Старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч. Фота ПЦ "Вясна" Тэрмін папярэдняга расследавання па крымінальнай “справе прафсаюзаў» завяршаецца 1 траўня. Меркавана, што 2 траўня следчыя прымуць рашэнне аб падаўжэнні тэрмінаў расследавання, што хутчэй за ўсё і надарыцца, паколькі групу следчых павялічылі з двух да васьмі чалавек.

Пра гэта фігуранты крымінальнай справы, старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч і старшыня Мінскай гарадской арганізацыі РЭП Ігар Комлік даведаліся 27 красавіка, калі  знаёміліся са складам абноўленай следчай групы.

- 1 траўня мінае тэрмін папярэдняга расследавання крымінальнай справы. Падобна на тое, умацаванне следчай групы выклікана неабходнасцю вывучыць матэрыялы апытанняў звыш 500 членаў прафсаюза, праведзеных з пачатку года, - паведаміў сайту praca-by.info  Генадзь Фядыніч.

Лідэр прафсаюза лічыць «вельмі нікчэмнымі» шанцы на спыненне крымінальнай справы, на думку Генадзя Фядыніча, хутчэй за ўсё, тэрміны расследавання справы будуць прадоўжаны.

Акрамя таго, пасля 1 мая з'явяцца вынікі экспертызы кампутараў і флэшак, канфіскаваных у жніўні 2017 года падчас ператрусу ў прафсаюзе РЭП.

Раніцай 2 жніўня 2017 года супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў правялі ператрус у мінскім офісе прафсаюза РЭП, а таксама дома ў старшыні прафсаюза Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара Ігара Комлік.

Затым было абвешчана, што ў дачыненні да абодвух распачата крымінальная справа па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).

Ігар Комлік правёў за кратамі два месяцы, Генадзь Фядыніч знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. Абодва лічаць сябе невінаватымі і выплачваць налічаныя ім падаткі не збіраюцца.

Крыніца: «Справа прафсаюзаў»: следчая група павялічана да 8 чалавек