24 траўня суддзя Гомельскага абласнога суду Мікалай Бакуноў не задаволіў скаргу сябра незалежнага прафсаюзу РЭП Віктара Казлова на пакаранне адміністрацыйным штрафам за гучную лаянку і непадпарадкаванне міліцыі. Пра гэта паведамляе "Гомельская Вясна".
Віктара Казлова затрымалі 25 сакавіка ў вёсцы Цярэшкавічы, калі ён выпраўляўся ў Гомель, каб удзельнічаць у «Маршы недармаедаў-2».
13 красавіка суддзя Гомельскага раёну пакарала актывіста штрафам у 69 рублёў за «гучную лаянку» і непадпарадкаванне міліцыі.
Падчас паседжання судзя абласнога суду Мікалай Бакуноў спытаў прафсаюзнага актывіста, чаму супраць яго сведчылі супрацоўнікі міліцыі.
«Яны зацікаўленыя былі ізаляваць мяне да акцыі пратэсту. Таму ў судзе я і назваў іх ілжэсведкамі», — сказаў Віктар Казлоў.
Пасьля невялікага перапынку судзьдзя Мікалай Бакуноў абвясціў рашэнне: адхіліць скаргу Казлова на пастанову суду Гомельскага раёну ад 13 красавіка.
«Лічу, што міліцыя й суды ў змове — яны пераследуюць актывістаў перад любымі масавымі пратэстамі, караюць з надуманых прычын. Калі трэба прэвэнтыўна ізаляваць, абвінавачваюць у нецэнзурнай лаянцы і размахванні рукамі, гэта значыць — у дробным хуліганстве. Калі трэба проста аштрафаваць — пішуць пра ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Усе ж разумеюць: калі адмяніць мне штраф, то я запатрабую з УУС і амапаўцаў спагнання маральнай шкоды», — кажа Віктар Казлоў.
Праваабаронца, рэгіянальны юрыст прафсаюзу РЭП Леанід Судаленка, які прысутнічаў на пасяджэнні, лічыць, што, нягледзячы на адмову скасаваць неабгрунтаваны штраф, трэба прайсці ўсе судовыя інстанцыі.
«Пасля ўжо ніхто ня скажа, што ня ведаў пра такую справу: аштрафавалі за гучную нецэнзурную лаянку чалавека, які гаворыць шэптам. Дойдзем з гэтай справай ня толькі да Вярхоўнага суду, але, калі спатрэбіцца, і да Камітэту ААН па правах чалавека. Упэўнены, мы атрымаем маральную перамогу, бо адміністрацыйная справа супраць Казлова груба сфальшаваная. Яго наўмысна затрымалі, каб не дапусціць да ўдзелу ў „Маршы недармаедаў-2“. Тыя, хто пасылаў апамаўцаў затрымліваць Віктара, пракалоліся, бо ня ведалі, што чалавек перанёс цяжкую аперацыю і страціў голас», — кажа праваабаронца Судаленка.
Крыніца: Скарга актывіста, пакаранага штрафам за гучную лаянку, адхілена