09.01.2025 Тэгі: грамадства, палітвязні, праваабаронцы, правы чалавека Асобы: Алесь Бяляцкі Праваабаронца Алег Мацкевіч разважае пра неабходнасць хутчэйшага вызвалення Нобелеўскага лаўрэта міру Алеся Бяляцкага і прыводзіць аргументы, чаму гэта важна для усіх беларускіх палітвязняў.
Яшчэ год таму аб вызваленні “палітычных” казалі толькі як аб гіпатэтычнай падзеі. Пасля 2020 году былі спадзяванні, што вось-вось штосьці пераменіцца – унутры краіны, або за яе межамі – і рэжым будзе вымушаны змякчыцца, саступіць, пайсці насустрач беларускаму грамадству, або, прынамсі, дэмакратычнаму цывілізаванаму свету, і пачне выпускаць палітвязняў.
Час ішоў, але цуд не адбываўся. Наадварот, тое, што мы назіралі, сведчыла аб супрацьлеглым – устойлівым нежаданні ўлады пачынаць працэс грамадзянскага прымірэння. Рэпрэсіі не спыняліся ні на дзень, ні на гадзіну. З’яўляліся ўсё новыя адміністратыўныя і крымінальныя справы, а ахвярамі рэжыму рабіліся ўсё новыя людзі.
Урэшце праз 4 гады ад пачатку масавага пераследу палітвязняў пачалі вызваляць невялікімі партыямі праз указы А. Лукашэнкі аб памілаванні.
Тое, што адбывалася на працягу другой паловы 2024 году, калі за 8 хваляў памілаванняў на волю выйшла 227 палітвязняў, безумоўна, мае станоўчы характар і можа толькі вітацца. Але калі дэталёва разбірацца ў акалічнасцях, то відавочна, што вынікі працэсу вызвалення, ініцыяванага ўладай, мала карэлююць з канчатковымі лічбамі палітзняволеных, якія агучваюць праваабаронцы, а інакш кажучы – з паняццем поспеху.
Значная доля памілаваных выходзіла на свабоду не адбыўшы тэрмін у некалькі месяцаў, а бывала нават тыдняў. Немалая частка іх выдалілася б са спісаў палітзняволеных крыху пазней з іншай цалкам аб’ектыўнай прычыны – па адбыцці ўсяго тэрміну пакарання. Разам з тым пералік рэпрэсаваных няспынна папаўняўся – проста таму, што рэпрэсіі працягваюцца.
Што ж далей? Ці было вызваленне палітвязняў толькі гульнёй улады, зрэжысаванай перад псеўдавыбарамі, або яно сталася ўстойлівым трэндам на бліжэйшую будучыню?
І, нарэшце, асноўнае. Ці павінны мы намагацца выцягнуць з-за кратаў канкрэтных асобаў, не адмаўляючыся ад патрабавання вызвалення ўсіх палітвязняў? На карысць такой думкі ёсць канкрэтнае імя і некалькі аргументаў.
Рацыянальны: вызваленне усіх праз вызваленне Алеся Бяляцкага
Бяляцкі – адзін з найбольш вядомых пратаганістаў Беларушчыны. Ён жа, бадай, самы “гучны”, самы прынцыповы і самы паслядоўны антаганіст лукашэнкаўскага рэжыму, калі разглядаць апошні як з’яву глыбока антынародную, антыправавую і агуманную. Без цені сумневу можна казаць, што Алесь быў такім і да 7 кастрычніка 2022 году, калі Нарвежскі Нобелеўскі камітэт паведаміў аб яго узнагароджанні прэміяй міру.
Шматгадовая плённая дзейнасць на ніве беларускага Адраджэння і ў праваабарончым сектары, палітычны пераслед з боку савецкай, а потым і лукашэнкаўскай улады, бэкграўнд палітвязня па першай крымінальнай справе ў 2011 годзе, шырокая вядомасць і прызнанне як сярод беларусаў, так і далёка за межамі краіны – гэта ўсё Алесь. Міжнародная прэмія міру толькі ўзмацніла духоўны і чалавечы патэнцыял кіраўніка “Вясны”.
