13.01.2025 Тэгі: палітвязні, ціск, рэпрэсіі Вадзім Ермашук — блогер з Гродна, вядомы як Vadimati. Яго затрымалі 16 жніўня 2021 года і асудзілі на тры гады калоніі. 29 чэрвеня 2024 года блогер і ўжо былы палітвязень выйшаў на волю і цяпер распавёў "Вясне"сваю гісторыю рэпрэсій: пра тое, як у вобразе народнага дэпутата яго затрымлівалі ў Шчучыне, пра "пакаяльнае" відэа, якое так і не выйшла, пра ператрус дома ў пошуку сэкс-цацак сілавікамі, пра схіленне спецслужбаў да супрацоўніцтва і пра здзекі канкрэтных супрацоўнікаў калоніі. "Вясна" прыводзіць гісторыю Вадзіма ад першай асобы.
Блогер Вадзім Ермашук просіць дапамогі для аднаўлення пасля турмы і хваробаў
Я Vadimati, гродзенскі блогер, які прайшоў катаванні. Я прайшоў здзекі ў турме, ІЧУ і зоне. Пачаць інтэрв'ю я хачу з таго, каб як мага больш людзей пачытала яго, і хачу дапамагчы тым людзям, якія цяпер знаходзяцца ў Беларусі, супраць якіх ужываюцца катаванні ды якія, магчыма, яшчэ спазнаюць іх (але я спадзяюся, што гэтага ўжо не будзе, хоць яно ёсць).
Вы разумееце, што такое катаванні? Часта катаванні ўяўляюцца як вырыванне пазногцяў і збіванне. Але катаваннем можа быць і тваё ўтрыманне – калі ты трапляеш у тую сферу, то мент ў пагонах ўжо робіць такія для цябе ўмовы катавальныя, каб ты ўсё адчуў. Любы чалавек, які заходзіць да цябе ў камеру ці ў пакой, гэта ўжо чалавек, пастаўлены табе міліцыянтам. І ў кожнага свая задача, як паводзіць сябе з палітвязнем, які адбываецца на яго ціск: прэс-хаты, хаты, дзе цябе слухаюць – гэта свайго кшталту ўсё – катаванні. Таму што ў нармальных краінах, дзе ёсць нормы права і закон, дзе чалавек вышэй за ўсё, такое не працуе.
Затрыманне
Я прыехаў у Шчучын наконт пытання скейт-ролік-парк пляцоўкі. Наогул, арышт мой быў нечаканым. Затрымалі мяне і яшчэ дзвюх дзяўчатак. Але гэтых дзяўчат потым адпусцілі, і застаўся я. Два-тры дні яшчэ не разумеў, што са мной будзе, але калі прыйшла адвакатка, сказала: "Хутчэй за ўсё, цябе ўжо не выпусцяць". І ўсведамленне таго, што ты будзеш там сядзець... Але ўсё адно надзея была нейкая: вось першы суд, вось першая адміністрацыйка, другая адміністрацыйка, потым крыміналка, потым зноў дзве адміністрацыйкі – і ў любым выпадку перад судом ты чакаеш цуду. А цуду ўсё не адбываецца... І твой лёс б'е абухом па галаве.
