Палата прадстаўнікоў прыняла ў другім чытанні закон «Аб масавых мерапрыемствах» у Рэспубліцы Беларусь, паведамляе Радыё Свабода.
Супраць галасавалі двое — дэпутаткі Алена Анісім і Ганна Канапацкая.
Разгляд законапраекту не заняў і дзесяці хвілін. Намеснік старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Валер Саўко выступіў перад дэпутатамі з характарыстыкай закону. Пытанняў яму не задавалі.
Калі параўноўваць канчатковы варыянт з варыянтам 1-га чытання, то прынцыповых зменаў у ім амаль няма. Адзіная істотная змена тычыцца прадстаўнікоў СМІ. У прыватнасці, калі раней было прапісана, што пры асвятленні масавых мерапрыемстваў журналіст павінен мець альбо надпіс «Прэса», альбо нейкую нарукаўную павязку, то ў новай рэдакцыі прапісана, што журналіст мусіць мець пры сабе ясна бачны знак адрознення. Што тычыцца іншых прапаноў, якія ўносілі праваабаронцы, то ў законапраекце яны не былі зафіксаваныя.
На пытанне карэспандэнта Свабоды, чаму, напрыклад, не дазволена асвятляць мерапрыемствы ня толькі штатным, а і пазаштатным супрацоўнікам СМІ, Валер Саўко адказаў, што справа ў тым, што «ня ўсе пазаштатныя карэспандэнты маюць пасведчанні, і мы стараліся зрабіць так, каб не ствараць арганізатарам мерапрыемстваў дадатковых складанасцяў».
Цяпер закон будзе перададзены на разгляд у Савет Рэспублікі, а адтуль на подпіс прэзыдэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку.
25 кастрычніка 2017 года міністар унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч, які прадстаўляў змены ў закон у першым чытаньні, назваў іх праявай небывалай да гэтага лібералізацыі. Ён адзначыў, што асноўная навацыя гэтага заканадаўчага акту — паведамляльны прынцып.
Цяпер чалавек альбо арганізацыя, якія жадаюць правесці нейкае масавае мерапрыемства, павінны не пазней як за 10 дзён паведаміць пра гэта ў адпаведныя органы. А яны ў сваю чаргу не пазней як за 5 дзён мусяць даць адказ, калі захочуць адмовіць. Але адмова прадугледжаная толькі ў двух выпадках:
- калі нехта іншы ўжо падаў заяўку на той жа час і тое ж месца,
- калі заяўка не адпавядае заканадаўству.
Паведамляльны прынцып дзейнічае толькі для тых месцаў, якія вызначаны ўладамі для правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Калі ж нехта пажадае праводзіць сваю акцыю ў іншым месцы, то ў такім выпадку паведамляльны прынцып ня дзейнічае, а вяртаецца дазвольны.
На чым акцэнтаваў увагу міністар?
- Заяву на правядзенне масавага мерапрыемства ня могуць падаваць асобы, у якіх ёсць нязнятыя або непагашаныя судзімасьці паводле некаторых артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
- Вызначаецца пералік прадметаў, якія катэгарычна забараняецца прыносіць на мерапрыемства, уключаючы, напрыклад, піва.
- Павышаецца адказнасць палітычных партый за правядзенне мерапрыемстваў.
- Журналісты, якія асвятляюць гэтае мерапрыемства, павінны мець пасведчанне, а замежныя журналісты — абавязкова быць акрэдытаванымі ў МЗС Рэспублікі Беларусь.
- Аплата паслуг за правядзенне мерапрыемства арганізатарамі будзе праводзіцца постфактум. То бок плату за мэдычнае абслугоўванне, прыборку тэрыторыі і г.д. арганізатары будуць уносіць пасля правядзеньня мерапрыемства, а не загадзя, як гэта робіцца цяпер.
- Арганізатарам мерапрыемстваў забараняецца перадаваць у СМІ, уключаючы інтэрнэт, інфармацыю пра месца і час правядзеньня акцыі загадзя.
Крыніца: Змены ў закон «Аб масавых мерапрыемствах» ухвалілі за 10 хвілін. Супраць былі Анісім і Канапацкая