Алена Танкачова. Фота: euraradio.fm Старшыня праўленьня Цэнтру прававой трансфармацыі Lawtrend Алена Танкачова 25 траўня атрымала дазвол на часовае пражываньне ў Беларусі тэрмінам на адзін год, паведамляе Радыё Свабода. 

«Ад сёньняшняга дня на працягу году я магу пастаянна знаходзіцца ў Беларусі», — сказала яна БелаПАН.

Праваабаронца ўдакладніла, што, згодна з умовамі часовага пражываньня, калі яна знаходзіцца ў Беларусі, то ня можа больш чым на 5 дзён адлучацца зь месца рэгістрацыі. На выезды за мяжу гэтае правіла не распаўсюджваецца. Па словах Танкачовай, атрыманьне часовага дазволу на пражываньне зьяўляецца першым крокам на шляху атрыманьня беларускага грамадзянства.

Алену Танкачову пазбавілі віду на жыхарства ў 2014 годзе (яна — грамадзянка Расеі, жыве ў Беларусі 30 гадоў, з маленства) і дэпартавалі на 3 гады. Афіцыйная падстава — штрафы за перавышэньне хуткасьці. Праваабарончая супольнасьць лічыць высылку Алены Танкачовай помстай за яе прафэсійную дзейнасьць.

3 гады высылкі Алена правяла ў Вільні — «бліжэй да дому», як кажа сама. Яна разьлічвала, што беларускія ўлады перагледзяць сваё рашэньне і скароцяць тэрмін забароны на ўезд у краіну. Неаднаразова зьвярталася ў МУС Беларусі з адпаведнай просьбай, але кожны раз атрымлівала адмову.

Крыніца: Праваабаронца Алена Танкачова атрымала дазвол на пражыванне ў Беларусі