Абарона Курапатаў. 14 чэрвеня 2018 года. Фота: Радыё Свабода. Рэпрэсіі супраць праціўнікаў адкрыцця рэстаранна-забаўляльнага комплексу “Поедем поедим” у ахоўнай зоне месцаў масавых пахаванняў ахвяраў палітычных рэпрэсій у Курапатах, у чацвер, 14 чэрвеня былі самымі масавымі за ўвесь час пікетавання рэстарану.

Па звестках праваабаронцаў, у гэты дзень пратаколы правапарушэнняў былі складзеныя сама меней на 11 чалавек. Большасць з іх – сябры Партыі БНФ, паколькі згодна распрацаванага абаронцамі Курапатаў графіку пікетавання 14 чэрвеня вахту перанялі актывісты гэтай партыі.

Па стане на 16 гадзін пратаколы правапарушэнняў па арт. 18.34 КаАП за знаходжанне на праезнай частцы былі складзеныя на семярых сябраў Партыі БНФ, якія пікетавалі рэстаран "Поедем поедим". Сярод якіх: Аляксей Сюдак, Валер Рабцаў, Алесь Лагвінец, Аляксей Янукевіч, Дзяніс Урбановіч, Юрась Чавусаў, Рыгор Кастусёў.

Напрыканцы дня пратаколы правапарушэнняў па арт. 18.34 КаАП былі складзеныя таксама на Наталлю Гарачку і Дзяніса Краўчука.

Каля 20-й гадзіны на выхадзе з Курапатаў затрымалі актывіста Дзяніса Урбановіча. Яго адвезлі ў Бараўлянскае аддзяленне міліцыі, дзе пратрымалі некалькі гадзін, пагражалі крымінальнай справай за графіці на плоце рэстарана "Кабак НКУС зачынены". На Урбановіча склалі 2 пратаколы: па арт. 17.1 (дробнае хуліганства) і 23.4 (непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы).

Ужо пасля вяртання з Курапат, каля дома, супрацоўнікі міліцыі затрымалі Алеся Таўстыку. Яго даставілі ў Бараўлянскае аддзяленне міліцыі, дзе склалі пратакол па ч.2 арт 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). 

Усяго па стане на раніцу 15 чэрвеня вядома пра 52 пратаколы правапарушэнняў, складзеныя на 25 актывістаў. Найбольшую ўвагі сілавікі звярталі на Паўла Севярынца (11 пратаколаў), Дзяніса Урбановіча (7 пратаколаў) і Наталлю Гарачка (6 пратаколаў).

Крыніца: Узмацняецца пераслед абаронцаў Курапатаў: 12 пратаколаў за дзень