Валтузня вакол публічнага падняцця 9 траўня гістарычнага бел-чырвона-белага сцяга сябрам прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці, былым афганцам Аляксандрам Сахаруком працягваецца.
Як паведамляе Беларускае Радыё Рацыя, ён быў паўторна выкліканы супрацоўнікам міліцыі Ленінскага РАУС Берасця Андрэем Дземянчуком нібыта для вяртання сцяга. А насамрэч для складання пратакола-апытання па гэтай справе, па якой Сахарук быў 9 траўня затрыманы і пасля складання пратакола змешчаны на паўтара сутак у ізалятар часовага ўтрымання.
„Пасля вызвалення з ізалятара пачаліся незразумелыя маніпуляцыі вакол мяне,” – кажа Аляксандр Сахарук: – На мяне быў складзены пратакал аб адміністатыўным правапарушэнні – арганізацыі і правядзенні недазволенага мерапрыемства. Калі я падпісаў пратакол, я папрасіў копію пратакола. Мне ў гэтым адмовілі. Папрасіў сфатаграфаваць на тэлефон дадзеныя пратакола. Мне адмовілі. Я папрасіў, каб маёй сям’і паведамілі, дзе я знаходжуся. Мне паабяцалі, што гэта будзе зроблена. Але гэта не было зроблена.
Як і пасля вызвалення, не была выдадзена даведка для прадстаўлення на работу. Прыйшлося пісаць скаргу. Але ў даведцы не было напісана, на якіх падставах Сахарук быў вызвалены. „Цяпер, аказваецца, справа пачынаецца спачатку,” – гаворыць Аляксандр Сахарук.
Крыніца: Берасце: За ўзняты нацыянальны сцяг Сахарук зноў апынуўся ў міліцыі