13.12.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, грамадства, палітвязні, ціск, аналітыка, рэпрэсіі Пасля падзей 2020 года ў нашай краіне працягваецца беспрэцэдэнтная хваля рэпрэсій. Беларусаў дагэтуль працягваюць пераследваць за падзеі чатырохгадовай даўніны: пазбаўляюць волі за ўдзел у акцыях пратэсту, за публічнае выказванне нязгоды з дзеяннямі ўладаў і іншую палітычную актыўнасць. Перад сёмымі прэзідэнцкімі выбарамі хваля рэпрэсій узмацнілася: па ўсёй краіне ладзяцца вобшукі і затрыманні.

"Спроба ўдзелу ў вайне", "фінансаванне экстрэмізма" і "агентурная дзейнасць": каго і за што судзілі на гэтым тыдні

З другога па шостага снежня ў беларускіх судах разглядалі 66 крымінальных палітычных справаў, у межах якіх судзілі 70 чалавек

З 9 па 13 снежня ў беларускіх судах разглядалі 52 крымінальныя палітычныя справы, у межах якіх судзілі 82 чалавекі. Мінімум 12 судовых працэсаў праходзіла ў закрытым рэжыме. Найбольш распаўсюджаны палітычны крымінальны артыкул – "народны" артыкул 342 КК. У межах 23 спраў паводле яго судзілі 43 чалавекі — палову з усіх асуджаных. За "здраду дзяржаве" на мінулым тыдні судзілі мінімум дзевяць чалавек

Апроч гэтага, было разгледжана 18 апеляцый на прысуды, звязаныя з палітычнымі справамі. Па ўсёй краіне ў палітычных судах прымала ўдзел як мінімум 45 суддзяў. Алена Шылько з Мінскага гарадскога суда, Сяргей Багінскі з Гомельскага абласнога суда, Міхаіл Макарэвіч з Мінскага гарадскога суда паспелі разглеледзець на гэтым тыдні па дзве палітычныя справы.

Пяць суддзяў Мінска, якія працягваюць "канвеер" судоў над палітвязнямі ўжо больш за чатыры гады

"Вясна" распавядае пра пяць самых рэпрэсіўных суддзяў Мінска, якія ўжо больш за чатыры гады вядуць крымінальныя палітычныя справы.

Распавядаем пра палітычна матываваныя крымінальныя суды за мінулы тыдзень.

Мінімум 44 чалавекі судзілі за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе

9-13 снежня ў беларускіх судах разгледзелі мінімум 23 крымінальныя справы за пратэсты ў 2020 годзе паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Падчас пасяджэнняў асудзілі мінімум 43 чалавекі. Аднаго чалавека таксама асудзілі за ўдзел у пратэстах паводле арт. 293 (масавыя беспарадкі) Крымінальнага кодэксу.

Так, спевака Дзядзю Ваню асудзілі да двух з паловай гадоў "хатняй хіміі". Яго прызналі вінаватым паводле «народнага» арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Паводле версіі абвінавачання, Іван Вабішчэвіч узяў удзел у мітынгу 23 жніўня 2020 году. Падчас яго ён нібыта выкарыстоўваў «пратэсную сімволіку» і рухаўся па праезнай частцы горада.

Спевака Дзядзю Ваню асудзілі да "хатняй хіміі"

Сёння спевака Івана Вабішчэвіча (Дзядзю Ваню) асудзілі да двух з паловай гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — "хатняй хіміі".

Суд адбыўся 10 снежня ў судзе Партызанскага раёну Мінска. Працэс узначальвала суддзя Вольга Царык.

За ўдзел у акцыях пратэсту судзяць сужэнцаў. У "пакаяльным відэа" ад 21 кастрычніка сцвярджалася, што Вольга і Андрэй Пецюкевічы хадзілі на маршы разам з дачкой. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамлялі, што мужчына, які працуе прарабам, таксама мае татуіроўку "Пагоня". На "пакаяльным відэа" яго прымусілі сказаць, што ён звядзе яе, пасля таго, як выйдзе на волю. Іх справу ў судзе Заводскага раёна 9 снежня разглядала суддзя Вольга Грыневіч.

Суды паводле дыфамацыйных артыкулаў: каментары пра Лукашэнку і сілавікоў

Актыўна працягваюцца палітычна матываваныя суды за інтэрнэт-каментары пра Лукашэнку, сілавікоў і прадстаўнікоў улады. За мінулы тыдзень у Беларусі судзілі мінімум 17 чалавек за каментары пра Лукашэнку. Звычайна іх трактуюць, як "абраза Лукашэнкі" і заводзяць крымінальныя справы паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Іншы дыфамацыны артыкул, па якім судзяць за выказванне пра палітыка – "паклёп на Лукашэнку" (арт. 367 КК). Па ім судзілі 11 чалавек. За "абразу прадстаўніка ўлады" (арт. 369 КК) судзілі 9 чалавек. За "распальванне іншай сацыяльнай варожасці" судзілі мінімум 19 чалавека ў межах 14 судовых пасяджэнняў (арт. 130 КК).

