18.04.2025 Тэгі: правы чалавека, пенітэнцыярная сістэма, правы дзіцяці У апошнія гады школьнікі, навучэнцы каледжаў і студэнты з розных рэгіёнаў Беларусі ўсё часцей наведваюць турмы, СІЗА і іншыя месцы пазбаўлення волі. Навіны пра гэта перыядычна з'яўляюцца ў інтэрнэце. Яны наведваюць установы, дзе ўтрымліваюцца зняволеныя, слухаюць гісторыі асуджаных і глядзяць на камеры, прагулачныя дворыкі і штрафныя ізалятары, у тым ліку дзе утрымліваюцца палітзняволеныя. Намеснік пракурора горада Магілёва Яўген Фурманаў распавядаў, што толькі за 2022 год турму № 4 наведала больш за 400 навучэнцаў устаноў адукацыі горада. Падлеткам паказваюць жорсткія ўмовы ўтрымання, каб, як сцвярджаюць арганізатары, "папярэдзіць правапарушэнні" і "сфарміраваць законапаслухмяны лад жыцця". Але ўзнікае пытанне: ці сапраўды такая практыка працуе як выхаваўчы інструмент? Праваабаронцы адзначаюць, што такія захады парушаюць права на адукацыю, не адпавядаючы яго мэтам, і права на свабоду ад псіхалагічнага гвалту. Яны таксама супярэчаць кіруючым прынцыпам папярэджання злачыннасці сярод непаўналетніх. "Вясна" зрабіла агляд практыкі арганізацыі экскурсій для падлеткаў у месцы пазбаўлення волі.
"Сродак застрашэння"
У 2022–2025 гадах падобныя паездкі прайшлі ў розных кутках краіны. У Гомелі навучэнцы каледжа БДУТ наведалі СІЗА-3. У Ваўкавыску — арыштны дом і калонію для рэцыдывістаў. Школьнікаў з Валожына вазілі на Акрэсціна, а навучэнцы з Жодзіна, Узды, Гродна і Магілёва пабывалі ў турмах № 1, № 4 і № 8. Арганізатары мерапрыемстваў сцвярджаюць, што ўсё робіцца выключна "з выхаваўчай мэтай". На сайтах навучальных устаноў і ў раённых газетах амаль аднолькавыя фармулёўкі: "нікому не захацелася туды вяртацца", "зрабілі высновы", "усвядомілі каштоўнасць свабоды".
Юрыдычная служба "Вясны" адзначае, што такія мерапрыемствы насамрчэ з'яўляюцца сродкам застрашвання:
"З аднаго боку, экскурсіі могуць разглядацца як турыстычныя мерапрыемствы, мэта якіх убачыць на свае вочы, як уладкованыя папраўчыя ўстановы або следчыя ізалятары. У такіх выпадках, удзельнікі самі праяўляюць ініцыятыву, так як імі рухае цікавасць або неабходнасць паглядзець месцы, дзе ў будучыні, напрыклад, яны плануюць працаваць. Але па факце, такія мерапрыемствы, нібыта прафілактычныя, з'яўляюцца сродкам застрашвання. Экскурсіі выглядаюць як пакаранне ў выглядзе прымусу глядзець на тое, што прыносіць боль або псіхалагічны дыскамфорт. Сутыкненне з рэальнасцю, дзе табе загадзя паказваюць, што будзе, напрыклад, у выпадку ажыццяўлення свайго права на свабоднае выказвання меркавання".
Беларускі Хельсінкскі Камітэт адзначаў, што насаджэнне адзінага пункту гледжання парушае права дзіцяці на свабоднае выказванне меркавання і права на адукацыю, накіраванага на развіццё асобы і павага да правоў чалавека. Акрамя таго, правядзенне такіх мерапрыемстваў у навучальны час падрывае навучальны працэс і таксама не адпавядае праву на адукацыю. Пагрозы ды іншыя формы прымусу да ўдзелу парушаюць права дзіцяці на свабоду ад псіхалагічнага гвалту. Бацькам варта выказаць нязгоду з удзелам дзіцяці, можна таксама выкарыстоўваць такія "партызанскія" метады, як пропуск мерапрыемствы паводле медычных ды іншых прычынаў.
