Тэрміновы зварот Абсерваторыі па абароне праваабаронцаў па справе Лэйлы і Арыфа Юнус
Новая інфармацыя
AZE 002/0414 / OBS 031.14
Cудовы пераслед
Азербайджан / Нідэрланды
18 траўня 2017 г.
Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, партнёрская праграма Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT) і FIDH, атрымала новую інфармацыю і просіць вашага тэрміновага ўмяшання ў наступную сітуацыю ў Азербайджане.
Новая інфармацыя:
Абсерваторыя атрымала інфармацыю з вартых даверу крыніцаў аб рашэнні, вынесеным Апеляцыйным судом Баку (Азербайджан). Суд пастанавіў, што для ўдзелу ў новых слуханнях па іх справе дырэктар Інстытута міру і дэмакратыі (IPD) і сябра Генеральнай Асамблеі OMCT спн. Лэйла Юнус, а таксама яе муж, начальнік аддзела канфлікталогіі IPD сп. Арыф Юнус з Нідэрландаў павінны быць прымусова дастаўленыя ў суд Азербайджана.
Паводле атрыманай інфармацыі, 17 траўня 2017 года Апеляцыйны суд Баку адхіліў хадайніцтва адваката спн. Лэйлы Юнус і сп. Арыфа Юнуса аб дазволе ім ўдзельнічаць у слуханнях пры дапамозе відэаканферэнцыі. Суд таксама прыняў рашэнне прызначыць наступнае слуханне на 31 траўня і загадаў прымусовае вяртанне Юнусаў у краіну. Гэта можа прывесці да таго, што азербайджанскімі ўладамі будзе выдадзены міжнародны ордэр на іх арышт. Новыя слуханні па справе звязаныя са скаргай, накіраванай Юнусамі з мэтай дамагчыся поўнага апраўдання ў сувязі з іх асуджэннем па сфабрыкаваных абвінавачваннях у махлярстве і ўхіленні ад выплаты падаткаў у 2015 годзе.
Абсерваторыя нагадвае, што спн. Лэйла Юнус і сп. Арыф Юнус былі адвольна затрыманыя на працягу амаль паўтары гадоў. 13 жніўня 2015 года, пасля года ўтрымання пад вартай у папярэднім зняволенні, яны былі асуджаныя да 8,5 і 7 гадоў пазбаўлення волі адпаведна - у выніку суда, які груба праігнараваў міжнародныя стандарты справядлівага судовага разбіральніцтва і належныя прававыя працэдуры. 9 снежня 2015 года выкананне прысуду было адтэрмінаванае і замененае на ўмоўна-датэрміновае вызваленне тэрмінам на пяць гадоў. Пасля таго, як 11 лютага і 11 сакавіка 2016 года Бакінскі апеляцыйны суд адмовіў Юнусам у дазволе на часовы выезд з краіны для атрымання тэрміновай медыцынскай дапамогі, ім нарэшце дазволілі выехаць у Нідэрланды 19 красавіка 2016 года, дзе яны і знаходзяцца да цяперашняга часу.
Абсерваторыя выказвае глыбокае шкадаванне з нагоды рашэння Бакінскага апеляцыйнага суда ад 17 траўня, у выніку якога ўзнікла сур'ёзная небяспека фізічнай недатыкальнасці спн. Лэйлы Юнус і сп. Арыфа Юнуса, паколькі існуюць сур'ёзныя падставы меркаваць, што яны будуць паўторна адвольна арыштаваныя па прыбыцці ў Азербайджан.
Абсерваторыя нагадвае, што сп. Арыф Юнус хворы гіпертаніяй, а спн. Лэйла Юнус - гепатытам, дыябетам, панкрэатытам і жоўцева-каменнай хваробай, іх стан пагоршыўся пасля арышту і падчас утрымання пад вартай у Азербайджане. Абодва па-ранейшаму маюць патрэбу ў медыцынскай дапамозе.
Абсерваторыя заклікае ўлады Азербайджана неадкладна і безумоўна спыніць усе формы або спробы судовага пераследу супраць спн. Лэйлы Юнус і сп. Арыфа Юнуса і заклікае ўлады Нідэрландаў забяспечыць іх фізічную недатыкальнасць і асабістыя свабоды, адмовіўшыся ад любога супрацоўніцтва з судовай сістэмай, якая груба праігнаравала міжнародныя стандарты і пакарала мужа і жонку адвольнымі і працяглымі турэмнымі тэрмінамі па сфабрыкаваных абвінавачваннях з мэтай адпомсціць ім за законную праваабарончую дзейнасць.
Даведка па пераследзе Лэйлы і Арыфа Юнусаў
Крыніца: Cуд у Азербайджане вынес рашэнне аб прымусовым вяртанні Лэйлы і Арыф Юнус ў краіну