13.12.2024 Тэгі: скаргі, ААН, праваабаронцы Камітэт па правах чалавека ААН вынес станоўчае рашэнне паводле справаў адразу 18-ці заяўнікаў, што былі затрыманыя і абвінавачаныя паводле артыкула 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах). Камітэт лічыць, што санкцыянаванне аўтараў за ўдзел у мірных пратэстах парушыла іх правы паводле артыкулаў 19 і 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Праваабарончы цэнтр "Вясна" пагаварыў з адной з заяўніц — Ірынай Грышчук — пра тое, навошта яна прайшла такі шлях.
Што адбылося
Камітэт па правах чалавека ААН апублікаваў рашэнне па справах адразу 18 аўтараў зваротаў, на што звярнуў увагу тэлеграм-канал "Белое и Черное". Аўтарамі зваротаў з'яўляюцца Віталь Амяльковіч, Рыгор Кастусёў, Алег Мяцеліца, Леанід Кулакоў, Анатоль Паплаўны, Станіслаў Паўлінковіч, Крысціна Кашыцкая, Ларыса Яўневіч, Марына Самусева, Таццяна Севярынец, Аляксандр Дуброўскіх, Наталля Стрэльчанка, Алег Паўлаў, Сяргей Стрыбульскі, Сяргей Ціханоўскі, Наталля Трашчанка, Ірына Грышчук і Кацярына Цімашэнка.
"Цікава, што рашэнне вынесена адразу ў дачыненні да некалькіх заяўнікаў, — пракаментавала сітуацыю юрыстка "Вясны" Святлана Галаўнёва. — Яны падавалі скаргі паасобку, але КПЧ вырашыў аб'яднаць іх справы ў адным рашэнні. Усе скаргі тычацца пераследу паводле артыкула 24.23 КаАП (раней артыкул 23.24).
Пры гэтым само рашэнне даволі кароткае: прызнанае парушэнне права на свабоднае выказванне меркавання (артыкул 19 МПГПП) і свабоды мірных сходаў (артыкул 21 МПГПП)".
Усе звароты былі пададзеныя на разгляд да таго, як дэнансацыя Факультатыўнага пратаколу з боку Беларусі набыла моц 8 лютага 2023 года. Таму "ў адпаведнасці з артыкулам 12 (2) Факультатыўнага пратакола і папярэдняй практыкай Камітэта дзяржава-удзельніца працягвае быць падсправаздачнай у дачыненні да сапраўдных зваротаў", гаворыцца ў рашэнні Камітэта.
У перыяд з 2016 па 2020 гады аўтары ўдзельнічалі або публічна заклікалі да ўдзелу ў несанкцыянаваных мірных пратэстах у розных гарадах Беларусі. Яны былі затрыманыя паліцыяй і абвінавачаныя ў адміністрацыйным правапарушэнні паводле артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях за парушэнне ўстаноўленага парадку правядзення масавых мерапрыемстваў. Мясцовыя раённыя суды вынеслі ў дачыненні да аўтараў пастановы аб накладанні розных адміністрацыйных штрафаў, а ў некаторых выпадках — адміністрацыйнага арышту тэрмінам ад 5 да 15 сутак. Апеляцыйныя скаргі аўтараў на рашэнні судоў першай інстанцыі былі адхіленыя.
Камітэт адзначае, што ўжо знаходзіў парушэнні артыкулаў 19 і 21 Пакта ў аналагічных выпадках, звязаных з тымі ж законамі і практыкамі дзяржавы-ўдзельніцы.
"Улічваючы гэта, Камітэт лічыць, што санкцыянаванне аўтараў за ўдзел у мірных пратэстах, нават калі яны не былі санкцыянаваныя, парушыла іх правы паводле артыкулаў 19 і 21 Пакта".
Рэкамендацыі Камітэта
Як заключыў КПЧ ААН, Беларусь павінна даць аўтарам эфектыўны сродак прававой абароны, уключна з:
- Пакрыццём кошту штрафаў і выдаткаў на юрыдычную дапамогу;
- Кампенсацыяй аўтарам, супраць якіх ужылі адміністрацыйны арышт, прапарцыйнай часу, праведзенага ў зняволенні;
- Прыняццем захадаў для прадухілення аналагічных парушэнняў, уключна з пераглядам нарматыўнай базы, у прыватнасці Закона аб масавых мерапрыемствах, з мэтай забеспячэння поўнага выканання артыкулаў 19 і 21.
