У Магілёве 21 траўня затрымалі журналістку-фрылансерку Аліну Скрабунову. Яна расказала БелаПАН, як адбывалася затрыманне, больш падобнае да выкрадання.
Паводле Аліны Скрабуновай, ніякіх позваў ёй не прыходзіла, але 19 траўня патэлефанавалі нібыта з Ленінскага РАУС Магілёва і расказалі, што на яе складзены пратакол. Скрабунова адказала, што ў гэты час была ў Тураве (350 км ад Магілёва), таму паабяцала прыйсьці ў міліцыю ў аўторак.
Але каля першай гадзіны дня ў панядзелак яе схапілі ў пад’ездзе яе дома:
«Я заходжу ў пад’езд, і мяне хапае за руку чалавек у цывільным і кажа: „Скарбунова Аліна, ты папалася“», — расказвае журналістка.
У гэты час па лесвіцы ў пад’ездзе спусціўся другі «чалавек у цывільным», якога яна пазнала: паўгода таму ён затрымліваў яе са словамі «Які ваш від дзейнасці?». Яна падазрае, што гэта не міліцыянт, а чалавек «з іншай структуры».
«Яны мяне пацягнулі ў машыну, хоць я казала, што сама дайду, — працягвае Скрабунова. — Машына была не міліцэйская, а ўласная, аднаго з іх. Як аказалася, гэта Руслан Марозаў, участковы інспэктар. Яшчэ на мяне нападалі ў машыне, спрабавалі адабраць тэлефон».
У РАУС, сцвярджае журналістка, яе не азнаёмілі з правамі і не далі магчымасць напісаць скаргу на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі. Урэшце ёй выдалі позву на 23 траўня і вызвалілі. Дзеянні Аліны Скрабуновай кваліфікуюць, як «незаконны выраб прадукцыі СМІ» (ч.2 арт. 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь), вінавацяць у працы на «Белсат». Позву таксама атрымаў відэаапэратар Яўген Глушакоў.
Беларусы часта наракаюць на тое, што «людзі ў цывільным» не прадстаўляюцца супрацоўнікамі міліцыі, ня маюць ніякіх прыкметаў праваахоўнікаў, літаральна выкрадаюць грамадзянаў у машыны без спэцыяльных пазнак (часта ў мікрааўтобусы без нумароў, вядомыя ў народзе як «сінія бусікі»).
«Мы наводзім парадак усімі даступнымі законнымі мэтадамі, а апэратыўную працу ніхто не адмяняў, цывільную вопратку як элемэнт маскіроўкі таксама ніхто не адмяняў, — камэнтаваў скаргі на паводзіны «людзей у цывільным» міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч. — Таму будзем працаваць, як і раней».
Крыніца: У Магілёве міліцыянты гвалтоўна затрымалі журналістку