18.04.2025 Тэгі: пераслед, ціск, экстрэмізм У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 18 красавіка 2025 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Праект «ЧестнОК» прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем»
Пра гэта паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы.
Яны суправадзілі допіс пра прызнанне праекта «экстрэмісцкім» фотаздымкамі журналістаў і блогераў Яраслава Пісарэнкі і Аляксандра Івуліна.
Следчы камітэт распачаў чарговую спецвытворчасць
53-гадоваму Андрэю Кузьменчуку інкрымінаваная ч. 2 арт. 293 КК (масавыя беспарадкі) — яго збіраюцца судзіць завочна.
Яго заклікаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ва Упраўленне СК па Брэсцкай вобласці.
У Дзяржынску апошнімі днямі адбываюцца затрыманні і ператрусы
Вядома, што яны тычацца ўдзелу ў паслявыбарчых акцыях пратэсту — людзям інкрымінуюць «народны» арт. 342 КК. Паводле відавочцаў, дзяржынцаў сапраўды пераследуюць па «народнаму» артыкулу, бо частка затрыманых — людзі з суседніх дамоў адной вуліцы.
Паведамляецца, што нагодай для пераследу сталі «пратэсныя» фотаздымкі і відэа, па якіх ідэнтыфікуюць удзельнікаў акцый. Вядома пра прыкладна пяць затрыманых, дакладная колькасць людзей, што трапілі пад пераслед, высвятляецца.
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 50 прозвішчаў — цяпер у ім 5192 чалавекі
18 красавіка МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сярод іншых, у спіс дадалі палітзняволенага Уладзіміра Шпака, а таксама яшчэ 44 беларуса і беларускі, асуджаных паводле «народнага» арт. 342 КК.
Крыніца: Затрыманні ў Дзяржынску і абнаўленне "Спісу экстрэмістаў": хроніка рэпрэсій 18 красавіка Дапоўнена