Палітыка і былога палітвязня Паўла Севярынца ў хуткім часе будуць судзіць быццам бы за заклік да “Астравецкага шляху”.
“Судзіць за звычайную абвестку – гэта поўны абсурд”, – распавёў Павел сайту palitviazni.info.
Паўла Севярынца вінавацяць у тым, што ён, “выступаючы 26 красавіка 2018 года на “Чарнобыльскім шляху”, заклікаў да правядзеньня акцый 26 дня кожнага месяца ў гарадах Заслаўе, Радашковічы, Маладзечна, Вілейка, Смаргонь, Ашмяны, Астравец”.
“Усё гэта – абсурд і беззаконне, – кажа Павел. – Калі прыйшла павестка, я патэлефанаваў у райаддзел міліцыі, і там мне спачатку наогул не хацелі казаць, у чым мяне вінавацяць. Сказалі: “Прыходзьце на размову”. А затым высвятлілася, што хочуць судзіць за “заклік”. Падчас “Чарнобыльскага шляху” я і на самай справе казаў, што мы будзем падаваць ва ўстаноўленым законам парадку заяўкі на правядзенне акцый “Астравецкі шлях”, але якая ў гэтым крамола? Праўда, міліцыю такія аргументы абсалютна не цікавяць. Для іх вызначальнае слова – “заклік”.
Павел Севярынец мяркуе, што суд адбудзецца да 26 мая, бо на гэты дзень запланавана правядзенне мерапрыемства ў Заслаўі.
“Не ведаюць, што “выпішуць” – штраф альбо “суткі”, – дадае палітык. – Але, калі адправяць за краты за звычайную абвестку, то тут застанецца толькі развесці рукамі. Улады ў сваіх рашэннях даходзяць да абсурда”.
Крыніца: Паўла Севярынца будуць судзіць за “заклік да правядзення акцый”