Вячаслава Сідарэнку камісія па справах непаўнагадовых прызнала вінаватым у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння па арт. 23.34 КаАП – парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства, якое адбылося 1 траўня ў Кіеўскім скверы - і вынесла папярэджанне.
На паседжанні, якое адбылося 17 траўня, Вячаслаў Сідарэнка прызнаў сябе вінаватым у тым, што на мірнай акцыі скрыў твар маскай. Пра правілы правядзення мерапрыемства яго азнаёмілі супрацоўнікі міліцыі ўжо ў аддзяленні.
Акрамя гэтага з пастановы камісіі вынікае, што "вінаватасць хлопца ў здзяйсненні правапарушэння сумневаў не выклікае, не аспрэчваецца іншымі ўдзельнікамі адміністрацыйнага працэсу, поўнасцю падцвяржаецца сукупнасцю даследаваных доказаў". Прызнальныя паказанні, паводле пастановы камісіі, не з’яўляюцца вымушанымі і не аспрэчваюцца бакамі.
Пры вынясенні спагнання камісія ўлічыла характар здзейсненнага правапарушэння, а таксама дадзеныя, якія характарызуюць асобу правапарушальніка, яго маёмаснае становішча.
Паседжанне камісіі цягнулася 15 хвілін.
Нагадаем, 1 траўня ў Кіеўскім скверы праходзіў дазволены ўладамі мітынг. Тры актывісты – Вячаслаў Касінераў, Аляксей Зуеў і Вячаслаў Сідарэнка – падчас яго разгарнулі транспарант “Свабода, роўнасць, раўнапраўе, самакіраванне”. Двое з актывістаў былі ў масках, за што былі папярэджаныя начальнікам мінскага АМАПу Дзмітрыем Балабай, а затым і арганізатарамі мітынгу.
Падчас сыходу з мерапрыемства хлопцы былі затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным і дастаўленыя ў РУУС Цэнтральнага раёна.
На наступны дзень над Аляксеем Зуевым і Вячаславам Касінеравым адбыліся суды. Першаму хлопцу суд прызначыў пакаранне ў выглядзе штрафу ў 10 базавых велічынь за ўдзел у масавым мерапрыемстве са схаватым пад маскай тварам. Другога - адправілі на 10 сутак арышту за нібыта арганізаваны “адзіночны пікет”.
Справу Вячаслава Сідарэнкі тады накіравалі на разгляд у камісію па спаравах непаўнагадовых, бо на момант удзелу ў акцыі хлопцу не споўнілася 18 год.
Крыніца: За cхаваны пад маскай твар на Першамаі непаўнагадоваму вынеслі папярэджанне