- Вадзім Ермашук
Затрыманне. Калі я прыязджаў у любы горад, то каля мяне заўсёды круціліся міліцыянты. Па мне рыхтавалася аперацыя. Гэта рэальна. Таму што дзе я быў (Маладзечна, Вілейка) ужо заўсёды, дзе я з'яўляўся, заўсёды былі міліцыянты. Але я не звяртаў на гэта ўвагі. Як гэта адбылося: міліцыянты праверылі ў мяне дакументы. Пашпарт мой быў у заплечніку ў машыне, я пайшоў туды – і нас падзялілі: дзяўчат пасадзілі ў адну машыну, мяне ў другую, і завезлі ў Шчучынскае РАУС. Пачалі дапытваць. Яны хацелі мой Instagram, пароль. Яны чакалі, што ў мяне будзе куча падпісак: Nexta, "Беларусь галаўнога мозгу"... У мяне гэтага нічога не было, таму што ўсё, што я пісаў і казаў у сваім блогу, я казаў ад сябе, бо ведаў, што адбываецца нешта не тое, і мне не патрэбныя былі падпіскі ні на якія каналы, бо заўсёды выказваў свой пункт гледжання і пазіцыю адкрыта, не саромеўся, казаў як ёсць. І гэта імпанавала людзям – яны да мяне цягнуліся, ім гэта падабалася... І вось мяне пачалі дапытваць. Я вельмі прасіў: я вам адкрыю пароль, толькі адпусціце дзяўчатак. Іх адпусцілі, я ім адкрыў пароль – яны задаволеныя схапілі тэлефон, пабеглі, думалі там знойдуць "вау"! А ў мяне там нічога няма. І ім давялося круціць маю крымінальную справу.Потым у іх ёсць элемент такога ціску: закінуць да цябе якога-небудзь смярдзючага бяздомнага. Да мяне закінулі яго ў "стакан" – гэта пакойчык без вокнаў і дзвярэй, мяне там трымалі з гадзін 23 да прыкладна пяці раніцы. Яны, напэўна, чакалі, што я буду грукацца, прасіць нейкай дапамогі, а я проста з гэтым чалавекам паразмаўляў – ён апынуўся вельмі цікавым. І мы з ім ляглі спаць "вальтом".
Потым мяне перавялі ў камеру. Там я быў адзін, і не разумеў, што адбываецца, не ведаў, што будзе са мной. Гэтыя першыя гадзіны былі пеклам. Глыток святла і надзеі з'явіўся, калі прыйшла мая адвакатка. Бо праз тры дні мяне судзілі паводле адміністрацыйкі – я думаў, што буду адзін, але зайшла адвакатка – і стала крыху лягчэй.
"Пакаяльнае" відэа, якое не выйшла
У мяне запісанае "пакаяннае" відэа, дзе я прасіў прабачэння. Гэта было ў першы дзень затрымання, калі мяне завезлі ў Следчы камітэт, са мной запісалі тры дублі – і не скінулі [у інтэрнэт]. А ведаеце чаму? Я ж у вобразе дэпутата быў. Памятаеце, такое відэа было "хлопотное дельце"? Яшчэ смяшнейшае было ў мяне. Я так чакаў, што яго скінуць, што вы ўсё ўбачыце. А мне казалі: "Ты можаш сур'ёзна?"
Viasna96 · Блогер Vadimati пра пакаяннае відэа
Тры дублі было – і нічога ім не спадабалася. Мяне ж затрымлівалі ў маім летнім вобразе дэпутата: шорты-клетачка, кашуля-клетачка, гальштук, і шапка скураная, як носяць гэтыя дэпутаты, вясновы варыянт. Яны нават мяне папрасілі яе зняць – ім не спадабалася.
Ператрус
На другія ці трэція суткі пасля затрымання мяне прывезлі на добрай машыне ў Гродна. Везлі без кайданкоў дарэчы. Адзін з іх гуляў добрага міліцыянта – Грымута. Кажуць, ён цяпер дальнабойшчыкам працуе. Уявіце, ён у Еўропе цяпер ездзіць дзе-небудзь. Прыкольна, праўда?
І яны ведалі, што маё відэа будуць кідаць у "слівы" – порна, якое яны знялі [пазней у інтэрнэце з'явілася сэкс-відэа з Вадзімам, знятае схаванай камерай у яго дома; скрыншоты распаўсюдзіліся па прапагандысцкіх каналах — Заўв.] І ў іх мэта была знайсці ў мяне, як вы думаеце, што?
Сэкс-цацкі.
