Сяргей Пятрухін у судзе. Фота: Уладзімір Вялічкін. У Берасці ў блогера Сяргея Пятрухіна супрацоўнікі міліцыі канфіскавалі ўсю аргтэхніку: ноўтбук, планшэт і смартфон.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, аргтэхніка была канфіскаваная 12 мая падчас агляду кватэры Пятрухіна.

Паводле звестак праваабаронцы, супрацоўнікі міліцыі праводзілі агляд у межах праверкі заявы пра тое, што Пятрухін распаўсюдзіў у інтэрнэце паклёпніцкія звесткі ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі. Правядзенне агляду санкцыянаванае пракурорам Берасця.

У кватэру берасцейскага блогера Сяргея Пятрухіна прыйшлі сілавікі з ператрусам. За працэдурай вобшуку можна было назіраць у прамым эфіры на ягоным канале Youtube “Народны рэпарцёр”. Сяргей Пятрухін распавёў у некалькіх словах пра прычыны ператрусу:

 – Прыязджайце да мяне, тут АМАП і весялуха. А прыйшлі яны да мяне з той нагоды, што два міліцыянты збілі чалавека і падалі на мяне, што я ўзвёў паклёп на іх.

Сяргей Пятрухін звязвае папярэднія судовыя пераследы, а таксама цяперашні ператрус са сваёй пазіцыяй датычна будаўніцтва акумулятарнага завода кампаніяй IPOWER пад Берасцем, а таксама антыкарупцыйнымі рэпартажамі, якія ён змяшчае на сваім канале.

Крыніца: Ператрус у кватэры берасцейскага блогера