29 мая актывіст з Баранавічаў, прадпрымальнік Мікалай Чарнавус, прайшоўшы беларускія суды і не знайшоўшы ў іх справядлівасці, падаў скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН.
Рэалізуючы свае Канстытуцыйнае права на мірны сход, Мікалай Чарнавус 6 лютага 2017 году разам з іншымі грамадзянамі знаходзіўся каля будынку Інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах у Баранавічах. Ён прыйшоў туды, каб падаць яе начальніку спіс подпісаў жыхароў горада за адмену Дэкрэта №3, і для таго, каб сабраць дадатковыя подпісы.
Знаходзячыся каля будынку падатковай інспекцыі, ён гутарыў з грамадзянамі, якія выказвалі свае думкі адносна законнасці прынятага Дэкрэта, прапаноўваў ім пакідаць подпісы за яго адмену.
У хуткім часе ён даведаўся, што ў дачыненні да яго быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па ч.3 арт.23.34 КаАП РБ. А далей, 20 траўня 2017 года, Баранавіцкі раённы суд прызнаў Чарнавуса вінаватым у здзяйсненні гэтага правапарушэння і аштрафаваў яго на 30 базавых велічыняў (690 рублёў).
Лічачы пастанову незаконнай, Мікалай Чарнавус абскардзіў яе ў Брэсцкім абласным судзе. Аднак абласны суд не змяніў рашэнне раённага суда. Зараз Мікалай Чарнавус вырашыў звярнуцца ў міжнародны орган для абароны сваіх правоў.
Праваабаронца з Баранавічаў Сяргей Гоўша, які дапамагаў Чарнавусу з падачай скаргі ў КПЧ, адзначае, што пераслед за збор подпісаў груба парушае права грамадзян на мірныя сходы, замацаванае ў арт. 19 і 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
"У нашым канкрэтным выпадку правы абмежаваныя зусім па іншых абставінах, надуманых, у парушэнне як арт.21 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, так і артыкулаў Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах".
Праваабаронца перакананы, што Мікалай Чарнавус выйграе справа ў міжнароднай інстанцыі, аднак зусім не ўпэўнены ў тым, што беларускія ўлады будуць выконваць прынятае рашэнне КПЧ.
Крыніца: Актывіст Мікалай Чарнавус падаў скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН