08.01.2025 Тэгі: аналітыка, выбары-2025 Экспертная місія па назіранні за выбарамі*2025 арганізаваная Беларускім Хельсінкскім Камітэтам і ПЦ "Вясна" ў межах кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары". Місія збірае і аналізуе інфармацыю аб выбарчай кампаніі паводле адкрытых крыніц і паведамленняў ад выбаршчыкаў з Беларусі.
ВЫСНОВЫ:
- Фармаванне ўчастковых выбарчых камісій (УВК), што непасрэдна арганізуюць і праводзяць галасаванне і падлік галасоў, завершанае ў адпаведнасці з каляндарным планам 26 снежня 2024 г.
- Агулам было ўтворана 5325 УВК (на 86 менш, чым у адзіны дзень галасавання 2024 г., і на 398 менш, чым на прэзідэнцкіх выбарах 2020 г. (даныя без уліку ўчасткаў за мяжой у 2020 г.)). У іх склад увайшло 56 550 чалавек. Скарачэнне колькасці УВК пры невялікім павелічэнні сярэдняй колькасці сябраў[1] камісій азначае, што скарочаныя малалікія ўчасткі, то-бок гэты працэс можна ахарактарызаваць як узбуйненне выбарчых участкаў; такая аптымізацыя адлюстроўвае дэмаграфічныя працэсы, але можа ставіць пытанне фізічнай даступнасці ўчасткаў;
- Захоўваецца тыповая для беларускай мадэлі імітацыі дэмакратычных працэсаў карціна асноўных суб'ектаў, якія вылучалі сваіх прадстаўнікоў у склад УВК ("іншыя грамадскія аб'яднанні", палітычныя партыі, грамадзяне, працоўныя калектывы). У сітуацыі татальнай зачысткі грамадзянскай актыўнасці асабліва сумнеўнай з'яўляецца заяўленая нізавая актыўнасць грамадзян, якія нібыта вылучылі больш за 16,5 тысяч прадстаўнікоў, што сабралі подпісы як мінімум 10 чалавек у падтрымку свайго вылучэння.
- Ненатуральна выглядаюць паводзіны палітычных партый (пасля перарэгістрацыі 2023 г. іх засталося ўсяго 4): лідары 3 з гэтых партый зарэгістраваныя ў якасці кандыдатаў у прэзідэнты, і было б лагічна бачыць актыўную гатоўнасць запоўніць УВК сваімі прадстаўнікамі, але гэтыя 3 партыі сукупна вылучылі толькі 4,3% ад агульнай колькасці вылучаных прадстаўнікоў. Такія паказчыкі падкрэсліваюць імітацыйны характар удзелу палітычных партый ды іх лідараў у гэтых выбарах*; іх асноўная роля — забеспячэнне легітымацыі працэдуры праз стварэнне карцінкі альтэрнатыўнасці і дэмакратычнасці;
- У выніку непразрыстага працэсу разгляду органамі выканаўчай вертыкалі спісаў вылучаных прадстаўнікоў, яны практычна цалкам былі зацверджаныя (99,5% ад вылучаных у сябры УВК). Прадстаўнікі грамадзян занялі 29,1% месцаў ва УВК; прадстаўнікі 4 палітычных партый — 9,8%; прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў (большасць з якіх — найбуйнейшыя праўладныя арганізацыі, што маюць з 2023 г. заканадаўча замацаваны асаблівы статус набліжанасці да дзяржавы) — 49,4%; прадстаўнікі працоўных калектываў — 11,7%;
- Прыкметная асаблівая роля праўладных прафсаюзаў, якія атрымалі 15,7% месцаў ва УВК, што пацвярджае ролю прафсаюзаў як адной з асноўных крыніц "працоўных рук" для парушэння выбарчага заканадаўства і пры гэтым стварэння карцінкі дэмакратычнага працэсу.
- Гэтак жа як у выпадку з тэрытарыяльнымі і акруговымі камісіямі, захоўваецца гендарная дыспрапорцыя: доля жанчын (74,8%) у складзе УВК значна перавышае долю мужчын.
- Трэцюю выбарчую кампанію заканадаўства дазваляе не публікаваць пайменныя спісы сябраў УВК. Гэта значна ўскладняе магчымасць ацаніць спецыфіку складу УВК, у прыватнасці тое, наколькі захоўваецца "вытворчы прынцып", што звычайна практыкуецца ў час фармавання выбарчых камісій, калі сябры камісіі лічацца прадстаўнікамі розных суб'ектаў (партыі, грамадзяне, грамадскія аб'яднанні), але набраныя з аднаго працоўнага калектыву, а іх непасрэдныя начальнікі з'яўляюцца кіраўнікамі гэтых выбарчых камісій;
- Фармаванне УВК (як і іншыя этапы выбараў*2025) праходзіла без незалежнага назірання, таму працэдурныя аспекты фармавання УВК застаюцца без грамадскага кантролю.
- Этап фармавання УВК практычна не быў прыкметны ў публічнай прасторы: не было шырокага інфармавання выбаршчыкаў аб правах і магчымасцях па ўдзелу ў фармаванні УВК, што паказвае агульную незацікаўленасць уладаў у рэальным удзеле грамадзян у выбарчым працэсе і пацвярджае курс на абсалютны адміністрацыйны кантроль над усімі этапамі выбараў*2025.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Выбары*2025. Аналітычная справаздача аб утварэнні ўчастковых камісій
Файлы
- spravazdacha_2025_utvarennie_uch_bel.pdf (0.42 Mb)
Крыніца: Выбары*2025. Аналітычная справаздача аб утварэнні ўчастковых камісій Дакумент