І яны так хацелі знайсці гэтыя сэкс-цацкі! І гэта адчувалася: панятыя, мянты... У мяне быў кухонны фартух з [намаляванай на ім] жаночай фігурай і грудзьмі – грудзі там выпуклыя. Мне калісьці яго яшчэ хтосьці ў Instagram падарыў. І ён вісеў у мяне ў шафе. І яны дастаюць гэты фартух: "Глядзі, вось гэта падыдзе?" Я не разумеў, бо пра відэа яшчэ не ведаў. Кажа: "Неа..." Потым заходзяць у залу, там шукаюць, а мне неяк падарылі мае падпісчыкі сэкс-гульню: карты, кубікі і кайданкі з пушком. Яны такія: "О-о-о, глядзі, глядзі! Гэта падыдзе?"
На іх жаль, у мяне ў хаце не знайшлі нічога. І яны ў мяне канфіскавалі толькі шалік з надпісам Polska – на Дзень незалежнасці я неяк у Польшчу трапіў, і там давалі гарбату, каву, і шалік. І яны калі знайшлі яго: "О!" Яны нават адразу не заўважылі, думалі, што гэта бчб. А гэта быў проста польскі сцяг.
Потым знайшлі ў мяне спеўнік, бела-чырвоная кніжачка, "Годныя песні Беларусі". І яшчэ ў мяне была вокладка з 2011 года, "Пагоня" ў пашпарце. І ў гэтай вокладцы была візітоўка Даўгашэй Тамары Сяргееўны, дэпутаткі парламента, з яе нумарам тэлефона асабістым, яна мне калісьці давала. І вось у гэтых бчб і Пагоні дэпутатка, якая цяпер дзейнічае. І яны знайшлі гэтую вокладку, і забралі гэта як рэчавы доказ.
Дарэчы, калі я вызваліўся, мяне ўражвала гэтае насаджэнне чырвона-зялёнага сцяга. Хоць яно ўжо было ў 2020-2021 годзе. Але цяпер на кожным доме павінен вісець гэты сцяг. І ўсюды гэтыя сцягі вешаюць, прымушаюць ЖКГ, "управдомы" вешаць гэтыя сцягі. І сцяг у мяне на доме дзе, як вы думаеце, вісеў?
На маім акне, на маёй спальні. Я на пятым паверсе жыву, і ён вісеў менавіта над маім акном. Хоць у мяне дом выходзіць на поле. І ён так не бачны. Я думаю, гэта спецыяльна было зроблена.
Дык вось, ператрус. У іх жа перакручанасць – яны ж хочуць знайсці нешта такое, асабістае, інтымнае. У нашых спецслужбаў, мянтоў засталося адно – душыць людзей паводле інтымнага. Больш яны ўжо ніякага ўплыву людзей не маюць, тыя ж іх усім сэрцам ненавідзяць. І адзінае, як на чалавека можна цяпер паўплываць, гэта інтымнае (хто саромеецца).
Тым відэа яны мяне шантажавалі, каб я стаў гарадзенскім Пратасевічам. Каб мой Instagram стаў такім.
Пасля ператрусу мяне павезлі назад у Шучын.