Суботнікі, зборы грошай, экскурсіі ў турму: як абараніць правы дзіцяці ў школе?
Навучэнцаў каледжа вадзілі на экскурсію ў СІЗА-3 Гомеля
9 красавіка 2025 года навучэнцаў 1-3 курса Гомельскага каледжа-філіяла Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту адправілі на экскурсію ў СІЗА-3 Гомеля. Адзначаецца, што такое "выхаваўчае" мерапрыемства было арганізавана кіраўніком ВПВ І. Мазурам, а разам з навучэнцамі экскурсію наведала педагог-псіхалагіня Н. Рабенкова.
"Хочацца верыць, што дадзеная азнаямленчая экскурсія дапаможа дзецям лепш зразумець, якіх правін ніколі не трэба здзяйсняць, каб не зламаць сваё жыццё раз і назаўжды", — пішуць на сайце каледжа.
Мэтай экскурсіі называецца прафілактыка супрацьпраўных паводзін і фарміравання законапаслухмянага ладу жыцця сярод моладзі.
Валожынскім школьнікам зладзілі экскурсію на Акрэсціна
5 сакавіка 2025 года Валожынская раённая газета «Працоўная слава» паведаміла, што ў рамках акцыі «Сябруем з законам!» супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх Валожынскага РАУС зладзілі вучням з розных школ раёна экскурсію ў Мінск.
Месцам наведвання стаў прыёмнік-размеркавальнік для непаўналетніх УУС Мінаблвыканкама, які месціцца на завулку Акрэсціна.
"Падчас экскурсіі школьнікам патлумачылі асновы і парадак утрымання ў прыёмніку. Хлопцы змаглі пагутарыць з дзецьмі, якія на гэты момант знаходзяцца ва ўстанове. У ходзе размовы яны пажадалі адзін аднаму поспеху і цярпення", — піша раённая газета.
Навучэнцаў каледжа вадзілі ў арыштны дом
У красавіку 2024 года па ініцыятыве інспекцыі па справах непаўналетніх Ваўкавыскага РАУС для навучэнцаў 1-3 курсаў Ваўкавыскага дзяржаўнага аграрнага каледжа была арганізавана экскурсія ў арыштны дом ПК -11 г. Ваўкавыска. На сайце каледжа пішуць, што начальнік арыштнага дома азнаёміў навучэнцаў з умовамі ўтрымання зняволеных і даў магчымасць хлопцам пагутарыць з імі.
"Навучэнцам быў дадзены савет не парушаць законы, бо ніякай турэмнай рамантыкі не існуе ў рэальнасці, і ў турме чалавек адчувае страх, прыніжэнне, адзіноту і поўную адсутнасць свабоды жаданняў і дзеянняў", — распавядаецца пра вынікі экскурсіі.
Для жадзінскіх падлеткаў зладзілі экскурсію ў турму № 8
У лістападзе 2023 года для навучэнцаў Жодзінскага дзяржаўнага каледжа зладзілі экскурсію ў турму № 8. Падчас гэтага мерапрыемства, як пазначаецца на сайце навучальнай установы, падлеткі даведаліся, хто адбывае пакаранне ў дадзенай установе, паглядзелі ўмовы ўтрымання зняволеных, у тым ліку непаўналетніх, азнаёміліся з іх распарадкам дня.
"Хлопцам паказалі штрафны ізалятар, дзе ўтрымліваюцца асуджаныя, якія дапусцілі грубыя парушэнні ўстаноўленага парадку адбыцця пакарання. Ніхто з хлопцаў не застаўся абыякавым да ўбачанага і зрабіў свае высновы".
Экскурсія для школьнікаў і навучэнцаў каледжа ў калонію № 2
У лістападзе 2023 года бабруйскіх падлеткаў вадзілі ў калонію № 2. Яна была арганізавана для дваццаці навучэнцаў каледжа і школ раёна, з якімі інспектары праводзяць індывідуальную прафілактычную работу.
