25 сакавіка на плошчы Якуба Коласа ў Мінску былі безпадстаўна затрыманы супрацоўнікамі АМАПа дзесяткі людзей. Але дагэтуль застаецца невызначаным, які характар мелі тыя затрыманні, бо да сённяшняга дня ні аднаго затрыманага суд не прызнаў вінаватым у парушэнні якіх-небудзь заканадаўчых актаў Беларусі. На некаторых былі складзены пратаколы адміністрацыйнага правапарушэння па арт. 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў), а многіх адпусцілі без складання пратаколаў. Па складзеным пратаколам ужо скончваецца ўсталяваны заканадаўствам 2-месячны тэрмін, у межах якога адміністрацыйныя справы павінны быць перададзены ў суд да разгляду.
“Яснасць” у гэтую сітуацыю ўнёс начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі Мінгарвыканкама А. Купчэня, які адказаў 9 траўня на скаргу аднаму з затрыманых на плошчы Якуба Коласа.
Андрэя Пракаповіча, які з’яўляўся выпадковым мінаком, абурылі ў гэтай сітуацыі наступныя моманты.
Па-першае, супрацоўнікі органаў унутраных спраў пры затрыманні не прадстаўляліся, не паказвалі службовых пасведчанняў і не тлумачылі прычын затрымання. У Першамайскі РАУС г. Мінска з плошчы Якуба Коласа Андрэя Пракаповіча адвезлі на аўтазаку, дзе яго пратрымалі чатыры гадзіны ў спартовай залі. Пры гэтым ніякіх працэсуальных дзеянняў у дачыненні да яго не праводзілася. Пасля чатырохгадзіннага затрымання без якога-небудзь працэсуальнага афармлення Андрэя адпусцілі.
Па-другое, супрацоўнікі міліцыі не далі паведаміць Андрэю сваякам пра яго месцазнаходжанне. Гэта з'явілася падставай для стрэсу ў яго блізкіх і родных, бо яны не ведалі, дзе ён знаходзіцца і што з ім будзе далей. Улічваючы той факт, што на месцы затрымання на Якуба Коласа засталася яго жонка.
Андрэй Пракаповіч падаў скаргу на гэтыя дзеянні супрацоўнікаў АМАПа ў пракуратуру Першамайскага раёна г. Мінска, але яна перанакіравала яе ў ГУУС Мінгарвыканкама.
У адказе Андрэю Пракаповічу патлумачылі, што 25 сакавіка было ні што іншае, як прапанова прайсці ў Першамайскае РУУС для правядзення прафілактычнай гутаркі.
То бок кіраўніцтва УУС кваліфікавала дзеянні сваіх падначаленых на плошчы Якуба Коласа 25 сакавіка ні як масавыя затрыманні, а як запрашэнні грамадзян на прафілактычную гутарку.
Але на відэа затрымання Андрэя Пракаповіча бачна, што супрацоўнікі АМАПа менавіта затрымвалі яго. Думаецца, што наўрад ён мог адмовіцца ад такой прапановы, калі яго вялі ў аўтазак.
Праваабаронцы лічаць, што відэа з’яўляецца выключным пацвярджэннем адміністрацыйнага затрымання, прыкметамі якога з'яўляюцца:
- фактычнае кароткачасовае абмежаванне свабоды;
- дастаўленне ў месца, якое вызначае орган, які вядзе адміністрацыйны працэс;
- утрыманне ў гэтым месцы.
У адпаведнасці з артыкулам 25 Закона "Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў" прафілактычная гутарка з грамадзянінам праводзіцца ў адпаведнасці з працэдурай і адпаведнымі патрабаваннямі. Так, падставай для правядзення прафілактычнай гутаркі могуць быць супрацьпраўныя паводзіны асобы, якую выклікаюць для такой гутаркі. На самую прафілактычную гутарку асобу выклікаюць афіцыйным дакумантам - позвай. Згодна з патрабаваннямі закона прафілактычная гутарка праводзіцца, як правіла, не больш гадзіны. Па выніках прафілактычнай гутаркі складаецца пратакол, які падпісваецца асобай, якую выклікалі на прафілактычную гутарку.
У адпаведнасці з патрабаваннямі артыкула, які рэгулюе парадак правядзення прафілактычнай гутаркі, грамадзянін выклікаецца для яе правядзення ў памяшканне адпаведнага суб'екта прафілактыкі правапарушэнняў. Але наўрад спартовая заля, у якой пратрымалі Андрэя 4 гадзіны, падыходзіць для прафілактычнай гутаркі.
Такім чынам, згаданыя вышэй факты сведчаць аб тым, што на плошчы Якуба Коласа 25 сакавіка адбываліся менавіта адміністрацыйныя затрыманні без законных на тое падставаў.
Крыніца: Замест позвы на прафілактычную размову — аўтазак Дакумент