Суд паводле першай адміністрацыйнай справы: "Шчучын быў пастаўлены на нагах"
Падтрымаць мяне прыехала вельмі шмат гродзенцаў. Чаму мяне затрымліваў Шчучын? Я цяпер разумею, чаму. Таму што яны баяліся, што будзе рабіцца ў Гродне! Калі да Шчучына 70 кіламетраў даехаць яшчэ трэба – а ў выніку там паставілі блокпасты і не прапускалі [людзей, якія прыехалі падтрымаць мяне], пусцілі дроны, вынеслі калонкі і ўключылі музыку: там грала "Белая русь", "Дзень Перамогі" гучаў на ўвесь Шчучын, калі ў мяне суд праходзіў. А мяне выводзяць з ІЧУ на суд – і я думаў: "Што гэта за канцэрт у Шчучыне 19 жніўня? Нейкае свята?" Потым мне распавядалі людзі, якія працуюць у Шчучыне, што ім сказалі: гродзенцы едуць у Шчучын біцца за мяне. І там ужо Шчучын быў пастаўлены на нагах праз мяне. Там амапаўцы, дроны, перапісвалі нумары машын людзей, якія прыехалі. А калі пачаўся суд, то туды пусцілі толькі маю сястру і цётку: сваякоў. А людзей, якія прыехалі [на мой суд], не пусцілі нікога. І ў гэты час выйшаў амапавец і пачаў паказваць ім маё хатняе відэа, знятае схаванай камерай: "Каго вы абараняеце?" Яны чакалі рэакцыі людзей: "Вось, ён гей", што людзі сыдуць і адмовяцца ад мяне. Але атрымаўся зваротны эфект. Адна дзяўчынка – Наташа, якой паказалі гэтае відэа, паглядзела на амапаўца: "Нам без розніцы, мы Вадзіма любім". Таксама амапаўцу сказалі: "Навошта ты трымайся ў сваім тэлефоне парнаграфію і распаўсюджваеш тут".
Суддзя Ціунчык даў 25 сутак. Заўважце, на першай маёй адміністрацыйцы быў Цыунчык, і на крыміналцы таксама ён.
Суд наогул праходзіў цікава. Яны хацелі да маёй адміністрацыйкі прывязаць бчб-што-небудзь. А там жа нічога не было. Мы ж калі ў Шчучыне здымалі, у мяне быў вобраз народнага дэпутата: валіза і гваздзікі, перавязаныя белай стужачкай. Вядома, я зараз шчыра вам кажу, белая стужачка для мяне была сімвалам пераменаў. Памятаеце, калі ўсе надзелі белыя стужачкі? Мяне з ёй і затрымалі. І нават калі я вызваляўся [з калоніі], мне яе вярнулі. Але яна ўжо была жоўтая.
І Ціунчык пытаецца на судзе: "А чаму ў вас гваздзікі перавязаныя белай стужачкай, гэта нешта сімвалізуе, праўда ж?" Я кажу: "Ну так, сімвалізуе беларускі сцяг: чырвоны бутон, зялёнае сцябло і белы арнамент". "А чаму ў вас у сторыс напісана "Шчучыншчына", як у песні?" – "А вы ведаеце гэтую песню? Прыкольна! Не, проста раён Шчучыншчыны я маю на ўвазе". – "А чаму на гваздзіку белая стужачка, а не як звычайна, залацістая?" Вось узгадайце, залацістая стужачка – гэта маё дзяцінства , мне 40 гадоў. Раней такія залацістыя стужачкі вешалі на букет і так яшчэ нажніцамі закручвалі іх, памятаеце? У тыя часы, 90-я – 2000-я гады. Дзе цяпер знайсці гэтую залатую стужачку? А я яму адказаў: "Напэўна, вы жонцы даўно кветкі не дарылі. Цяпер усюды атласныя стужкі, а залатых стужак пластыкавых ужо няма". Ён вельмі псіхаваў, вельмі даводзіў маіх сведак, на адвакатку маю крычаў. Увогуле, паводзіў сябе фрывольна. Я потым пасля суда напісаў на яго дзве скаргі: "Мне сорамна за такіх суддзяў у мантыях, вы зганьбілі наогул закон і права", і перадаў праз сакратара судовага пасяджэння. Вось такое я напісаў суддзі Ціунчыку.
Суд паводле другой адміністрацыйнай справы. "Яны закладнікі па ўласнай волі і жаданні"
Потым у мяне былі 15 сутак ад суддзі Пятровай анлайн. За тое, што я асвятленне ў нас у парку аўганцаў. Я раней запісаў такі сторыс. У сваім Instagram я магу даць "матнячка". Я лічу, мат часам прыгожа можна падаць. Ну, так грубенька сказаў. Яшчэ калі я тэлефанаваў у 105 – у нас ёсць служба такая ў Беларусі па пытаннях добраўпарадкавання, і там я з жанчынай не тое, каб лаяўся, я нагаворваў на ЖКГ, што яны там сволачы. Я тэлефанаваў з дому. І мне прад'явілі дробнае хуліганства. Я кажу: "Якое можа быць дробнае хуліганства ў грамадскім месцы, калі я дома быў? – "Але вы патэлефанавалі на лінію 105, а гэта ўжо грамадскае месца". І вось гэтая Пятрова і дала мне 15 сутак. Ёй вельмі трэба было мяне засудзіць. У Пятровай вельмі шмат палітычных спраў.