Дыфамацыйныя артыкулы ў Крымінальным кодэксе Беларусі: адказваем на пытанні

Дыфамацыя — распаўсюджванне ганебнай інфармацыі пры дапамозе СМІ.

У Брэсцкім абласным судзе 10 снежня распачаўся завочны суд ў дачыненні да Аляксандра Чахоўскага. Раней яго судзілі разам з пяццю іншымі фігурантамі справы «Рудабельскай паказухі». 

Аляксандр Чахоўскі быў асуджаны за «абразу прадстаўнікоў улады» (арт. 369 КК) і «здзек з дзяржаўных сімвалаў» (арт. 370 КК) да 3 месяцаў арышту. Але 20 верасня 2024 года Вярхоўны суд падчас апеляцыі адмяніў прысуд у дачыненні да Чахоўскага і адправіў ягоную справу на перагляд. Астатнім фігурантам справы прысуд пакінуты без зменаў. Цяпер новы працэс вядзе Сяргей Беразюк.

10 снежня журналістку Вольгу Радзівонаву асудзілі да чатырох гадоў калоніі. Вольгу абвінавацілі паводле ч. 1 і 2 арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку), арт. 369–1 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь), ч. 1 арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы), ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі). Прысуд у Мінгарсудзе вынесла суддзя Вера Галаўкова. 

Вольга Радзівонава

Журналістку затрымалі 7 сакавіка, што падчас утрымання ў СІЗА № 1 яе накіроўвалі на псіхіятрычную экспертызу ў лякарню ў Навінках. Хворая маці Вольгі, якой больш за 80 гадоў, мае патрэбу ў пастаянным доглядзе. Радзівонава працавала да 2020 года ў KYKY.оrg, пераважна для рубрыкі «Боль», таксама супрацоўнічала ў якасці фрылансеркі з беларускімі і замежнымі медыя.

Адразу паводле пяці артыкулаў судзяць палітзняволеную маці траіх непаўнагадовых дзяцей Вікторыю Дамастой45-гадовая жанчына першы раз была затрымана напрыканцы студзеня падчас масавага хапуна супрацоўнікамі КДБ за прадуктовую дапамогу ад ініцыятывы INeedHelpBY. Падставай сталі лісты і грошовыя пераводы палітвязням. 

Але пад варту жанчыну тады не ўзялі. Падчас ператрусу ў яе канфіскавалі тэхніку і грошы. Пасля атрымання вынікаў экспертызы тэхнікі, 20 красавіка, Вікторыю змясцілі пад варту паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), арт. 367 (паклёп на Лукашэнку), арт. 342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак), ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). У Вікторыі трое непоўнагадовых дзяцей.

Справу жанчыны пачалі разглядаць 9 снежня ў Гродзенскім абласным судзе. Працэс вядзе суддзя Юрый Казакевіч.

Лесніка са Свіслачы судзяць за каментары ў тэлеграме паводле шасці крымінальных артыкулах.Вітольду Шалкевічу 44 гады. Ён родам з буйнога мястэчка Поразава Свіслацкага раёна. У Вітольда ёсць жонка і дзве непаўналетнія дачкі.

Яго затрымалі ў жніўні 2023 года проста на працы. Спачатку прысудзілі арышт за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пасля губазікаўцы знялі з ім відэа і перавялі з СІЗА. Па звестках праўладных тэлеграм-каналаў, Шалкевіч пакінуў некалькі тысяч каментароў у розных чатах. Суд над Вітольдам пачаўся 9 снежня ў Гродзенскім абласным судзе. Яго абвінавачваюць у «абразе Лукашэнкі» (ч. 1 і ч. 2 арт. 368 КК), «арганізацыі або ўдзеле ў дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК), «здзеку з дзяржаўных сімвалаў» (арт. 370 КК), «абразе суддзі» (арт. 391 КК), «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «распальванні варожасці» (ч. 1 і ч. 3 арт. 130 КК). Справу прызначаны разглядаць суддзя Руслан Гурын.

У судзе Слаўгарадскага раёна 13 снежня пачалі судзіць Арцёма Шпакава і Мікіту Максіменка. Пра затрыманне маладых людзей стала вядома 20 верасня 2024 года, калі на праўладных каналах з'явіліся відэа з "пакаяннем". Іх абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 339 (хуліганства) і арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў) Крымінальнага кодэксу.

11 чалавек судзілі за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці"

Паводле арт. 361-4 КК людзей судзяць, напрыклад, грашовыя пераводы і перадачы палітвязням, інтэрв’ю незалежным СМІ ці перадачу інфармацыі ў боты медыя. Такіх судовых пасяджэнняў было мінімум шэсць на гэтым тыдні, у межах якіх асудзілі 11 чалавек. Яшчэ аднаго чалавека судзілі паводле арт. 361-2, дваіх — паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу. Адразу 11 чалавек судзілі паводле арт. 361-3 Крымінальнага кодэксу. 

