Ва ўдзельніка адзіночнага пікету, які прайшоў у Оршы каля помніка Леніну 14 траўня, на другі дзень супрацоўнікі міліцыі правялі ператрус.
Як паведамляе партал orsha.eu удзельнікам адзіночнага пікету, што прайшоў у цэнтры горада 14 мая апынуўся малады 28-гадовы Раман. Пры сустрэчы ён патлумачыў свае дзеянні, як "акцыю адчаю". Паводле яго слоў, у свой час ён быў вымушаны звольніцца з працы, таму што давялося даглядаць хворую бабулю. Спрабаваў пачаць сваю справу, нават, закупіў дарагую апаратуру, але па аб'ектыўных прычынах справа не ўдалося. Цяпер яму даводзіцца прадаваць тое абсталяванне, каб, хоць бы, аплаціць камуналку. Пры гэтым, словы з тэлеэкранаў пра поспехі ў эканоміцы яго проста абуралі. Вось і выйшаў хлопец з плакатам "Па 500 тут няма", каб паказаць сапраўдную сітуацыю. Пры гэтым у выканкам па электроннай пошце ён адправіў "папярэджанне", што выйдзе ў гэты дзень і час. З гэтым самым раздрукаваным лістом да яго і падышлі міліцыянты, калі той з плакатам чытаў кнігу каля помніка Леніна.
Суд пастанавіў пакараць Рамана К. штрафам у памеры 20 базавых велічынь - 490 рублёў.
Але і на гэтым справа не скончылася. Як распавёў Раман, на наступны дзень 15 мая каля 18 гадзін да яго дадому прыйшлі міліцыянты і прад'явілі пастанову на ператрус у сувязі з распачатай справай аб абразе нейкага чыноўніка - якога чыноўніка той мог абразіць - яму не сказалі. У выніку ператрусу ў Рамана забралі кампутар, прынтэр, здымны дыск і флэшку.