"Шпацыр супрацоўнікі калоніі арганізавалі цікавы і павучальны. Непаўналетнім паказалі жыццё калоніі знутры, распавялі пра побыт і будні асуджаных. Прадэманстравалі падлеткам памяшканні атрадаў, каранціну і распавялі пра строгія ўмовы ўтрымання. Хлопцы на свае вочы ўбачылі штрафны ізалятар і памяшканні камернага тыпу, дзе ўтрымліваюцца тыя, хто дапусціў грубыя парушэнні ўстаноўленага парадку, і той самы пакой для прагулак з небам у клетачку.
Завяршылася экскурсія прафілактычнай гутаркай аб злачынствах і мерах пакарання. Падлеткам распавялі гісторыі асуджаных аднагодкаў, якім трэба будзе адбываць пакаранне на працягу доўгіх гадоў. Якія думкі наведалі хлопцаў у гэтым месцы? Ці стала гэтая экскурсія для іх перасцярогай, завочным урокам? Бясспрэчна адно: убачанае павінна прымусіць хлопцаў перагледзець стаўленне да жыцця, каб аднойчы не апынуцца па той бок жалезных варот калоніі", — піша "Чачэрскі веснік".
Экскурсія для школьнікаў у турму № 4
У ліпені 2023 года магілёўская школа № 46 звадзіла школьнікаў на экскурсію ў турму для "прафілактыкі правапарушэнняў і фарміравання законапаслухмяных паводзін". Арганізатары сцвярджаюць, што мэта — не запалохаць падлеткаў, а "паказаць, да якога выніку могуць прывесці непрыстойныя чалавечыя ўчынкі".
У сакавіку 2023 года навучэнцаў каледжа мастацтваў і каледжа сферы абслугоўвання вадзілі ў турму № 4, пра што ў фарбах напісаў "Веснік Магілёва".
"Рабяты, за якімі з грукатам зачыніліся дзверы папраўчай установы, прайшлі праз прапускны пункт. І калі ў першыя хвіліны яны жартавалі, то пасля пабудовы ў шэраг і дэманстрацыі змесціва кішэняў гумарыстаў сярод іх ужо не засталося", – піша газета пра навучэнцаў.
Іх азнаёмілі з побытам зняволеных, а таксама далі магчымасць пагутарыць з аднагодкам, асуджаным за незаконны абарот наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў.
"Гэта жудасна. Хочацца зараз апынуцца ад гэтага месца як мага далей, – дзяліліся ўражаннямі падлеткі. – У фільмах усё нашмат інакш".
Намеснік пракурора горада Магілёва Яўген Фурманаў падзяліўся статыстыкай: за 2022 год турму № 4 наведала больш за 400 навучэнцаў устаноў адукацыі горада.
"Падобныя экскурсіі — адзін з дзейсных спосабаў прафілактыкі. Асноўная мэта мерапрыемства — фарміраванне ў непаўналетніх імкнення да законапаслухмянага ладу жыцця, усведамлення імі адказнасці за здзяйсняныя ўчынкі і пераасэнсавання сваіх паводзін".
Экскурсія для падлеткаў у турму № 8
Як паведамляе раёнка Уздзенскага раёна, у ліпені 2023 года для непаўналетніх, якія патрабуюць асаблівай увагі, інспекцыя па справах непаўналетніх Уздзенскага РАУС арганізавала наведванне турмы № 8.
"Падобныя выезды на працягу ўсяго года праводзяцца ў нас сумесна з Упраўленнем па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама падчас прафілактычных акцый і комплексаў мерапрыемстваў", – адзначыла начальнік ІСН Алена Сяргеева.
Адзначаецца, што падчас экскурсіі па папраўчай установе падлеткі даведаліся хто адбывае тут пакаранне, паглядзелі ўмовы ўтрымання зняволеных, у тым ліку непаўналетніх, азнаёміліся з іх распарадкам дня.
