06.12.2024 У Беларусі на дадзены момант прызнаныя палітвязнямі 1290 чалавек, а колькасць іх павялічваецца амаль штотыднёва. Кожны месяц некалькі дзясяткаў палітвязняў выходзяць з месцаў зняволення або па заканчэнні тэрміну, або пасля суда да накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (на "хімію"), ці пачатку адбыцця тэрміну на "хатняй хіміі". Акрамя гэтага, рэжым працягвае вызваляць палітвязняў з месцаў няволі па памілаванні. Па даных "Вясны", агулам па заканчэнні тэрмінаў з 2020 года з папраўчых установаў выйшлі мінімум 1 302 чалавекі. У лістападзе на волю выйшлі мінімум 87 чалавек: 24 цалкам адбылі тэрміны, з якіх толькі чатыры жанчына, яшчэ 63 палітзняволеныя былі памілаваныя Лукашэнкам. За што палітвязні адбывалі тэрміны і колькі іх утрымлівалі ў месцах няволі — распавядае "Вясна" ў штомесячным дайджэсце.
Публікуем гісторыі некаторых з іх.
Палітзняволеная Святлана Кароль — больш за 1 год і 2 месяцы ў зняволенні
Святлана — пенсіянерка і велаактывістка з Гомеля. У 2020 годзе жанчына далучылася да Гомельскай Каардынацыйнай Рады.
Жанчыну затрымалі напрыканцы верасня 2023 года ў Гомелі. Яе абвінавацілі ў паклёпе на Лукашэнку (арт. 367 КК), а таксама ў распальванні сацыяльнай варожасці альбо варажнечы паводле (арт. 130 КК). Напрыканцы сакавіка Гомельскі абласны суд прызначыў ёй паўтара года калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
23 лістапада жанчына выйшла на волю з гомельскай жаночай калоніі № 4 па заканчэнні тэрміну.
Палітзняволеная Людміла Чарніга — больш за 2 гады і 4 месяцы ў зняволенні
Людмілу затрымалі ў чэрвені 2022 года. Яе асудзілі да 2,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі паводле арт. 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў) іарт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).Адбывала пакаранне ў гомельскай ПК № 4.
Паводле падлікаў праваабаронцаў у лістападзе 2024 года вызвалена, цалкам адбыўшы тэрмін пакарання.
Палітвязень Уладзімір Запольскіх — прыкладна 1 год у зняволенні
Уладзімір — студэнт юрыдычнага факультэта БДУ. Быў затрыманы па "справе Зельцэра".
Юнака абвінавацілі ў "распальванні іншай сацыяльнай варожасці" (ч. 1 арт. 130 КК), "актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак" (ч. 1 арт. 342 КК) і "абразе прадстаўніка ўлады" (арт. 369 КК).
У лістападзе 2022 года яму прызначылі два гады пазбаўлення волі, а таксама штраф у памеры 200 базавых велічыняў. Уладзімір адбыў тэрмін і напрыканцы студзеня 2023 годавыйшаў на волю.
Пазней стала вядома, што Уладзіміра ізноў затрымалі ў траўні 2023 года. Тады яго асудзілі паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі). 22 снежня 2023 года суддзя суда Цэнтральнага раёна Мінска Дзмітрый Карсюк прысудзіў яму яшчэадзін год пазбаўлення волі. Уладзімір адбываў тэрмін у ПК № 11. Вядома, што палітвязня рэгулярна змяшчалі ў ШІЗА.
Палітвязень Уладзімір Булаўскі — больш за 1 год і 10 месяцаў у зняволенні
У судзе Першамайскага раёна Віцебска 26 траўня 2023 года вынеслі прысуд палітзняволенаму арт-менеджэру і музыку — два гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яго абвінавацілі паводле арт. 342-2 Крымінальнага кодэкса — неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў. Справу разглядаў суддзя Міхаіл Юрчанка.
На судзе Уладзімір не прызнаў віну і даваў паказанні на беларускай мове. Напачатку лістапада Уладзімір выйшаў на волю з папраўчай калонію № 2.
Палітвязень Аляксандр Цялега — больш за 3 гады і 6 месяцаў у зняволенні
У судзе Ленінскага раёна Гродна 21 студзеня 2022 года Аляксандра асудзілі да чатырох гадоў калоніі за каментары ў інтэрнэце. На судзе стала вядома, што адзін з пацярпелых па справе збіваў Цялегу пры затрыманні. 1 лістапада 2022 года над палітвязнем распачаўся новы працэс у судзе Пухавіцкага раёна зноў за каментары. У выніку суд прызначыў яму адзін год зняволення, але шляхам паглынання больш строгага пакарання менш строгім тэрмін пакінулі ранейшым.
У красавіку Аляксандру ўзмацнілі рэжым пакарання і перавялі на турэмны рэжым у Магілёў. У сярэдзіне лістапада палітвязень выйшаў на волю па заканчэнні тэрміну.
Дзве хвалі памілаванняў
Агулам у лістападзе па памілаванні выйшлі на волю 63 чалавекі. Большасць палітвязняў былі асуджаныя ў 2024 годзе да невялікіх тэрмінаў.
Так, Аляўціну Гудкову асудзілі да аднаго года пазбаўлення волі за акцыю пратэсту, якая прайшла ўвечары 10 жніўня 2020 года ў Брэсце паводле ч. 1 арт. 342 КК. Напачатку кастрычніка адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі палітзняволенай. Неўзабаве яе перавялі ў папраўчую калонію № 4 у Гомелі.
У судзе Хоцімскага раёна 20 чэрвеня 2024 года асудзілі мясцовага жыхара Андрэя Каралёва. Яго абвінавацілі ў "паклёпе на Лукашэнку" паводле ч. 1 арт. 367 КК. Справу разглядала суддзя Алеся Парфёненка. Суд прызначыў Андрэю два гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Ірыну Скроб была асуджана Мінскім гарадскім у жніўні 2023 года паводле ч. 1 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) да двух гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі.
Палітзняволеную Наталлю Сцёпіну асудзілі ў чэрвені 2024 года. Яе прызналі вінаватай паводле ч. 2 арт. 367 КК (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі). Суд прызначыў Наталлі два гады ў калоніі агульнага рэжыму.
Крыніца: Мінімум 24 чалавекі ў лістападзе выйшлі на волю па заканчэнні тэрмінаў, яшчэ 63 — па памілаванні