15.01.2025 Тэгі: выбары-2025Алег Румо падчас агітацыйнай сустрэчы У Беларусі з 1 па 25 студзеня праходзіць агітацыйны этап выбарчай кампаніі. Улады прынялі пазіцыю па ўтойванні звестак пра агітацыйныя сустрэчы, бо ў дзяржаўных медыя яны амаль не асвятляюцца, а калі пра іх пішуць, то не называюць прозвішчы кандыдатаў і іх давераных асобаў. "Праваабаронцы за свабодныя выбары" знайшлі рэгіён, у якім назвалі прозвішча даверанай асобы. Раённая газета Мінскага раёна "Прысталічча" за два тыдні агітацыі пісала толькі пра сустрэчы адной з 15-ці давераных асоб Лукашэнкі – дырэктара МНПЦ і галоўнага пазаштатнага хірурга-трансплантолага Міністэрства аховы здароўя Алега Румо. У бальніцах Міншчыны ён хваліў дасягненні ў галіне медыцыны ў Беларусі.

8 студзеня Румо правёў агітацыйныя сустрэчы ў Мінскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы, РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, а таксама з супрацоўнікамі Мінскай абласной клінічнай бальніцы.

"Чыстая, кампактная і мірная Беларусь непарыўна звязана з імем Аляксандра Лукашэнкі. Менавіта ён прымаў актыўны ўдзел у будаўніцтве і станаўленні дзяржавы", – сказаў коратка Румо пра свайго кандыдата.

У які час адбывалася сустрэча невядома, але гэта было днём (магчыма, у працоўны час), бо на фотаздымках за вокнамі яшчэ светла. Гэта тычыцца ўсіх сустрэч Румо з медыцынскімі работнікамі.

9 студзеня Румо сустрэўся з працоўным калектывам Мінскай цэнтральнай раённай клінічнай бальніцы і Мінскага абласнога клінічнага шпіталя інвалідаў ВАВ ім. П. М. Машэрава. Агітуючы за Лукашэнку, ён адзначыў:

"Да нас едуць лячыцца і вучыцца з краін блізкага і далёкага замежжа".

aleh_ruma_2.jpg
На адной з агітацыйных сустрэч

13 студзеня давераная асоба Лукашэнкі сустрэлася з медыцынскімі работнікамі Мінскага абласнога cупрацьтуберкулёзнага дыспансера і Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ім. М. М. Аляксандрава. Але ў гэтым рэпартажы журналістка Валерыя Грамовіч не называе імя даверанай асобы, нягледзячы на тое, што ў матэрыяле апублікаваны фотаздымкі Алега Румо. На гэтай сустрэчы, судзячы па рэпартажу, Лукашэнка нават не ўзгадваўся. Напачатку матэрыяла пазначана, што "асноўная тэма абмеркавання – развіццё медыцыны".

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Крыніца: Агітацыя па-ціхаму: Румо і выбарчыя сустрэчы ў бальніцах