Такі момант быў, калі яна зачытвала мне 15 сутак, ўзнялася (а я анлайн быў у Шчучыне): "Відаць вам мяне?" А ў яе грудзі вялікія. І атрымлівалася, што яна без галавы [у экране кампутара], адны грудзі. Я хацеў сказаць: "Так, вас добра відаць, асабліва толькі вашыя пышныя грудзі". Ну я любіў стэндапіць.
Я быў хворы. Калі адбываўся суд, то ў мяне быў высокі ціск і тэмпература. І мая адвакатка прасіла, каб адклалі пасяджэнне. А ў іх была нестыкоўка: калі б адклалі суд, тады ім давялося б мяне выпускаць. Яна псіхавала. Выклікалі хуткую мне, хуткая дасылала ёй справаздачу, што можна адкласці суд. А яны крычала: "Я ўсё адно вас засуджу сёння", таму што ім трэба было мяне затрымаць яшчэ на 15 сутак, бо ў той час яны мне ўжо прад'явілі крымінальную справу. І яна крычала, псіхавала, што ідзе не паводле яе [плану], а ў яе ж загад – нашы ж суддзі несвабодныя, яны працуюць паводле загадаў. На іх ціснуць, напэўна, КДБ і УУС, таму што суддзі – закладнікі ў нас у краіне. Яны закладнікі з уласнай волі і жадання. Калі люстрацыя будзе ў Беларусі, трэба, каб і суддзі люстрацыю праходзілі. Асабліва тыя, што паводле палітычных справаў замазаныя. У нас вельмі шмат гэтых суддзяў: Кастрычніцкі, Ленінскі суд горада Гродна, абласны суд... І Пятрова мяне засудзіла хворага, яна парушыла закон.
Крымінальная справа. "АГЛ" і "анучка"
Следчы быў – ведаеце, аж сорамна казаць прозвішча – Пачобут. Разумееце? Я думаю: "О, наш Пачобут сядзіць там, і мой следчы Пачобут". Я яму заўсёды глядзеў у вочы – ён іх апускаў. Яны ведалі, што робяць са мной злачынства.
У мяне 368 артыкул – і мне падабаецца, калі журналісты пішуць "абразу Лукашэнкі", а не "абразу прэзідэнта". Таму што прэзідэнта ж няма. То-бок ён ёсць: прэзідэнт, якога абралі ў 2020 годзе, вы ведаеце, дзе Святлана жыве. А Лукашэнка нелігітымны, дагэтуль гэта кажу. У мяне дарэчы "нелігітымны" таксама ў "абразы" запісана. Экспертыза прызнала ўсё гэта як "негатыўнае выказванне".
Акрамя "нелігітымнага", было "апошні дыктатар Еўропы" і "пацучыны кароль". Гэта я напісаў пост у Instagram, але – без яго фота. "АГЛ" там было. Экспертыза не разабрала, каго я абразіў, я ніводнага паказання не даў паводле сваёй справы, не прызнаў віну. У іх будуюцца справы на "ну ты ж разумееш". Я кажу: "Што вы разумееце?"
