23 траўня ў судзе Першамайскага раёна адбылося паседжанне па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да Галіны Лагацкай. Яе абвінавацілі ў прыняцці ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве - пікет за вызваленне палітвязняў, які адбыўся 26 красавіка каля Акадэміі навук.
Па выніку суддзя прызнаў Галіну Лагацкую вінаватай у здзяйсненні правапарушэння і прызначыў ёй пакаранне - штраф у 25 базавых велічынь.
Таксама стала вядома, што 22 траўня адбылося судовае паседжанне па аналагічнай справе ў дачыненні да Наталлі Гарачка-Басалыга, аднак, жанчыне пра разгляд ніхто не паведамляў. Толькі сёння яна даведалася, што ў адносінах да ее вынесена рашэнне аб прыцягненні яе да адказнасці ў выглядзе штрафу ў 50 базавых велічынь.
Нагадаем, 26 красавіка некалькі чалавек стаялі каля Акадэміі навук, насупраць кінатэатра "Кастрычнік" з партрэтамі беларускіх палітвязняў і гучна скандавалі: «Свабоду!» ды «Жыве Беларусь!». Міліцыянты іх не чапалі, але на ўсіх склалі пратаколы.
Пазней суд Першамайскага раёна прысудзіў штрафы актывістам Леаніду Кулакову і Маі Навумавай на 40 і 35 базавых велічынь, а Максіму Вінярскаму і Вользе Нікалайчык - адміністрацыйныя арышты тэрмінам на 7 сутак кожнаму.
Крыніца: Адбыліся суды над астатнімі ўдзельнікамі акцыі за свабоду палітвязняў