Мінск, 18.05.2018 г. Саветам міністраў унесены ў парламент Праект закона Рэспублікі Беларусь “Аб змяненні некаторых кодэксаў Рэспублікі Беларусь”.

Сярод іншага, гэтым законапраектам прадугледжваецца выключэнне з Крымінальнага кодэкса артыкула 1931 "Незаконная арганізацыя дзейнасці грамадскага аб’яднання,  рэлігійнай арганізацыі ці фонда альбо ўдзел у іх дзейнасці" і ўвядзенне ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях новага артыкула 23.88 з аналагічным зместам. Такім чынам адбываецца дэкрыміналізацыя дзейнасці ў складзе незарэгістраваных арганізацыяў і замена крымінальнай адказнасці на адміністрацыйную ў выглядзе штрафа памерам да 50 базавых велічыняў. Паўнамоцтвы разглядаць справы аб адміністрацыйных правапарушэннях па артыкуле 23.88 прапануецца надаць органам юстыцыі і органам унутраных спраў, што азначае пазасудовы парадак накладання штрафаў.

Артыкул 1931 Крымінальнага кодэкса ад моманту з'яўлення быў прадметам крытыкі з боку беларускіх арганізацыяў грамадзянскай супольнасці, правабаронцаў і міжнародных арганізацыяў як неадпавядаючы стандартам правоў чалавека і замацаванай у Канстытуцыі свабодзе аб'яднанняў. Рэкамендацыі пра скасаванне артыкула 1931 былі адрасаваныя Беларусі падчас першага (2010 г.) і другога (2015 г.) раўндаў Універсальнага перыядычнага агляду ў Савеце ААН па правах чалавека, неаднаразова даваліся ў межах дагаварных органаў ААН. Еўрапейская камісія за дэмакратыю праз права Савета Еўропы (Венецыянская камісія) ў 2011 годзе ў сваім адмысловым заключэнні канстатавала неадпаведнасць артыкула 1931 усеагульным стандартам правоў чалавека.

З улікам выкладзенага мы разглядаем захады па скасаванні артыкула 1931 Крымінальнага кодэкса як важны і неабходны крок у накірунку паляпшэння становішча са свабодай асацыяцыяў у Беларусі.

Разам з гэтым мы канстатуем, што намер замяніць крымінальную адказнасць за дзейнасць у складзе незарэгістраваных арганізацыяў на адміністрацыйную сведчыць пра адсутнасць палітычнай волі да забеспячэння свабоды асацыяцыяў у нашай краіне.

Для сапраўднага вырашэння праблемы неабгрунтаванага абмежавання ўмоваў для стварэння арганізацый грамадзянскай супольнасці неабходнымі крокамі з'яўляюцца:

- Выключэнне з заканадаўства нормаў пра забарону дзейнасці незарэгістраваных арганізацыяў (частка 2 артыкула 7 закона "Аб палітычных партыях" і частка 2 артыкула 7 закона "Аб грамадскіх аб'яднаннях"), што дасць грамадзянам магчымасць для вольнай рэалізацыі сваяго права на свабоду аб'яднанняў.

- Прывядзенне працэдуры рэгістрацыі грамадскіх аб'яднанняў, рэлігійных арганізацыяў і фондаў у адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі, якая б забяспечвала ўсім жадаючым магчымасць зарэгістраваць некамерцыйную арганізацыю ва ўмовах адсутнасці дыскрымінацыі і неабгрунтаваных ці палітычна матываваных перашкодаў.

Мы заклікаем парламент пры разглядзе адзначанага законапраекта:

  1. Выключыць з Крымінальнага кодэкса артыкул 1931
  2. Прагаласаваць супраць увядзення адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе дапаўнення КаАП артыкулам 23.88
  3. Распачаць публічнае абмеркаванне з усімі зацікаўленымі суб'ектамі далейшых зменаў заканадаўства, якое рэгулюе стварэнне і дзейнасць арганізацый грамадзянскай супольнасці.

Асветніцкая ўстанова "Центр прававой трансфармацыі”

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі

Публічная ўстанова "Беларускі дакументацыйны цэнтр"

Праваабарончы цэнтр "Вясна"

Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Прававая ініцыятыва"

Рэспубліканскае праваабарончае грамадскае аб'яднанне "Беларускі Хельсінкскі Камітэт»

Беларускі дом правоў чалавека імя Б.Звозкава

Крыніца: Праваабаронцы: "Скасаванне артыкула 193-1 — недастатковы крок"