А другое – гэта артыкул 370, "здзек з дзяржсімволікі". Мне не падабаецца, што многія людзі думаюць, што здзекаваўся з сцяга – гэта сарваў сцяг, абпляваў, абасцаў, спаліў... Не! Я хачу данесці гэта да людзей. Я на шчучынскай запраўцы ўзяў маленькі сцяжок – гэта не дзяржсімволіка! Тут маленькі сцяжок сувенірны, які стаіць на запраўцы, дзе прадаюць прэзерватывы, цыгарэты, піва, гарэлку, машыннае масла – і стаіць сцяг. Гэта дзяржсімволіка? Гэта тавар. Я ўзяў яго ў рукі, прыйшоў на касу і спытаў: "Колькі каштуе?" Яны кажуць: "Пяць рублёў і пяцьдзесят капеек". А я кажу: "Ой, так дорага!" Бо гэта дорага, за маленькі кавалачак – не анучы! А анучкі. І паставіў на месца. Вось гэта мне інкрымінавалі як здзек з дзяржсімволікі. Забралі гэты сцяжок. Толькі я не ведаю, як яны вызначалі, які гэта сцяжок. Яны паехалі, нейкі сцяжок узялі з гэтых – там жа іх куча стаіць. Можа нават не той, які я ў руках трымаў. Прывезлі на экспертызу. Сувенірны! Ён нават не з анучкі зроблены, а з пластыка. Вунь, колькі разоў я скідваў фоткі пасля ябацькінскага мітынгу, як у сметніцы сцяжкі ляжаць гэтыя папяровыя. Дзённік у школе выкідае, вучань ірве з вокладкай, там дзе беларускі сцяг – гэта ж таксама можна лічыць здзекам? Скрынка, дзе "зроблена ў Беларусі" і беларускі сцяг у сметніцы – таксама можна лічыць здзекам з дзяржсімволікі? Дык вось, і яны гэты сцяжок узялі, прывезлі, і потым мне адправілі, што яго вярнулі на месца і прадалі "заздзекаваны" сцяг гэты.
Вось так я "здзекаваўся з дзяржсімволікі".
Суд паводле крымінальнай справы
Я не даў ніводнага паказання. Мне не падабалася, як Ціунчык вёў маю справу – да маіх сведкаў ён ставіўся грэбліва. Ніякай павагі да яго няма. Маю цётку ён адчытваў як дзяўчынку. Беспакаранасць адчувалася. Яшчэ ён вельмі прыніжаў маю адвакатку, Юлечку [Юргілевіч]. Яна цяпер сядзіць. Яна ж маю справу не давяла – яе пазбавілі ліцэнзіі на маёй крымінальнай справе. А самае цікавае, што апеляцыю маю разглядаў суддзя Рачынскі – я ў яго практыку праходзіў, я ж юрыст паводле адукацыі. І Рачынскі пакінуў маю апеляцыю без зменаў.
- Вадзім Ермашук (Vadimati). Фота: Радыё Свабода
Іншыя адміністрацыйныя справы
Наогул [у інтэрв'ю для ютуб-канала "Мы вернемся"] я сказаў, што ў мяне агулам чатыры адміністрацыйкі і дзве крымінальныя. Я забыўся яшчэ пра адну адміністрацыйку, якую атрымаў у 2020 годзе. 23.34, я заплаціў штраф у 20 базавых велічынь. Мяне знайшлі па фота. І я прызнаўся, я сказаў: "Так, гэта я быў на плошчы". Тады быў дзень нараджэння Лукашэнкі – і ўсе гарадзенцы пайшлі ў псіхіятрычную лякарню прасіць, каб яны забралі Сашу. І калі ўся гэтая калона рухалася, знайшлі маё фота. Я сказаў: "Так, гэта я".
Астатнія дзве адміністрацыйкі былі пасля снежня, калі мне вынеслі прысуд паводле крымінальнай справы. Па адной мне далі 20 сутак( за лагатып Белсат), а па другой – 15 (за Nexta), ці наадварот, я не памятаю. 35 дзён. А значкі-лагатыпы былі пастаўленыя, калі яны яшчэ не былі прызнаныя экстрэмісцкімі – гэта мае сторыс у Instagram, дзе мяне людзі адзначалі. У маёй гісторыі былі сторысы, гэта значыць, людзі гэтага ўжо не бачылі.
