Сустаршыня ствараемай партыі БХД і актыўны абаронца Курапат Павел Севярынец агучыў на сваёй старонцы ў фэйсбуку праграму дзеянняў актывістаў на 12 чэрвеня.
Па інфармацыі палітыка, у 12-30 пачнецца пасяджэнне юрыдычнай групы абаронцаў Курапат. Актывісты плануюць прыняць зварот для перадачы яго цягам дня ў Камітэт дзяржкантролю, Генпракуратуру і Мінаблвыканкам. На 19 гадзін запланавана правядзенне супольнай малітвы.
Абаронцы месца масавых пахаванняў ахвяраў палітычных рэпрэсій “Курапаты” таксама маюць намер звярнуцца да прэзідэнтаў краін (Ізраіля, Польшчы, Чэхіі, Аўстрыі і Германіі), якія плануюць прыехаць у Беларусь 29 чэрвеня на адкрыццё мемарыяла на месцы масавых растрэлаў у Трасцянцы, каб праінфармаваць іх аб сітуацыі ў Курапатах.
Згодна з распрацаваным графікам пікетавання рэстаранна-забаўляльнага комплексу “Паедзем паядзім” на вахту сёння заступаюць актывісты Руху салідарнасці “Разам”.
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч накіраваў сёння заявы ў Генеральную пракуратуру і Адміністрацыю прэзідэнта, у якіх просіць правесці пракурорскую праверку законнасці і абгрунтаванасці ўнясення зменаў у пастанову Мінкульта Рэспублікі Беларусь ад 12.05.2004 г. № 15 і змяненні межаў ахоўнай зоны месцаў масавых пахаванняў ахвяраў палітычных рэпрэсій “Курапаты”, а таксама іншых рашэнняў дзяржаўных органаў аб узгадненні далейшага будаўніцтва рэстарана “Паедзем-паядзім”.
Напрыканцы дня супрацоўнікі міліцыі затрымалі рэжысёра Алеся Туровіча. На яго былі складзены 3 пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Між тым, учорашні дзень пікетавання рэстарану завяршыўся чарговым інцыдэнтам. Аўтамабіль „Мерсэдэс” нумар 0612-МІ-7, які спрабаваў прарвацца ў двор рэстарана, заблакаваны пратэстоўцамі, наехаў на аднаго з іх. Аднак супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі пакінулі па за ўвагай дзеянні кіроўцы, а прыцягнулі да адказнасці за парушэнне правілаў дарожнага руху дваіх пікетоўцаў. Па інфармацыі Беларускага Радыё Рацыя, прозвішча адна з іх – Зміцер Казакевіч. На яго склалі пратакол па арт. 18.23 КаАП (парушэнне правілаў дарожнага руху).
Дарэчы, адзін з абаронцаў Курапатаў Леанід Кулакоў атрымаў адказ ад намесніка начальніка УДАІ УУС Мінскага аблвыканкама У. Ротчанкава на сваю заяву. Ен прасіў правесці праверку па факце наезду на яго аўтамабіля, які здарыўся каля рэстарана “Паедзем-паядзім” 6 чэрвеня. Згодна з адказам, кіроўцу аўтамабіля вынесена адміністрацыйнае пакаранне за парушэнне правілаў дарожнага руху.
Крыніца: Абарона Курапатаў: самае важнае за 12 чэрвеня Дапоўнена