Гомельскі абласны суд (старшыня Васіль Белаусаў) адмовіў 30 жыхарам вёскі Якімава Слабада ў задавальненні іх скаргі да заводу беленай цэлюлозы і пакінуў рашэнне Светлагорскага раённага суду без зменаў.
Як паведамляе "Гомельская Вясна", жыхары вёскі звярталіся ў раённы суд з калектыўным зыскам супраць заводу беленай цэлюлозы, які, на іх думку, сваімі шкоднымі выкідамі прычыняе шкоду іх здароўю і маёмасці. Яны мелі намер праз суд спагнаць з ЦКК (цэлюлозна – кардонны камбінат, куды ўваходзіць і завод беленай цэлюлозы ЗБЦ) маральную і матэрыяльную шкоду за страту здароўя і маёмасці. 12 сакавіка бягучага году Светлагорскі раённы суд адмовіўся разглядаць справы бо, на думку суддзі, пазоўнікі мусілі аплаціць дзяржпошліну за зварот у суд і ўдакладніць якая шкода і ў якім аб’ёме была нанесена іх здароўю і маёмасці.
Узяць каментары з нагоды адмовы абласнага суду адмяніць рашэнне Светлагорскага раённага суду не было магчымасці, бо ніхто з 30 пазоўнікаў у суд не прыйшоў.
Нагадаем, у лістападзе мінулага году пачаліся пусканаладачныя працы на заводзе беленай цэлюлозы, з гэтага часу жыхары Светлагорскага раёну (асабліва вёскі Якімава Слабада, якая знаходзіцца побач з заводам) сталі адчуваць наступства выкідаў хімічных рэчываў. Людзі скардзіліся на ванітаванне, пяршэнне ў горле, алергіі, кашэль, крывяцячэнне з носу. Адбыліся некалькі стыхійных сходаў жыхароў Якімавай Слабады, былі навіраваны дзясяткі скаргаў і зваротаў у розныя інстанцыі, але сітуацыя з адкідамі так і не палепшылася.
Крыніца: Гомель: абласны суд адмовіў жыхарам Якімавай Слабады