З моманту затрымання валанцёраў Праваабарончага цэнтру “Вясна”, незалежных назіральнікаў #ControlBy прайшло два месяца. То бок тэрмін прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці па складзеным пратаколам выйшаў. Што адбывалася за гэты час?

1. Назіральнікаў Насту Лойку, Ігара Багачыка, Таццяну Мастыкіну, Максіма Кавалёва, Андрэя Крэчку і Ганну Саханкову 25 сакавіка затрымалі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, нягледзячы на бэйджы назіральнікаў і сінія камізэлькі з надпісам "#СontrolBY", а таксама на ліст з інфармацыяй пра мэты і парадак назірання ад БХК, які быў адпраўлены у ГУУС Мінгарвыканкама яшчэ 20 сакавіка. Пасля 8-гадзіннага пратрымання ў РУУС Савецкага раёна Мінска іх адпусцілі, склаўшы пратаколы па арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў).

У дачыненні да Таццяны Мастыкінай быў складзены яшчэ і пратакол па арт. 23.4 КаАП (непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі) у сувязі з тым, што яна на законных падставах адмаўлялася ад правядзення ў дачыненні да яе працэдуры дактыласкапіі.

2. 26 сакавіка мусілі адбыцца суды, аднак справы ў суд Савецкага раёна проста не перадалі.

3. Назіральнікі накіравалі калектыўныя скаргі ў Пракуратуру Савецкага раёна г. Мінска і Упраўленне Следчага камітэта па г. Мінску па факце незаконнага затрымання 25 сакавіка перад назіраннем “Дня Волі” у Мінску і ўтрымання ў РУУС Савецкага раёна. У канцы красавіка назіральнікі атрымалі адказы на свае скаргі.

Так, Пракуратура перанакіравала зварот назіральнікаў старшыні суда Савецкага раёна, які ў сваю чаргу адмахнуўся, спаслаўшыся на тое, што да іх не паступалі матэрыялы аб адміністрацыйных правапарушэннях валанцёраў, і вярнуў калектыўны зварот пракурору Савецкага раёна г. Мінска для разгляду па сутнасці.

Следчы камітэт на скаргу аб незаконнасці дактыласкапічнай рэгістрацыі ў дачыненні да Ганны Саханковой і Таццяны Мастыкінай адказаў, што супрацоўнікі міліцыі дзейнічалі ў адпаведнасці з законам. Таксама ён указаў, што ў прадстаўленных заяве і дадатках да яе, куды ўваходзілі ліст ад РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” у ГУУС, фота затрымання, заява ад прэс-секратара вярхоўнага прадстаўніка ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Майя Качыянчыч, заява ад Абсерваторыі па абароне праваабаронцаў, партнёрскай праграмы FIDH і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў, заява ад Front Line Defenders і індывідуальныя апісанні падзеяў, не прадстаўленыя дастатковыя аб’ектыўныя дадзеныя, якія б указвалі на наяўнасць у дзеяннях службовых асобаў РУУС Савецкага раёна прыкметаў якога-небудзь злачынства, у тым ліку здзейсненнага ў звязку з іх службовай або прафесійнай дзейнасцю.

4. 8 траўня ў судзе Першамайскага раёна Мінска разглядалася адміністрацыйная справа Таццяны Мастыкінай па арт. 23.34  і 23.4 КаАП Рэспублікі Беларусь. Суддзя Юрый Гарбатоўскі адправіў справу на дапрацоўку начальніку Савецкага РУУС.

5. 15 траўня прыйшоў адказ з Пракуратуры Савецкага раёна на калектыўную скаргу, якую падавалі валанцёры “Вясны” на парушэнні заканадаўства ў ходзе вядзення адміністрацыйнага працэсу ў дачыненні да іх.

 Пракуратура адзначыла, што справы назіральнікаў усё ж такі прыходзілі ў суды, але 28 красавіка і 2 траўня яны былі вернутыя судом Савецкага і Ленінскага раёна г. Мінска ў РУУС адпаведных раёнаў.

Таксама пракуратура прыйшла да высновы, што дактыласкапічная рэгістрацыя ў дачыненні да Ганны Саханковой і Таццяны Мастыкінай праведзена ў адпаведнасці з патрабаваннямі Закона 2003 г. "Аб дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі", але так і не спаслалася на канкрэтныя нормы закона.

 У цэлым пракуратура не выявіла парушэнняў заканадаўства пры вядзенні адміністрацыйнага працэсу.

kazlyk-mini

Валанцёрка “Вясны”, незалежная назіральніца #ControlBy Наста Лойка каментуе гэтую сітуацыю:

“Зразумела, што мы не задаволеныя вынікамі праверак следчага камітэта і пракуратуры. Асабліва ўразіла пракуратура, якая спрабавала 4 разы перанакіраваць нашую скаргу, каб даць неправавую адпіску "без права на абскарджанне". На наступным тыдні мы паспрабуем азнаёміцца з усімі матэрыяламі праверак (што нам змогуць прадставіць) і падумаць, куды мы хочам абскардзіць гэтыя адказы. Проста так пакідаць гэтую сітуацыю ня варта. Нам важна, каб практыка затрымання незалежных назіральнікаў і назіральніц была цалкам спыненая”.

Крыніца: Прайшло два месяца з моманту затрымання незалежных назіральнікаў. Што маем? Дакумент