Таксама Беларусь абавязаная на працягу 180 дзён прадставіць інфармацыю аб прынятых захадах па выкананні сапраўдных заключэнняў, а таксама апублікаваць і шырока распаўсюдзіць іх на афіцыйных мовах дзяржавы.
Гісторыя Ірыны Грышчук
Адна з заяўніц, чыя справа была разгледжаная ў КПЧ ААН, — Ірына Грышчук. Яе пераследвалі беларускія ўлады за падзеі 22 і 23 жніўня 2020 года ў Белаазёрску.
- Ірына Грышчук
"У нас маленькі горад, але ўсё было ў мініяцюры: усё, што ў Мінску было, усё было і ў нас: толькі ў маштабах нашага горада, — распавяла "Вясне" Ірына Грышчук. — У нас былі і маршы, і ланцугі салідарнасці, і пад выбарчы ўчастак прыходзілі людзі... І мы пісалі ўсюды: і ў Палату прадстаўнікоў, і да мэра, і да старшыні райвыканкама... І плошча ў нас была, і мэр да нас туды выходзіў, размаўлялі мы з уладамі. Многіх арыштавалі, мы патрабавалі, каб іх вызвалілі. І наступіла "адліга", калі пачалі адпускаць з-за кратаў. Гэта пачалося, напэўна, з 13 жніўня. Але мы кожны дзень працягвалі стаяць у ланцугах салідарнасці, пакуль не спыніцца гвалт і не будуць усе вызваленыя, і не вырашыцца пытанне з фальсіфікацыяй. У суботу 22 жніўня мы прыйшлі на плошчу, як звычайна. Не паспелі падысці з плакатамі і сцягамі, як адразу пад'ехала міліцэйская машына з начальнікам міліцыі Уладзімірам Плахотнікам. На плошчы былі ўсталяваныя відэакамеры, таму яны і прымчаліся. І адразу: "Усё, забаронена стаяць. Калі не разыдзецеся, складаем адміністрацыйныя пратаколы". Мы абурыліся, чаму ўчора можна было, а сёння — нельга. Але ўсё ж падпарадкаваліся патрабаванню міліцыі і разышліся.
На наступны дзень у нас быў Марш. Ён праходзіў заўсёды па ходніках. Горад у нас маленькі, за паўгадзіны аббяжыш увесь. А праз тыдзень мне патэлефанаваў участковы Міхаіл Валошчык і паведаміў, што на мяне складзеныя два пратаколы (за ланцуг салідарнасці 22 жніўня і марш 23 жніўня).
На Маршы было прыкладна 200 чалавек, а судзілі нас, як мне памятаецца, пецярых. А з ланцуга салідарнасці судзілі, падаецца, столькі ж, і мяне ў тым ліку. Калі я пыталася на судзе міліцыянтаў (а Плахотнік і Валошчык выступалі на судзе сведкамі), як яны выбіралі, каго прыцягнуць паводле адміністрацыйкі, яны адказвалі, што выбіралі, на іх думку, самых актыўных. А ў чым заключалася актыўнасць? Ну вось... у іх не было тлумачэння. А лічу таму, што я была незалежнай назіральніцай на выбарах. І на маім участку перамагла Ціханоўская, і пад маім участкам сабралася шмат людзей, чакалі вынікаў выбараў (і яшчэ на датэрміновым галасаванні мяне хацелі пазбавіць акрэдытацыі з падачы старшыні выбарчай камісіі Панасюка Алега, але суд з 7 жніўня перанеслі на 11 жніўня. І я змагла таму прысутнічаць на выбарах). І калі мяне за пазбаўленне акрэдытацыі потым асудзілі на 45 базавых (суддзя Наталля Іванаўна Вакульчык), то тут мне далі "ўсяго" 8 базавых штрафу".
Як адзначае Ірына, падчас судовых працэсаў першай і другой інстанцыі, яна заўсёды ведала, што будзе ісці да канца, гэта значыць да міжнароднага ўзроўню — КПЧ ААН. Таму што ёй вельмі важна было знайсці справядлівасць і пакараць вінаватых.