Так, у Мінску працягваецца суд па справе "Кадравага рэзерву для новай Беларусі".  Мінскі гарадскі суд 5 снежня пачаў разглядаць справу Аляксандра Куксы. Яго затрымалі ў лютым гэтага года пачдас рэйду па справе «Кадравага рэзерву для новай Беларусі». 26 лютага з ім апублікавалі «пакаяльнае відэа». Цяпер яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Справу разглядае Жанна Брысіна.

Усё яшчэ працягваюць судзіць музыку Сяргея Горлава. Разглядаць ягоную справу пачалі яшчэ першага лістапада ў Мінскім гарадскім судзе. 45-гадовага Сяргея абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4), «распальванне іншай сацыяльнай варожасці» (ч. 1 арт. 130), «заклікі да санкцый» (ч. 3 арт. 361) і «абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК). Верагодна, справа тычыцца каментароў. Сяргею пагражае ад чатырох да дванаццаці гадоў калоніі. Справу разглядае суддзя Алена Шылько.

Хобі Сяргея — музыка. У нулявых ён граў у гурце «Лясное радыё». Удзельнічаў яшчэ ў некалькіх праектах, перакладаў на беларускую мову іншамоўныя песні.

За "здраду дзяржаве" за мінулы тыдзень судзілі дзевяць чалавек

12 снежня бізнэсоўца з Гомеля Мікалая Юшчанку пачалі судзіць за «здраду дзяржаве» і «абразу Лукашэнкі». Гамяльчук Мікалай Юшчанка доўгі час мае ўласны бізнэс. Ягоная фірма прадае гаспадарчыя тавары ды ўпакоўку. 

Суд над Мікалаем распачаўся ў Гомельскім абласным судзе. Яго абвінавачваюць па двух артыкулах — «здрада дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК) і «абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК). Мужчыну пагражае да 19 гадоў калоніі. Працэс узначальвае суддзя Вадзім Бобыраў

Таксама працягваецца суд над святаром Генрыхам Акалатовічам, які пачаўся 25 лістапада. Яму пагражае да 15 гадоў за «здраду дзяржаве». Справу святара разглядаюць у Мінскім абласным судзе. Яго абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве (ч. 1 арт. 356 КК). Судзіць яго Уладзімір Арэшка

Каталіцкаму святару 64 гады. Родам ён з вёскі Новая Мыш Баранавіцкага раёна. Апошнім часам Генрых служыў у каталіцкім храме святога Язэпа ў Валожыне. Яго затрымалі 17 лістапада 2023 года. Акалатовіч раней перанёс інфаркт і хварэў на анкалогію, таму незадоўга перад затрыманнем яму правялі аперацыю на страўніку. Святару трэба асаблівы дагляд і медыцынская дапамога. Але яго трымаюць у СІЗА КДБ, а стан здароўя невядомы.

Ціск на палітвязняў

З 9 па 13 лістапада адбылося 10 судовых працэсаў па замене абмежавання волі на пазбаўленне волі асуджаных па палітычных справах.

Палітзняволенаму журналісту Ігару Карнею дадалі яшчэ восем месяцаў калоніі. У судзе Шклоўскага раёна 11 снежня адбыўся суд над палітзняволеным журналістам і блогерам Ігарам Карнеем, якога ў сакавіку гэтага года асудзілі да трох гадоў зняволення.

Ігар Карней

Суддзя Аляксандр Тараканаў прызнаў Ігара вінватым паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі) і прызначыў яму яшчэ восем месяцаў зняволення. Вядома, што адміністрацыя шклоўскай калоніі № 17 змяшчала журналіста некалькі разоў у ПКТ. Цяпер яго асудзілі ў крымінальным парадку за «парушэнні», за якія ён ужо атрымаў спагнанні ад адміністрацыі. 

Завочныя суды

Распачаўся суд па справе аб атацы дрона на базу АМАПа. У Мінскім гарадскім судзе 9 снежня пачаўся завочны працэс над Віталём Пацехіным і былым дабраахвотнікам Палка Каліноўскага Паўлам Кулажэнкам. Справу супраць іх разглядае суддзя Міхаіл Макарэвіч. 

За атаку дронам з бутэлькамі з запальнай сумессю на базу АМАПа ў Мінску 25 верасня 2021 года мужчынам, якія названы выканаўцам і арганізатарам, інкрымінаваны шэраг артыкулаў: ч. 1 і ч. 2 арт. 290-4 КК (удзел у арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці), ч. 1 арт. 357 КК (змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады), ч. 2 арт. 295-3 КК (незаконныя дзеянні ў адносінах да прадметаў, паражаючае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў), ч. 3 арт. 289 КК (акт терарызму), ч. 1 і ч. 2 арт. 290-5 КК (арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у дзейнасці такой арганізацыі), ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). На іх маёмасць накладзены арышт агульным коштам каля 240 тысяч рублёў.

Крыніца: Ляснік, шматдзетная маці, спявак, журналістка: каго і за што судзілі ў Беларусі на гэтым тыдні