У пятніцу 18 сакавіка а 6 гадзіны раніцы ў кватэру, дзе пражывае 17-гадовы хлопец Іван Камар, прыйшлі 4 супрацоўнікі міліцыі (з ГУБАЗ), двое з якіх былі ў цывільным. Яны паведамілі, што будзе праведзены ці то ператрус, ці то агляд нібы за распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў у сетцы інтэрнэт. Таксама з іх словаў, супраць хлопца заведзена адміністрацыйная справа, але непасрэдных прычын і падрабязнасцяў справы ніхто не называў.

Непаўнагадовы Іван Камар распавядае:

“Пасля таго, як я ўзяў у рукі тэлефон, супрацоўнік міліцыі адвёў мяне ў бок і пачаў пагражаць, калі я не прыбяру тэлефон, то са мной будуць размаўляць ужо па-іншаму. Таксама ён абражаў мяне мацюкамі. Бацькі не чулі гэтага, бо міліцыянт размаўляў са мной шэптам”.

Пры гэтым супрацоўнік міліцыі не патлумачыў, якім чынам ім замінае мой тэлефон. Адразу пры панятых-суседзях міліцыянты папрасілі Івана самому адчыняць розныя рэчы. Але пазней яны ўжо самі пачалі гэта рабіць, што ўжо больш паходзіла на ператрус.

У выніку супрацоўнік міліцыі канфіскавалі ў Івана тэлефон, флэшку, цвёрдыя дыскі. Апроч гэтага таксама забралі 2 кнігі серыі “Беларуская турэмная літаратура”, распрацаваная ПЦ “Вясна”.

“Я спытаў у міліцыянтаў, што ў кнігах такога, што яны забіраюць іх. Яны ў адказ паказалі на Ігара Аліневіча і сказалі, што ён экстрэміст, і за гэта адбываў срок, а ў мяне яго кніга. Таму яны яе таксама забіраюць”, - распавядае Іван.

Міліцыянты таксама забралі тры світшоты вядомага брэнда Le Rеvoltе, футболку “Рэвалюцыя свядомасці” symbal.by, байку «Вызваленне жывёл» на веганскую тэматыку. Растлумачылі гэта тым, што “такія рэчы ў сэканд хэндах не прадаюць”. Адзін з міліцыянтаў таксама казаў, што яны будуць спрабаваць прыцягнуць мяне да адказнасці за продаж такіх рэчаў.

Паралельна адводзілі бацькоў Івана ў бок і паказвалі відэа розных анархічных акцый, пры гэтым безпадстаўна сцвярджаючы, што “іх сын таксама ў такіх удзельнічае”.

Напрыканцы міліцыянты далі падпісаць бацькам Івана нейкія паперы, але на просьбу пакінуць копію адказалі адмовай. Адзінае, што яны пакінулі – нейкі нумар тэлефона, куды сказалі тэлефанаваць, каб дазнацца, калі вернуць канфіскаваныя рэчы.

Крыніца: Ператрус у кватэры непаўнагадовага хлопца