Супраць аднаго з удзельнікаў пратэстаў супраць рэстарану ў Курапатах Мікіты Найдзена заведзеная крымінальная справа. Як паведаміў у Фэйсбуку лідэр грамадзкай арганізацыі «Альтэрнатыва» Алег Корбан, яму інкрымінуюць «сьвядома ілжывае паведамленне пра небяспеку» (артыкул 340.1 КК РБ), паведамляе Радыё Свабода.
— Хлапец зьнік з нашых радараў у панядзелак 11 чэрвеня (ён мусіў далучыцца да нас а 17 гадзіне), нашы спробы знайсьці яго не прынеслі посьпеху. І толькі цяпер ён знайшоўся... Мікіта не вытрымаў знявагі над нацыянальным мэмарыялам у Курапатах і вырашыў паскорыць той момант, калі пекла ў выглядзе забаўляльнага комплекса «Поедем, Поедим» зачыніцца, а ўсё іх чэрці разьбягуцца. Вырашыў дзейнічаць самастойна. 10 чэрвеня (нядзеля) у 22.45 ён патэлефанаваў у гэтую рэстарацыю і паведаміў прыблізна наступнае «Ваш ресторан замінірован, там бомба».
Паводле Корбана, праз 10 хвілінаў у рэстаран прыехалі сапёры, МНС і хуткая дапамога. Было ўсталявана, што паведамленьне ілжывае.
— А 2 гадзіны ночы да Мікіты завітала міліцыя (яго асобу вылічылі больш-менш хутка) — 5 супрацоўнікаў, некаторыя былі ў бронекамізэльках. Затрымалі, агледзелі кватэру, павезлі ў РУУС, дзе адбыўся допыт. Пасля адвезлі ў ІЧУ, дзе яго ўтрымлівалі 3 сутак. Вызвалілі да судовага паседжання пад хатні арышт.
У пастнове, як паведаміў Корбан, адна з умоваў хатняга арышту — гэта забарона камунікаваньня з асобамі, якія вядуць антыграмадзкі лад жыцьця^; забарона наведаньня месцаў масавага збору людзей.
Вядома, што падчас тэлефанавання ён быў цвярозы.
Мікіту Найдзену, актывісту «Альтэрнатывы», 27 гадоў. Ён працуе штампоўшчыкам на Менскім трактарным заводзе, жыве з маці.
Крыніца: На аднаго з абаронцаў Курапатаў завялі крымінальную справу