29.12.2024 Тэгі: палітвязні, аналітыка, інфаграфіка, рэпрэсіі Мінулы год для беларусаў прайшоў пад знакам масавага пераследу за салідарнасць. Год, у якім Лукашэнка ў чарговы раз паказаў, што з жанчынамі ён усё ж такі ваюе. Пенсіянеркі, непаўнагадовыя падлеткі, хворыя на анкалогію, шматдзетныя бацькі — для рэжыму няма розніцы, каго затрымліваць, калі ў дзеяннях беларусаў бачаць "экстрэмізм". 2024 год адзначыўся і некалькімі хвалямі памілаванняў, падчас якіх агулам выйшлі 227 палітзняволеных. Пры гэтым штодзённа па ўсёй Беларусі працягваюцца затрыманні дзясяткаў чалавек. Выбары, якія пройдуць ужо ў студзені новага года, распачалі серыю новых прэвентыўных атак на грамадскі сектар. Акрамя гэтага, сітуацыя з палітвязнямі ў Беларусі застаецца на стабільна крытычным узроўні. Зняволеныя ўтрымліваюцца ў жудасных умовах без магчымасці атрымання якаснай і своечасовай медыцынскай дапамогі, зазнаюць катаванні і збіванні, утрымліваюцца месяцамі без сувязяў са знешнім светам. "Вясна" ў лічбах распавядае, як за 2024 год змянілася сітуацыя з палітзняволенымі.
Па стане на 29 снежня 2024 года ў беларускіх месцах няволі ўтрымліваюцца 1 265 палітвязняў. З іх 1097 — мужчыны, 168 — жанчыны.
Паводле "Вясны", мінімум 224 палітвязняў знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы. За кратамі 104 чалавекі знаходзяцца ў цяжкім стане фізічнага здароўя, 11 чалавек маюць інваліднасць, 46 сталых людзей, чый узрост перавышае 60 гадоў (шмат хто з іх мае вялікія праблемы са здароўем), а таксама 16 чалавек з ментальнымі разладамі. Сярод палітзняволеных — 29 шматдзетных маці і бацькоў.
"Я, напэўна, проста памру тут": хто з палітвязняў знаходзіцца ў асаблівай рызыцы за кратамі
Для людзей з пэўных уразлівых групаў зняволенне апынаецца яшчэ большым выпрабаваннем, чым для астатніх. Да таго ж, яно яшчэ больш пагаршае стан іх здароўя праз несвоечасова аказаную дапамогу, адсутнасць рэгулярных медабследаванняў, якія ім патрэбныя, недасяжнасць патрэбных медычных сродкаў.
На дадзены момант у месцах зняволення ўтрымліваюцца:
- 45 прадстаўнікоў медыя;
- 175 культурных дзеячаў;
- 6 праваабаронцаў;
- 17 лекараў;
- 7 адвакатаў;
- 20 вайскоўцаў;
- 10 святароў і вернікаў;
- больш за 30 айцішнікаў.
Сярод сённяшніх палітзняволеных налічваецца мінімум 30 сямей, за апошнія некалькі гадоў гэта максімальная колькасць сямей за кратамі. У зняволенні апынуліся браты і сёстры, бацькі і дзеці, суджанцы.
Так, напрыклад, цяпер у зняволенні знаходзяцца Аляксей Зачапіла і яго жонка Людміла Ліхачэўская.Іх змясцілі пад варту, нягледзячы на тое, што ў пары трое дзяцей, адзін з іх — непаўналетні. У іх праз суд спагналі грошы на ўтрыманне дзяцей.
Інкамунікада — цяжкае парушэнне правоў чалавека. Гэта знаходжанне асуджанага без права перапіскі і спатканняў са сваякамі і адвакатам. На сённяшні дзень вядома як мінімум пра дзевяць палітвязняў у рэжыме "інкамунікада": Сяргей Ціханоўскі, Ігар Лосік, Віктар Бабарыка, Максім Знак, Мікалай Статкевіч, Мікалай Банькоў, Аляксандр Францкевіч, Андрэй Навіцкі і Уладзімір Кніга.
Марыя Калеснікава знаходзілася без сувязі са знешнім светам больш за 600 дзён, але ў лістападзе 2024 года ёй дазволілі сустрэцца з бацькам.
