Праваабарончая ўстанова Human Constanta у кааперацыі з агенцтвам рэгіянальнага развіцця "Дзедзіч" 26 траўня правядзе ў Брэсце «Фэст дружбы».
Пра што?
З 2016 года Human Constanta працуе ў Брэсце з людзьмі, якія пакінулі свае родныя мясціны ў пошуках бяспекі. Яны жывуць у Брэсце па некалькі месяцаў, спрабуючы перасекчы мяжу з Польшчай. Дарослыя праблемы, з якімі сутыкаюцца гэтыя сем'і кладуцца і на дзіцячыя плечы. Дзеці застаюцца без дзяцінства, сустракаючы на сваім шляху толькі цягнікі, няветлівых памежнікаў і негатыўнае стаўленне. Яны не проста пазбаўляюцца дзяцінства, а губляюць веру ў людзей, у сяброўства, ў дабро. Каб падтрымаць такіх дзяцей, а таксама пазнаёміцца бліжэй, даведацца пра культуру і традыцыі народаў Беларусі і Чачні, берасцейцаў запрашаюць на «Фэст дружбы».
Паралельна з фестывалем у Брэст прыедуць фатографы Аксана Юшко і Артур Бондар. Аксана шмат гадоў працавала ў Чачні і 24 мая ў прасторы КХ адкрыецца фотавыстава «Што нас аб'ядноўвае?» з яе фатаграфіямі. Таксама ў выставе прыме ўдзел беларускі фатограф Сяргей Лескец з серыяй здымкаў беларускіх вёсак.
"Мы падрыхтавалі актыўнасці для ўсіх! Для дарослых правядзем інтэрактыўны семінар аб роўнасці і недыскрымінацыі, а нашы юрысткі будуць кансультаваць вымушаных мігрантаў па пытаннях прытулку, прававых і гуманітарных пытаннях.
Нашыя творчыя памочнікі і памочніцы навучаць дзяцей і падлеткаў рабіць домікі-свяцільні ў вітражнай тэхніцы, ствараць папяровыя круцёлкі і букеты. На працягу дня можна будзе пагуляць у настольныя гульні, фрысбі і бадмінтон, размаляваць гіганцкую размалёўку і пускаць мыльныя бурбалкі! Таксама ў праграме музычная джэм-сесія і лёгкія закускі.
І самае цікавае - на працягу мая дзеці з Беларусі і Чачні будуць рыхтаваць спектакль пры дапамозе тэатра ценяў, а на фестывалі пакажуць яго публіцы!", - абяцаюць арганізатары фестывалю.
Дзе і калі?
26 траўня, пачатак «Фэста дружбы» ў 12:00.
Адрас: г. Брэст, вул.Маякоўскага, 46.
Мерапрыемства "Фэст дружбы» ў Facebook і ў Vkontakte.
Акрамя таго, арганізатары шукаюць валанцёраў і валанцёрак на «Фэст дружбы»!
"У нас дастаткова розныя задачы: тэхнічныя, анімацыя з дзецьмі і дарослымі, дапамога на спартыўнай частцы і г.д.
Калі ты гатовы / а далучыцца да нас і зрабіць гэтае свята дружбы больш яркім - запаўняй анкетку і далучайся да каманды Human Constanta 26 мая з 11 да 21 гадзіны ", - паведамляюць арганізатары.
Знаёмства і інструктаж пройдуць 25 мая з 19.00.
Крыніца: «Фэст Дружбы» пройдзе ў Брэсце