Сузаснавальніца праекта MAKEOUT.BY Віка Біран сфатаграфавалася з плакатам “Самі вы падробка” на фоне Дому Ураду, будынкаў МУС і КДБ.
Фотаздымкі дзяўчына апублікавала на сваёй старонцы ў фэйсбуку з подпісам:
МУС кажа: «ЛГБТ-супольнасць, і ўся гэтая барацьба за «свае правы», і сам дзень супольнасці - усяго толькі падробка!»
А я кажу: «Самі вы падробка! Ваша публічная гамафобія, вашыя мэты ўстойлівага развіцця, ваша сяброўства ў ААН, ваша выкананне правоў чалавека - гэта падробка».
Віка Біран распавяла, што адсочвала сітуацыю, пасля таго, як МУС размясціў гамафобны артыкул на сваім афіцыйным сайце. Напачатку яна проста пакрыўдзілася, а потым моцна раззлавалася. Яна вырашыла не чакаць і не прыцягваць іншых людей, а дзейнічаць.
“Я разлічваю, што мяне падтрымаюць тыя людзі, якія як і я лічуць недапушчальнымі такія выказванні з боку дзяржавы.
Чаго чакаць ад ўладаў, пакуль не ведаю. Для мяне дзіўна, што некаторыя расцэньваюць маю фотасэсію як адзіночны пікет, бо я прыйшла, сфатаграфавалася і сышла. Ніхто да мяне не падыходзіў за той кароткі час, што я там знаходзілася”, - кажа актывістка.
Дзяўчына не выключае, што яе могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці за такія дзеянні. Аднак, не лічыць, што зрабіла нешта забароненае.
“Калі нехта яшчэ захоча, як і я зладзіць нешта падобнае, калектыўна ці самастойна, я буду вельмі рада. Калі блізкія мне людзі выкажуць жаданне рэалізаваць якія-небудзь яшчэ ідэі, я верагодна далучуся, бо зараз злавіла хвалю “дзеяння”.
Я ўключылася, бо адчула несправядлівасць, бо размова ідзе непасрэдна пра мяне і маіх блізкіх”, - сказала Віка Біран.
Нагадаем, 20 траўня на афіцыйным сайце Міністэрства ўнутранных спраў з’явіўся артыкул гамафобнага зместу пад назвай “Мы за сапраўднае”, у якім МУС непрыязна выказвалася пра людзей ЛГБТК+ і вясёлкавы сцяг, які амбасада Велікабрытанія размясціла над сваім уваходам у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, трансфобіяй і біфобіяй – 17 траўня.
У адказ на артыкул, на наступны дзень неабыякавыя грамадзяне стварылі петыцыю “За сапраўдную міліцыю – для ўсіх”, у якой просяць Генеральную пракуратуру правесці праверку законнасці такіх выказванняў з боку МУС, прыбраць дадзены артыкул з афіцыйнага сайта дзяржоргана і надалей устрымацца ад каментароў падобнага кшталту.
Крыніца: ЛГБТ-актывістка: "Я ўключылася, бо адчула несправядлівасць"