нормамі заканадаўства».
Ён падкрэсліў, што сябра арганізацыі Аляксандр Русевіч пры падачы заяўкі для правядзення акцыі на Дзень Волі выступаў як фізічная асоба, а пры падачы заяўкі ад юрасобы дзейнічае іншая працэдура.
Прадстаўнікі Руху на судзе падкрэслівалі, што арганізацыя, паводле заканадаўства, не нясе адказнасці за дзеянні сваіх сяброў, інакш гэта «падрывае асновы права, у прыватнасці, прыкмету стабільнасці».
У якасці доказаў вінаватасці Руху «За Свабоду» прадстаўнік Мінюсту Аляксей Печкуроў прывёў шматлікія публікацыі СМІ і сайту Pyx.by, дзе прыгадваўся Аляксандр Русевіч, Юрый Губарэвіч і намеснік старшыні Руху Юрый Меляшкевіч, а таксама рашэнне суда па справе сябра Рады Руху Віталь Амяльковіч.
«Пад час судовага пасяджэння не было прыведзена ніводнага доказу парушэння заканадаўства Рэспублікі Беларусь, да якога прывялі прынятыя арганізацыяй рашэнні», — падкрэсліў пад час судовых спрэчак Юрый Губарэвіч.
Ён прасіў суд адмяніць папярэджанне.
У сваю чаргу пракурор заявіў пра тое, што Рух «За Свабоду» па сутнасці з’яўляецца арганізатарам Дня Волі і падтрымаў пазіцыю прадстаўніка Міністэрства юстыцыі.
Суддзя падтрымала пазіцыю адказчыка па справе і пакінула папярэджанне ў сіле.
Крыніца: Вярхоўны суд пакінуў у сіле папярэджанне Руху «За Свабоду»