Cуд прызначыў разгляд скаргі “Народнай грамады” на забарону Мінгарвыканкама шэсця на Дзень Волі толькі на 23 красавіка.
Заяўка на правядзенне дэманстрацыі на Дзень Волі была пададзена ў Мінгарвыканкам актывістамі аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) Сяргеем Спарышам, Валянцінам Троцкім, І. Краўчанкам яшчэ 7 сакавіка 2018 г. Паводле заяўкі, актывісты прасілі дазволіць дэманстрацыю ад плошчы Якуба Коласа да Опернага тэатра.
Але выканкам палічыў у цэлым немэтазгодным правядзенне шэсцяў на Дзень Волі ў сталіцы і рашэннем ад 19 сакавiка адмовіў у заяўцы, аб чым заяўнікам стала вядома на наступны дзень.
22 сакавіка праваабаронцы даведаліся, што актывісты “Народнай грамады” накіравалі калектыўную скаргу ў Суд Маскоўскага раёна г. Мінска на рашэнне Мінгарвыканкама, якім улады забаранілі дэманстрацыю. На думку актывістаў, рашэнне выканаўчага органа парушае іх права на мірны сход, а таксама права на распаўсюд інфармацыі, гарантаванае Канстытуцыяй і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Але, як стала вядома ПЦ “Вясна”, суд прызначыў разгляд скаргі толькі на 23 красавіка.
Нагадаем, што 25 сакавіка на плошчы Якуба Коласа былі затрыманы больш за 60 чалавек, у тым ліку і заяўнікі дэманстрацыі Сяргей Спарыш і Валянцін Троцкі. У выніку на актывістаў былі складзены пратаколы па арт. 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь (арганізацыя несанкцыянаванага масавага мерапрыемства). 26 сакавіка ў Савецкім раённым судзе г. Мінска павінны былі адбыцца суды над імі, але па прычыне таго, што пратаколы не былi дастаўлены з РАУС, суд адклалі на нявызначаны тэрмін. Ёсць верагоднасць, што судоў наогул не будзе.
Праваабаронца ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч, каментуючы гэтую сітуацыю, адзначае:
“Тое, што дата разгляда скаргі прызначана толькі на 23 красавіка, хаця яна была пададзена да 25 сакавіка, сведчыць аб тым, што рашэнне суда ўжо прадвызначана. Зразумела, якога характару яно будзе: скарга будзе незадаволеная, а дзеянні Мінгарвыканкама прызнаныя законнымі і абаснаванымі. Таму, думаецца, што сюрпрызаў ніякіх не будзе. У прынцыпе, наконт сітуацыі пра мірныя сходы 25 сакавіка мы ўжо выказваліся. Мы лічым, што забарона шэсця Мінгарвыканкама з’яўляецца непрапарцыйным і неабгрунтаваным абмежаваннем свабоды мірных сходаў. Мінгарвынкам не абгрунтаваў сваю забарону шэсця ніякімі дапушчальнымі абмежаваннямі свабоды мірных сходаў, якія сфармуляваны ў арт. 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. То бок не было пазначана, што шэсце нясе пагрозу нацыянальнай бяспекі, грамадскаму парадку, інтарэсам іншых грамадзянам і гэтак далей. Гэта ўсё ўкладываецца ў агульныя праблемы заканадаўства, якое рэгулюе рэалізацыю свабоду мірных сходаў Беларусі. Той Закон у тым выглядзе, што існуе сёння, не стварае ўмоваў для свабоднай рэалізацыі гэтага права”.
Разгляд скаргі прызначаны на 23 красавіка ў 16.00 у кабінеце 217 суда Маскоўскага раёна г. Мінска.
Крыніца: А што, калі суд прызнае забарону шэсця на Дзень Волі незаконнай?