"Таму маральна была гатовая прайсці ўсе стадыі судовага разбору. Я ведала, што ў мяне ёсць шмат часу, аж 5 гадоў, для падачы скаргі ў ААН. Але мне трэба было падаць неадкладна пасля заканчэння судоў другой інстанцыі — мяне распіралі велізарныя злосць і пачуццё несправядлівасці праз фальсіфікацыі, пераслед, праз збіццё людзей ды іх зняволенне, праз суддзяў, міліцыі ды пракуратуры (адкуль мне прыходзілі толькі адпіскі). У мяне былі яны настолькі моцныя, што я проста не магла жыць. Мне не было спакою, ведаючы, што не праб'еш гэтую сістэму (у межах беларускага заканадаўства — заўв.). Мне было дрэнна. Быў неабходны выхад гэтым пачуццям. І яны мяне гналі падаваць скаргу, неадкладна. Мне важна стала, каб свет даведаўся, пра тое, якое беззаконне ў нас дзеецца і каб прагучалі прозвішчы, якія твораць яго. Мяне судзіла Людміла Валянцінаўна Рудзіна (суд Бярозаўскага раёна). А ў Брэсцкім абласным судзе апеляцыю разглядаў Сяргей Уладзіміравіч Беразюк. Так як я адразу ведала, што буду падаваць у КПЧ ААН, то прама казала пра гэта ў судах, заўсёды спасылаючыся на Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах. І гэта аказалася вельмі важным момантам пры прыняцці скаргі ў КПЧ ААН".
- Суддзі Сяргей Беразюк і Людміла Рудзіна
Ірына Грышчук напісала індывідуальны зварот у КПЧ ААН самастойна.
"Я змагла паслаць скаргу 30 снежня 2020 года, бо пасля судоў за жнівень у мяне пачалася яшчэ цэлая чарада судоў паводле іншых "палітычных" справаў, затрыманне, суткі ў ІЧУ. Адпраўляючы аб'ёмны пакет з паведамленнем, думала, ці дойдзе, ці прапусцяць?.. І дзесьці праз месяц прыйшоў адказ з КПЧ ААН, што мая скарга атрыманая. Я з палёгкай уздыхнула. А далей справа часу — мне было ўсё адно, колькі гадоў чакаць, я цвёрда ведала, што ў гэтай барацьбе перамога будзе за мной".
У працэсе разгляду скаргі Ірыне Грышчук у КПЧ ААН было неабходна даць каментар на заўвагі кампетэнтных органаў Рэспублікі Беларусь. Тады яна звярнулася па дапамогу да спецыяліста ў міжнародным праве, праваабаронцы БХК Паўла Левінава. Ён стаў прадстаўніком яе інтарэсаў.
"Менавіта Павел Ісакавіч мне напісаў, што мая скарга задаволеная. Я прачытала яго паведамленне цалкам спакойна. Таму што я ўжо ўвесь гэты час жыла з гэтай задаволенасцю і вось толькі атрымала яе пацвярджэнне. Засталося цяпер дачакацца таго часу, калі суддзі, і міліцыя, і пракуратура панясуць адказнасць, заслужанае пакаранне і выпрабавалі ўсё, што кожны пацярпелы ад рэжыму адчуў".
Падаючы ў Камітэт, Ірына таксама ведала, што беларускія ўлады не выконваюць рэкамендацый КПЧ ААН.
"Не выконваюць цяпер, выканаюць, калі падзе рэжым. Калі б мы не скардзіліся, то сусветная супольнасць не ведала б, якія злачынствы ў нас дзеюцца, які міжнародны імідж нашай краіны — гэта таксама мне было важна. Нас судзілі проста канвеерам. Я кожнаму казала: "Калі ласка, падавайце", але людзі нават у другую інстанцыю не хацелі падаваць: "Ай, усё бескарысна, чаго судзіцца, праўды не знайсці..." А гэта ж так важна: калі мы не будзем скардзіцца і адстойваць свае правы... вось мы і дакаціліся да дыктатуры! Усё робіцца з маўклівай згоды. Я зрабіла свой унёсак у перамогу над дыктатурай і гэта мая барацьба: хай свет ведае сапраўднае аблічча маёй краіны!"
Крыніца: "Няхай свет ведае!". КПЧ ААН вынес рашэнне паводле справаў адразу 18-ці заяўнікаў