"Ніхто з прысутных не застаўся абыякавым да ўбачанага, усвядоміўшы адно – сюды лепш не трапляць".
Экскурсія ў СІЗА-6 У Брэсце
У снежні 2022 года для навучэнцаў установаў адукацыі Ганцавіцкага раёна, з якімі праводзіцца індывідуальная выхаваўчая работа, зладзілі экскурсію ў СІЗА-6 у Брэсце.
"Асноўная мэта гэтага мерапрыемства – ўразіць і перасцерагчы непаўналетніх, якія ўжо паспелі запляміць сваё жыццё нядобрымі справамі і трапіць на ўлік у ІСН", – піша "Віртуальны Брэст".
Распавядаецца, што падлетках паказалі камеры строгага рэжыму, карцэры, памяшканні камернага тыпу. Паралельна супрацоўнікі распавядалі падлеткам пра ўмовы ўтрымання ва ўстанове.
"Асаблівае ўражанне на падрастаючае пакаленне вырабіў штрафны ізалятар папраўчай установы з жорсткімі ўмовамі. Трапіць туды, як прызналіся хлопцы, яны не пажадалі б нікому".
Старшая ўчастковая інспектарка ІСН Алёна Жалезная адзначала:
"Арганізацыя падобных сустрэч і экскурсій як нельга лепш дапамагае дзецям зразумець, якіх правін лепш ніколі не здзяйсняць, каб не зламаць сваё жыццё раз і назаўжды. Было бачна, што экскурсія зрабіла на навучэнцаў моцнае ўражанне. Будзем спадзявацца, што кожны з іх зробіць пэўныя высновы і зразумее, што папраўчая ўстанова зусім не тое месца, куды варта імкнуцца патрапіць".
Экскурсія для школьнікаў у калонію № 11
У лістападзе 2022 года школьнікаў у Ваўкавыску вадзілі на экскурсію ў калонію для рэцывістаў. На сайце мясцовай раёнкі "Наш час" распавядаецца, што начальнік арыштнага дома Міхаіл Матора распавёў падлеткам пра жыццё асуджаных у калоніі і пра існуючыя патрабаванні рэжыму, правёў экскурсію па тэрыторыі. Падлеткі пабывалі на КПП і ў будынку для спатканняў, наведалі арыштны дом, агледзелі памяшканні камернага тыпу, прагулачныя дворыкі і штрафны ізалятар.
"Вузкі калідор з зачыненымі дзвярыма і пакой для прагулак з кратамі над галавой зрабілі на навучэнцаў незгладжальнае ўражанне, як і размова з асуджаным, які 20 гадоў правёў у месцах пазбаўлення волі".
Таксама з непаўналетнімі правялі гутарку супрацоўнікі ПК-11.
"Было відаць, што экскурсія стала для падлеткаў добрым урокам, які паказаў ім непрывабную выварат «турэмнай рамантыкі» і прымусіў задумацца аб уласным ладзе жыцця".
У Гродне навучэнцаў каледжа вадзілі ў турму
13 кастрычніка 2022 года для навучэнцаў Гродзенскага дзяржаўнага каледжа будаўнічых тэхналогій арганізавалі экскурсію ў турму № 1. На сайце каледжа адзначаецца, мэтай такога мерапрыемства з'яўляецца "прафілактыка безнагляднасці, правапарушэнняў, наркаманіі сярод непаўналетніх". Паведамляецца, што навучэнцы наведалі турэмны двор і пабывалі ўнутры саміх будынкаў, дзе знаходзяцца зняволеныя.
"Экскурсія на хлопцаў зрабіла незгладжальнае ўражанне. І прымусіла задумацца пра каштоўнасць свабоды".
Суботнікі, зборы грошай, экскурсіі ў турму: як абараніць правы дзіцяці ў школе?
Крыніца: "Сюды лепш не трапляць". Як падлеткаў водзяць на турэмныя экскурсіі па ўсёй краіне