Сяргей Пятрухін у судзе г. Брэста Ленінскага раёна 8 траўня Брэсцкі абласны суд разглядзеў скаргу блогера Сяргея Пятрухіна на пастанову Ленінскага суда г. Брэста па арт. 23.4 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі).

23 сакавіка блогер быў затрыманы пры ўваходзе ў пад'езд  свайго дома. Міліцыя абвінаваціла яго ў тым, што ён  быў п'яны і абражаў грамадзян неахайным знешнім відам. Пастановай намесніка начальніка Ленінскага РАУС г. Брэста Самасюка, блогер быў аштрафаны ў памеры 8 базавых велічыняў па арт. 17.3 КаАП (распіццё алкагольных, слабаалкагольных напояў).

Таксама міліцыя склала пратакол па арт 23.4 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі). Суддзя Святаслаў Каліна суда Ленінскага раёна пастанавіў блогеру штраф у памеры 45 базавых велічыняў.

Такім чынам, Сяргей Пятрухін за адзін дзень быў аштрафаны на суму 1298,5 рублёў.

Блогер катэгарычна не згодны з пастановамі, якімі ён быў абвінавачаны, таму абскардзіў іх у Ленінскім і Брэсцкмі абласным судах.

4 траўня суд Ленінскага раёна прызнаў пастанову Ленінскага РАУС законнай, хоць у якасці сведкі на суд з’явіўся не сам намеснік начальніка Самасюк, а іншы маёр Андрей Кажэнко. Хадайніцтва запытаць сведкаў з боку Пятрухіна судом таксама былі адхілены. Блогер быў пазбаўлены права на абарону.

Сяргей Пятрухін у Брэсцкім абласным судзе
Сяргей Пятрухін у Брэсцкім абласным судзе

8 траўня Брэсцкі абласны суд разглядзеў скаргу блогера па арт. 23.4 КаАП.

Сяргей Пятрухін лічыць, што пратаколы складзены беспадстаўна, ніякага супраціву ён не аказаваў. На яго думку, міліцыя такім чынам праводзіла «спецаперацыю». Аб гэтым, у тым ліку, сведчаць выключаныя відэарэгістратары пры яго затрыманні. Таму дакладных доказаў, што Пятрухін абражаў грамадскую маральнасць і аказваў супраціў пры затрыманні – няма.

Са словаў аднаго са сведкаў, у пад’ездзе і побач з ім увесь вечар знаходзіліся асобы ў чорнай вопратцы, якія знешне не мелі нічога агульнага з міліцыяй.

Сяргей Пятрухін, каментуючы сітуацыю, падкрэслівае:

“Я лічу, што ў сувязі з тым, што я асвятляю пратэсты супраць будовы акумулятарнага завода недабрасумленыя міліцыянеры і чыноўнікі робяць намаганні мяне дыскрэдытаваць, аказаць ціск і такім чынам адхіліць ад грамадскай дзейнасці. Я прыстойны чалавек. Я праводзіў расследаванні карупцыйнасці нашых чыноўнікаў, таму мая актыўнасць можа кепска скончыцца для іх кар'еры. Што тычыцца небяспецы завода, то мы з Аляксандрам Кабанавым нават знайшлі сметнікі з адкідамі свінца. Я з гэтым змагаюсь, прыцягваю ўвагу людзей да праблемы, бо эта злачынства супраць народа”.

Суддзя Герасімук Брэсцкага абласнага суда пастанавіла пакінуць пастанову Ленінскага суда г. Брэста без зменаў, а скаргу Сяргея Пятрухіна без задавальнення.

Крыніца: Сяргей Пятрухін: “Міліцыянеры і чыноўнікі робяць намаганні мяне дыскрэдытаваць”