Адной з галоўных тэндэнцый апошніх двух гадоў можна назваць узмацненне пакарання палітвязням. Пасля пераводу ў месцы пазбаўлення волі на іх пачынаецца ціск з боку адміністрацыі калоніі: ім выпісваюць спагнанні па надуманых прычынах, пазбаўляюць перадач і спатканняў, адпраўляюць у ШІЗА і ПКТ.
Гэта становіцца падставай для пераводу на турэмны рэжым ці ўзбуджэння крымінальнай справы паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).
Паводле праваабаронцаў, з 2020 года як мінімум 95 палітзняволеных перавялі на турэмны рэжым і супраць яшчэ 66 распачалі новыя крымінальныя справы за "непадпарадкаванне адміністрацыі".
З чэрвеня 2024 года Лукашэнка падпісаў некалькі Указаў аб памілаванні палітвязняў. Агулам на волю па памілаванні выйшлі 227 чалавек. Сярод іх людзі з цяжкімі захворваннямі, шматдзетныя бацькі, пенсіянеры. У тым ліку былі памілаваныя 67-гадовы Рыгор Кастусёў, анкахворы палітвязень Павел Кучынскі і журналістка Ксенія Луцкіна
Акрамя гэтага, пяцёх палітзняволеных грамадзян Украіны вызвалілі па абмене як палонных. На волі апынуліся Наталля Захаранка, Павел Купрыенка, Людміла Ганчарэнка, Кацярына Бруханава, а таксама фігурант "справы дыверсіі ў Мачулішчах" Мікалай Швец.
За апошні год статус "палітвязня" атрымалі агулам 589 чалавек.
З 2020 цалкам адбылі тэрміны і выйшлі на волю не менш за 1385 палітзняволеных — удвая больш у параўнанні з мінулым годам. Адзначым, што некаторыя пасля вызвалення зазнаюць паўторны пераслед і затрымліваюцца па новых крымінальных справах.
Мінулы год адзначыўся трагічнымі датамі ў гісторыі сучаснай Беларусі — смерцямі чатырох палітвязняў, чыё сэрца спынілася за кратамі.
У ноч 9 студзеня 2024 года ў віцебскай калоніі № 3 ад пнеўманіі памёр 50-гадовы палітзняволены Вадзім Храсько. У жніўні 2023 года Мінгарсуд прызначыў яму тры гады зняволення за некалькі данатаў, нягледзячы на тое, што мужчына меў сур'ёзнае захворванне. У бальніцу мужчыну даставілі, калі яго ўжо нельга было выратаваць.
На 64-м годзе жыцця напрыканцы лютага 2024 году памёр палітзняволены грамадскі актывіст Ігар Леднік. Ён быў асуджаны да трох гадоў зняволення за "паклёп на Лукашэнку". Палітвязень меў інваліднасць другой групы праз праблемы з сэрцам, але яму ўсё роўна прызначылі пазбаўленне волі. У зняволенні стан здароўя Ігара Ледніка істотна пагоршыўся, яму была зроблена аперацыя на страўнікава-кішачным тракце. Прычынай смерці палітвязня стала спыненне сэрца. Медыкі спрабавалі яго рэанімаваць, аднак беспаспяхова.
9 красавіка 2024 году ў брэсцкім СІЗА памёр Аляксандр Кулініч. Яго абвінавачвалі ў "абразе Лукашэнкі". Суд над ім меўся адбыцца 16 красавіка. У высновах аб смерці пазначана, што Аляксандр памёр праз ішэмічную хваробу сэрца. У СІЗА № 7 Брэста журналістам сказалі, што зняволены з такім імем у іх знаходзіўся, але факт смерці пацвярджаць адмовіліся.
1 лістапада 2024 года стала вядома, што ў магілёўскай калоніі № 15 памёр грамадзянін Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Шлетгаўэр. Паводле папярэдняй інфармацыі, гэта здарылася 11 кастрычніка 2024 года. У пасведчанні аб смерці палітвязня паказаная прычына — "механічная асфіксія". Вельмі часта такі запіс робяць пры самагубствах. Але сям'я не верыць у самагубства, бо Дзмітрый меў планы, збіраўся пісаць прашэнне аб памілаванні. Улетку 2024 года мужчына быў асуджаны да 12 гадоў пазбаўлення волі за "шпіянаж" і "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці".
Агулам з 2021 года за кратамі памерлі сем палітвязняў.
Як беларусы паміраюць праз палітычны пераслед
Крыніца: Год рэпрэсій і памілаванняў: сітуацыя з палітвязнямі Беларусі за 2024-ы ў лічбах