Патрабаванне вызвалення ўсіх палітзняволеных у сучасным кантэксце – без так званых “плюшак” – успрымаецца беларускай уладай як гульня з нулявой сумай, калі выйгрыш дэмакратычных сілаў (адсутнасць палітзняволеных) будзе роўны страце для рэжыму (знікае прадмет гандлю). Але вызваленне аднаго толькі Бяляцкага можа стаць для ўсіх бакоў класічнай сітуацыяй “win-win” – узаемнай выгады: рэжым дае ясны і адназначны сігнал аб гатоўнасці да перамоваў, пасля чаго з вялікай верагоднасцю з ім пачнуць размаўляць, а беларускія дэмакратычныя сілы атрымліваюць асобу, якая здольная наладжваць масты складанай камунікацыі.
Вызваленне кіраўніка Вясны створыць магутны імпульс для вызвалення ўсіх палітзняволеных. Набыўшы вялікую грамадска-палітычную вагу ў няволі, на свабодзе Бяляцкі зможа канвертаваць яе для выратавання ўсіх “палітычных”. Хто сумняецца ў патэнцыяле Алеся не павінны забывацца на тое, што абодва разы ён патрапіў за краты праз нязломны характар і волю, і што ўвесь час ён дэманструе тое, што, па сутнасці, з’яўляецца хрысціянскім падзвіжніцтвам – калі чалавек ахвяруе сабой і сваім жыццём дзеля зацвярджэння самых высокіх ідэалаў гуманізму.
Аптымістычна-рэалістычны: будучыня Беларусі моцна залежыць ад наяўнасці такіх людзей, як Алесь
Нягледзячы на тое, што Алесь не з’яўляецца палітыкам у класічным разуменні, ён здольны адыграць важную ролю ў грамадска-палітычным жыцці Беларусі ў найбліжэйшай перспектыве. Тут ужо, мабыць, не абысціся без цытавання арыгінала: “Трэба пачаць шырокі грамадскі дыялог, накіраваны на нацыянальнае прымірэнне, як бы гэта цяжка не здавалася бы камусьці пайсці на гэта… Досыць, трэба спыняць гэтую грамадзянскую вайну!” (цалкам з апошнім словам Бяляцкага на апошнім судзе можна азнаёміцца тут).
Прыхільнік вы дзеючай улады, або апазіцыянер, любіце вы Расію, або вам больш падабаецца еўраатлантычны выбар, размаўляеце вы па-беларуску, або карыстаецеся рускаю, – незалежна ад усяго мы павінны разумець, што адзіным слушным шляхам у будучыню з’яўляецца шлях нацыянальнага прымірэння. Не на словах, а на справе.
Ці можа стаць Алесь Бяляцкі для Беларусі тым, кім стаў Вацлаў Гавел для Чэхіі ў складаны перыяд гістарычнага часу, звязанага з трансфармацыяй і пераходам да дэмакратыі? Прадказаць гэта зараз немагчыма. У той жа момант вельмі важна, каб Беларусь будучыні была прадстаўлена людзьмі, якія прамаўляюць мовай нацыянальнай еднасці.
Рэтраспектыўны (эмацыйны)
Амаль стагоддзе мінула з тых падзей, якія сталі змрочным прадвесцем Другой сусветнай вайны. У 1938 годзе ў няволі пайшоў з жыцця Карл фон Асецкі – знакавая постаць, прынцыповы праціўнік гітлераўскага рэжыму, вялікі гуманіст і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру.
Людзям добрай волі не ўдалося выратаваць героя, які кінуў выклік нацызму. Услед за яго смерцю адбылася ганебная Мюнхенская змова, а ў яе працяг – вайна, Халакост і шматмільённыя смерці нявінных ахвяраў.
Як гэта ні прыкра ўсведамляць, але з вышыні сённяшняга дня ланцужок тых гістарычных падзей выглядае абсалютна лагічным і няўхільным у сваёй страшнай паслядоўнасці.
У трывожны час глабальных геапалітычных зрухаў і ваенных канфліктаў, якія ізноў пагражаюць перарасці ў крывавую сусветную бойню, людзі добрай волі могуць пачаць дзейнічаць і выратаваць жыццё Нобелеўскага лаўрэата. Перарваць няўмольны ланцужок магчымай жахлівай будучыні на самым яго пачатку.
* Адказнасць за змест тэкстаў і дакладнасць фактаў нясуць выключна аўтары блогаў
У мэрыі Парыжу праваабаронца Алег Арлоў заклікаў дамагацца выхаду на волю Алеся Бяляцкага
Крыніца: Алег Мацкевіч: "Тры аргументы на карысць вызвалення Алеся Бяляцкага"