Ілюстрацыйны здымак Петыцыя Людмілы Кучура з патрабаваннем перадаць паўнамоцтвы Департамента выканання пакаранняў МУС Міністэрству юстыцыі Рэспублікі Беларусь і накіраваная першапачаткова ў Савет міністраў, была пераслана спачатку ў Міністэрства ўнутранных спраў, а потым і зусім у сам Дэпартамент.

Нагадаем, у сваёй петыцыі Людміла Кучура ўказвала на факты парушэння правоў асуджаных у месцах пазбаўлення волі: катаванні, жорсткае абыходжанне, неаказанне ці неякаснае аказанне медыцынскай дапамогі, прымяненне адміністрацыяй калоніі да няўгодных асуджаных надуманых спагнанняў, адсутнасць страхавання жыцця асуджаных, перадузятае прымяненне ўмоўна-датэрміновага вызвалення і замены на больш мяккае пакаранне да асуджаных, рабскую працу. Прыводзіла прыклады парушэння правоў асобных асуджаных (гісторыі Пятра КучурыВалянціна Пішчалава, Алега Багданава, Міхаіла Целявякі і іншых).

"Усе вышэйназваныя прыклады кажуць пра тое, што пенітэнцыярная сістэма пад узначальваннем МУС дыскрэдытуе саму сутнасць выпраўлення асуджанага. Больш за тое, яна накіравана на дэградацыю тых, хто па абавязку службы павінен ставіць на шлях выпраўлення тых, хто спатыкнуўся ў жыцці.

Перадача пенітэнцыярнай сістэмы Міністэрству юстыцыі, на наш погляд, можа змяніць сітуацыю: кіраваць папраўчымі ўстановамі стануць грамадзянскія людзі, якія не знаходзяцца ў падпарадкаванні сістэмы МУС, прызначанай для выкрывання і злову злачынцаў, а не для іх выпраўлення", - пісала ў петыцыі Людміла Кучура.

Колькасць падпісантаў петыцыі скалала больш за 200 чалавек.

І вось 2 траўня Людміла Кучура атрымала адказ на свой зварот з Дэпартамента выканання пакаранняў, у якім указана, што па факце атручвання яе мужа Пятра Кучуры хлоркай у ШІЗА ў 2013 годзе неаднаразова праводзіліся праверкі, указаная жанчынай інфармацыя не пацвердзілася. Акрамя таго, намеснік начальніка ДВП Уладзіслаў Мандрык напісаў, што арганізацыя аказання медыцынскай дапамогі ажыццяўляецца на падставе мінімальных сацыяльных стандартаў у вобласці аховы здароўя, а пры адсутнасці магчымасці аказання неадкладнай і планавай медыцынскай дапамогі ва ўстановах крымінальна-выканаўчай сістэмы неабходныя лячэбна-дыягнастычныя мерапрыемствы праводзяцца адпаведнымі арганізацыямі аховы здароўя.

Медыцынская дапамога, у тым ліку забеспячэнне медыкаментамі па медычным прызначэннях, аказваецца асуджаным бясплатна.

Надалей Уладзіслаў Мандрык спасылаецца на арт. 4 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзянаў і юрыдыных асобаў”, у якім адзначаецца, што грамадзяне рэалізуюць права на зварот асабіста або праз сваіх прадстаўнікоў, а дакументы на прадстаўленне інтарэсаў кола асобаў, пра якіх жанчына пісала ў звароце, Людмілай Кучура не прадастаўленыя.

Што тычыцца аплаты працы зняволеных, то ДВП свярждае: пры няпоўным працоўным дні або няпоўным працоўным тыдні праца аплочваецца прапарцыйна адпрацаванаму часу альбо ў залежнасці ад выкананых нормаў выпрацоўкі.

А пытанні прадстаўлення да замены неадбытай часткі пакарання больш мяккiм пакараннем і ўмоўна-датэрміновага вызвалення ад пакарання аднесены да кампетэнцыі адміністрацыі папраўчых устаноў, у якіх асуджаныя адбываюць пакаранне, і могуць быць ужытыя ў дачыненні да таго асуджанага, які адбыў устаноўленую законам частку тэрміну пакарання і дасягнуў неабходнай ступені выпраўлення, - адпаведна, цвёрда стаў на шлях выпраўлення альбо даказаў сваё выпраўленне.

“Паведамляю, што пытанні перадачы Дэпартамента з Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь у Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь не ўваходзіць у кампетэнцыю разгляду Дэпартамента”, - напісаў на прыканцы намеснік начальніка ДВП і прапанаваў Людміле Кучура пры нязгодзе з адказам звяртацца з абскарджаннем у суд.

Апошнім часам асуджаны Пётр Кучура падвяргаецца частым спагнанням у папраўчай калоніі №15, а яго лісты і званкі да жонкі былі на некаторы час абмежаваныя. Надзвычайная сітуацыя склалася вакол Пятра Кучуры пасля стварэння яго жонкай петыцыі за перадачу паўнамоцтваў Дэпартамента выканання пакаранняў Міністэрству юстыцыі. Асаблівую занепакоенасць у адмінстрацыі калоніі выклікала тое, што такім чынам раскрылася інфармацыя пра катаванні і неаказанне медыцынскай дапамогі ў калоніі, якія прывялі да некалькіх смерцяў, у тым ліку і жонкі аднаго з асуджаных падчас працяглага спаткання.

Крыніца: ДВП разгледзеў петыцыю Людмілы Кучура па перадачы сваіх жа паўнамоцтваў Мінюсту