Пасля прысуду паводле крымінальнай справы я ездзіў то ў Шчучын, то ў Гродзенскую турму. Тады былі маразы, холад, я ў аўтазаках ездзіў туды-сюды. 70 кіламетраў ехаць у аўтазаку цяжка. Сем месяцаў. Мяне забралі 16 жніўня, а 25 сакавіка я толькі паехаў у зону. І 27 сакавіка прыехаў.
Папраўчая калонія № 2
Калі я прыбыў у калонію, мяне пратрымалі месяц у карантыне. Не тлумачылі, чаму. Не ведалі, у які атрад адправіць.
Магу расказаць пра супрацоўнікаў міліцыі, вертухаеў, якія прыніжалі мяне там. Казлоў Дзмітрый Барысавіч. Ён сябе паводзіць, як быццам ён начальнік калоніі. Ён абражае зняволеных, прыніжае іх, паводзіць сябе задзірліва, гаркае, можа ўдарыць па назе. Ён называў мяне "гамадрылам" прама ў твар, перад атрадам. Яго ўсе зэкі ненавідзяць у зоне. "Кончаныя, мразі, бл*дзі, даўба*бы" – проста такое жудаснае стаўленне да людзей. І вельмі ён душыць палітычных. Маральна, здзекліва. Ён яшчэ працуе там, але я спадзяюся, яго калі-небудзь звольняць, паглядзеўшы маё інтэрв'ю. Таму што аднаго чалавека звольнілі там з прозвішчам Рудольф. Ён вельмі мярзотны. Аднойчы я ішоў, вельмі было холадна, мы мерзлі там зімой, і я [нацягнуў] на горла шалік, а яго трэба было закручваць [іншым спосабам]. Ён падышоў да мяне, пацягнуў за яго, і спытаў: "Што гэта?" А я не зразумеў, што так нельга. І падумаў, што ён паглядзеў, паголены я ці не (таму што нас гнабілі, калі ты не паголены, асабліва палітычных, то можна ШІЗА атрымаць) – і я спытаў: "Усё нармальна?" А ён такі свайму вертухаю: "Глядзі, як ён размаўляе". А я ў "нізкім статусе" іду напрыканцы. Ён, напэўна, падумаў, што я гвалтаўнік, маньяк. І ён такі, не паглядзеўшы на маю бірку, кажа: "Ненармальна ўжо тое, што ты з'явіўся на гэты свет. Зразумеў, вырадак?"
Мяне так гэтыя словы закранулі... Вы ведаеце, мяне маці гадавала, яна з інваліднасцю, яна кульгала – у яе адна ножка карацей другой. Яна дамаглася ўсяго, яна была галоўным натарыусам Кастрычніцкага раёна ў горадзе, паважаны чалавек. Я быў доўгачаканым дзіцём – у 33 гады яна мяне нарадзіла... Я такую траўму атрымаў праз гэтыя словы. Для мяне гэта было як для сіраты і як для чалавека, які страціў маці [маці Вадзіма памерла, калі яму было 11 гадоў – Заўв.] І ведаеце, што яны потым зрабілі? Я спытаў: "А як трэба?" І ён кажа "Бяры адзін канец" гэтаму вертухаю, і бярэ другі канец – і пачынаюць мяне душыць шалікам гэтым. Я рэальна ўжо пачаў задыхацца, а яны ржуць.
Я расказаў усю гэтую гісторыю. Я па тэлефоне стараўся сказаць гэта, у лісце напісаць. Я разумеў, што на мяне будзе ціск.
І яго звольнілі, кажуць, са скандалам.
