24.12.2024 Тэгі: выбары-2025 Цэнтрвыбаркам 23 снежня вызначыў форму і зацвердзіў тэкст бюлетэня для галасавання на выбарах прэзідэнта Беларусі. У бюлетэні, апроч іншага, прапісалі забарону на фота- і відэаздымку запоўненага бюлетэня. Нагадаем, у 2020 годзе многія беларусы фатаграфавалі свае бюлетэні і адпраўлялі іх на альтэрнатыўную платформу падліку галасоў. У сакавіку 2023 года набыў моц абноўлены Выбарчы кодэкс, у ліку навацый – забарона на здымку запоўненых бюлетэняў для галасавання. Юрысты кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" пракаментавалі ўнясенне забароны ў выбарчы бюлетэнь.
"Інфармаванне аб выбарчым працэсе з'яўляецца абавязкам дзяржавы. Паводле міжнародных стандартаў, выбарчыя бюлетэні мусяць быць простымі і зразумелымі. Форма выбарчага бюлетэня павінна ўлічваць розныя ўзроўні пісьменнасці ў краіне (п.110, Правы чалавека і выбары, ААН). Самі па сабе тлумачэнні не з'яўляюцца парушэннем міжнародных стандартаў. Дзяржавы могуць вызначаць забарону на вынас бюлетэня за межы ўчастка і на ажыццяўленне фота- і відэаздымкі для прадухілення фальсіфікацый або забеспячэння захадаў, якія выключаюць магчымасць прымусу выбаршчыкаў.
Аднак у частцы 6 артыкула 72 Выбарчага кодэкса замацавана, што кожны бюлетэнь павінен утрымліваць тлумачэнне аб парадку яго запаўнення. Унясенне ў бюлетэнь дадатковых тлумачэнняў або забаронаў Кодэксам не прадугледжана. Акрамя таго, зыходзячы з палітычнага становішча і ўзроўню рэпрэсій, адлюстраванне забаронаў можа паказваць на запалохванне выбаршчыкаў, бо дзяржава, у дадатак да плакатаў з правамі і абавязкамі на выбарчым участку, дадаткова размяшчае забароны на бюлетэнях, каб выбаршчык дакладна не забыўся пра тое, што яму рабіць нельга".