Юрыст праваабарончага цэнтру "Вясна" Павел Сапелка і старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэт Алег Гулак 20 красавіка прынялі ўдзел у кансультацыях экспертнага ўзроўню «Практыка ўзаемадзеяння з дагаворнымі органамі па правах чалавека». Мерапрыемства было арганізавана Міністэрствам замежных спраў у супрацоўніцтве з ПРААН у Рэспубліцы Беларусь і праводзілася ў межах выканання Міжведамаснага плана па рэалізацыі рэкамендацый, прынятых Беларуссю па выніках праходжання другога цыклу універсальнага перыядычнага агляду ў Савеце ААН па правах чалавека, і рэкамендацый, адрасаваных дзяржаве дагаворнымі органамі па правах чалавека.
Павел Сапелка прымаў удзел у дыскусіі «Забарона катаванняў і іншага жорсткага, бесчалавечнага або зневажальнага годнасць абыходжання і пакарання ў кантэксце справаздачнасці ў Камітэт ААН супраць катаванняў», дзе звярнуў увагу на шэраг важных інстытуцыйных праблемаў, якія маюць патрэбу ў заканадаўчым рэгуляванні і без вырашэння якіх надзеі на паляпшэнне сітуацыі з выкананнем правоў чалавека ўяўляецца сумніўным.
Сярод іх:
- адсутнасць у Крымінальным кодэксе прамой крыміналізацыі ўсяго спектру дзеянняў, якія падпадаюць пад вызначэнне катаванняў або іншых забароненых відаў абыходжання;
- адсутнасць эфектыўнага нацыянальнага механізму абароны правоў чалавека і папярэджання актаў катаванняў і бесчалавечнага абыходжання;
- недастаткова эфектыўнае супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі і органамі;
- залежнасць суддзяў і адвакатуры ад выканаўчай улады ды інш.
На думку праваабаронцы, важным і першачарговым крокам, які павінна зрабіць дзяржава, будзе прызнанне кампетэнцыі Камітэта ААН супраць катаванняў у частцы разгляду заяў аб парушэнні абавязацельстваў, згодна з артыкуламі 21 і 22 Канвенцыі супраць катаванняў*. Акрамя таго, замацаваць прагрэс у адносінах з ААН можа запрашэнне ў Беларусь спецдакладчыка па катаваннях і прызнанне мандата спецдакладчыка па Беларусі, якія афіцыйна да гэтага часу не былі ў краіне.
Падчас свайго выступу, Павел Сапелка адзначыў:
«Я далёкі ад ілюзіяў адносна таго, што мы лёгка пераадолеем рознагалоссі ў ацэнках і падыходах да глабальных праблемаў, але дзяржава на першым этапе магла б прадэманстраваць волю да пераменаў у нейкіх асобных, хутчэй тэхнічных аспектах праблемы барацьбы супраць катаванняў».
Праваабаронца лічыць, што дзяржава, як прыклад, павінна рэалізаваць рэкамендацыі Камітэта супраць катаванняў па татальнай відэафіксацыі ўсіх дзеянняў супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і іншых сілавых ведамстваў, ўсяго часу знаходжання ў памяшканнях АУС кожнай грамадзянскай асобы, а таксама ажыццяўляць відэазапіс усіх допытаў і іншых формаў працэсуальных зносін. Акрамя таго, важна арганізаваць навучанне максімальнай колькасці супрацоўнікаў сілавога блока па правах чалавека з удзелам прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.
«Толькі створаная ва ўсіх сілавых падраздзяленнях атмасфера нецярпімасці да ўсіх відах жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання і катаванняў у сукупнасці з эфектыўным расследаваннем кожнага такога выпадку дазволіць істотна палепшыць становішча ў гэтай галіне», - падкрэсліў Павел Сапелка.
Артыкул 21
У адпаведнасці з гэтым артыкулам любая Дзяржава-удзельніца дадзенай Канвенцыі можа ў любы час заявіць, што яна прызнае кампетэнцыю Камітэта атрымліваць і разглядаць паведамленні, якія тычацца заяў аднай Дзяржавы-ўдзельніцы аб тым, што другая Дзяржава-удзельніца не выконвае сваіх абавязацельстваў па гэтай Канвенцыі. Такія паведамленні могуць прымацца і разглядацца ў адпаведнасці з працэдурамі, выкладзенымі ў гэтым артыкуле, толькі ў тым выпадку, калі яны прадстаўленыя Дзяржавай-удзельніцай, зрабіўшай заяву аб прызнанні ў адносінах да сябе кампетэнцыі Камітэта. Камітэт не разглядае паведамленняў па гэтым артыкуле, калі яны тычацца Дзяржавы-ўдзельніцы, якая не зрабіла такой заявы.
Артыкул 22
Дзяржава-удзельніца дадзенай Канвенцыі можа ў любы час заявіць у адпаведнасці з гэтым артыкулам, што яна прызнае кампетэнцыю Камітэта атрымліваць і разглядаць паведамленні асобаў, якія знаходзяцца пад яе юрысдыкцыяй і сцвярджаюць, што яны з'яўляюцца ахвярамі парушэння Дзяржавай-удзельніцай палажэнняў Канвенцыі, або паведамленні такога роду, якія паступаюць ад іх імя, Камітэт не прымае ніякіх паведамленняў, калі яны тычацца дзяржавы-ўдзельніцы, якая не зрабіла такой заявы.
Рэспубліка Беларусь ратыфікавала Канвенцыю без адпаведных заяваў па артыкулах 21 і 22.
Крыніца: "Дзяржава магла б прадэманстраваць волю да пераменаў у барацьбе супраць катаванняў"