Схіленне да супрацоўніцтва
Калі я вызваляўся [з калоніі], да мяне ў розны час КДБ і ГУБАЗ прыязджалі схіляць на супрацоўніцтва. Ой, мне нельга ж гэта казаць! Яны ж прасілі... Але мы гэта, вядома, скажам. Я нічога не падпісаў. ГУБАЗіК прыніжаў мяне, а чэкісты размаўлялі ветліва. Я ім вельмі выгадны быў. Яны разумелі, што народ са мной – па лістах, таму што мне пісалі тысячы лістоў, якія я не атрымліваў. І ГУБАЗ мне адразу сказаў, што я ім выгадны. Яны мне падсоўвалі аркушык, там дзе дзяржбяспека і ўсё такое... Адзін, з барсетачкай такой, прасіў падпісаць супрацоўніцтва. Але я заўсёды гуляю ў дурня. Вы ведаеце, я хадзіў апошнія паўтара года як чалавек, які ўвесь час хварэе... І я кажу: "Я сяджу ў закладніках, а вы прыйшлі да мяне... Дайце мне вызваліцца, я падумаю, параюся з дзядзькам". Як ён пачаў на мяне гарлапаніць: "Ты прыдурак, ты даўба*б, ты што нясеш, дэбіл ты! Ты кончаны, гэта ж усё сакрэтна! Ты ў курсе, што мы цябе наогул можам не вызваліць?!"
І ён мне ставіць пытанне: "Ты з намі ці супраць нас? Ты за Беларусь ці супраць яе?" Я кажу: "Ну вядома я за Беларусь, за людзей, за народ". Са мной ён недзе паўгадзіны размаўляў. Звычайна з усімі размаўлялі па 5-10 хвілін, але са мной міліцыя заўсёды доўга размаўляла. І ён кажа: "Мы цябе наогул закрыем, пойдзеш ты далей". А я, думаю, пад дурачка зграю: "А мне сказалі, што выпусцяць, да мяне два мужчыны ў касцюмах прыходзілі за тры дні да вас... Ой, я ж не магу гэтага казаць". Ён падскочыў: "А хто да вас прыходзіў?" – "У касцюмах, напэўна, больш сур'ёзныя за вас". І яны такія: "Усё, дэбіл, ты дагуляўся, ідзі". І ўсё, я сышоў.
А хлопцы ў касцюмах ветліва са мной размаўлялі – яны далі мне зразумець, што мяне ўсё ж такі вызваляць. Ну ім навошта мяне катаваць – уявіце, калі б мяне не вызвалілі, я б там памёр. Анкалогія б далей развілася і дала б метастазы.
Я так думаю, што гэта былі КДБ і ГУБАЗіК. Але яны ж не называюцца. Ты заходзіш у кабінет да нейкага міліцыянта з калоніі, адчыняеш дзверы, а там сядзіць іншы чалавек. І ты думаеш: "Хто ты?" Гэта было за месяц да майго вызвалення. Спачатку прыходзілі КДБ, і праз тры дні прыйшоў ГУБАЗіК.
Адзінае, што я падпісаў – гэта распіска, што не выйду на плошчу. Ведаеце чаму? У 2011 годзе я ўжо такую распіску пісаў. "Я абавязуюся не выходзіць на плошчу, не падтрымліваць акцыі пратэсту" – яны рыхтуюцца да гэтага. Яны ў думках разумеюць, што гэта будзе ў нас у Беларусі.
Самае цяжкае за час зняволення
Самым цяжкім было прызнаць, што я чалавек "нізкага статусу" чалавечага. Гэта так мне было цяжка псіхічна.
І яшчэ цяжка было, як мая сям'я. Бо калі сядзіш ты, з табой разам сядзіць і твая сям'я. У мяне няма родных, у мяне стрыечныя, але яны як родныя. Асабліва сястра. Я яе бязмерна люблю і паважаю. Хай яна гэта ведае.
Я хачу, каб хутчэй усё змянілася ў Беларусі. Я хачу сказаць словамі Зяленскага, каб мы ўжо сёлета сказалі: "Жыве Беларусь".
Крыніца: "І ў іх мэта была знайсці ў мяне сэкс-цацкі", — экс-палітвязень Вадзім Ермашук Аўдыё