Гомельскі праваабаронца Анатоль Паплаўны, які працуе слесарам-інструментальшчыкам на сумесным ААТ «Гомелькабель» звярнуўся ў суд Чыгуначнага раёна з пазовам супраць свайго працадаўцы аб спагнанні маральнай шкоды ў памеры 2,5 тыс. рублёў за незаконнае звальненне з працы 5 сакавіка бягучага года. Пра гэта паведамляе “Гомельская Вясна”.
Пазоўнік піша, што 5 сакавіка бягучага года адказчык па сваёй ініцыятыве спыніў з ім працоўныя адносіны ў сувязі са сканчэннем тэрміну дзеяння працоўнага кантракту. З'яўляючыся работнікам перадпенсійнага ўзросту (58 гадоў) ён палічыў звальненне незаконным і звярнуўся ў суд, дзе звальненне было прызнана незаконным. Па рашэнні суда, якое ўступіла ў законную сілу 30 красавіка, ён адноўлены на працы на ранейшай пасадзе з аплатай вымушанага прагулу.
Праваабаронца кажа, што яго маральныя пакуты выяўляюцца ў адчуванні трывогі, турботаў на працягу ўсяго судовага разбору, нявызначанасці на працягу гэтага перыяду часу. Ён быў пастаўлены ва ўмовы адчайнасці і безвыходнасці.
«Незаконнае звальненне пацягнула за сабой прычыненне мне маральнай шкоды (маральныя пакуты), выкліканыя перанесеным мною прыніжэннем, страх за сваю будучыню і немагчымасць утрымліваць сваю сям'ю. Звальненне з працы за два гады да пенсіі зняважыла маю чалавечую і грамадзянскую годнасць, прымусіла мяне адчуць сваю безабароннасць перад свавольствам і ўсёдазволенасцю наймальніка, ад якога я знаходзіўся ў эканамічнай залежнасці», - матываваў свае прэтэнзіі да працадаўцы Анатоль Паплаўны.
Нагадаем, згодна працоўнага заканадаўства (артыкул 246 Працоўнага кодэкса), у выпадках звальнення без законнай падставы суд мае права па патрабаванні работніка вынесці рашэнне аб кампенсацыі маральнай шкоды, нанесенай яму названымі дзеяннямі. Памер маральнай шкоды вызначаецца судом.
Прававы інспектар незалежнага прафсаюзу РЭП па Гомельскай вобласці Леанід Судаленка, які прадстаўляў інтарэсы работніка ў судзе, узгадвае аб судовай практыцы па аналагічных пазовах.
«Па справах аб незаконным звальненні з працай нашага прафсаюза ўдавалася атрымаць на карысць работнікаў да 2-х тыс. рублёў у сённяшніх грашовых адзінках. Такая судовая практыка. Думаю і ў справе майго калегі мы можам атрымаць ад працадаўцы кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры некалькіх сярэднямесячных заработных плат работніка», - падвёў рысу юрыст.
Крыніца: Праваабаронца мае намер спагнаць з наймальніка маральную шкоду за незаконнае звальненне з працы