05.12.2024 Тэгі: пераслед, рэпрэсіі, міжнародная салідарнасць праваабаронцаў Сітуацыя з правамі чалавека і пераследам праваабаронцаў ў многіх краінах свету і на постсавецкай прасторы застаецца напружанай увесь апошні час. Асабліва гэта заўважна ў Расіі, Азербайджане, Грузіі і іншых краінах. "Вясна" прапануе падборку аб рэпрэсіях супраць праваабаронцаў, юрыстаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.
У сувязі са станам здароўя ў Іране часова вызвалілі вядомую праваабаронцу Наргес Махамадзі
Лаўрэатку Нобелеўскай прэміі міру мінулага года, вядомую іранскую праваабаронцу і палітзняволеную Наргес Махамадзі ў сувязі са станам здароўя вызвалілі з-пад варты на некаторы час пасля атрымання тэрміновай медыцынскай дапамогі. Па словах яе адваката, пакуль размова ідзе пра тры тыдні. Гэтае рашэнне было прынятае з сувязі з яе фізічным станам пасля некалькі складаных аперацый.
Наргес Махамадзі ў 2016 годзе была прысуджаная да 16 гадоў пазбаўлення волі за кіраўніцтва праваабарончым рухам, якое выступае за адмену смяротнага пакарання (абвінавачванні ў “арганізацыі незаконнай групы”, “змове супраць нацыянальнай бяспекі” і “варожай прапагандзе”). Была асуджаная пяць разоў, у агульнай складанасці была прысуджаная да 31 года пазбаўлення волі і 154 ударам бізунамі. У 2020 годзе яе вызвалілі, але ў канцы 2021 года яна зноў была арыштаваная.
Апошні раз Наргес Махамадзі прызналі вінаватай у распаўсюджванні прапаганды, накіраванай супраць Ісламскай рэспублікі Іран, і пакаралі дадатковымі 15 месяцамі пазбаўлення волі.
Азербайджанскаму праваабаронцу Анару Мамедлі працягнулі тэрмін утрымання пад вартай
Першага лістапада суд у Баку не задаволіў скаргу арыштаванага кіраўніка Цэнтра маніторынгу выбараў і навучання дэмакратыі (ЦМВОД) Анара Мамедлі на адмову ў пераводзе яго ў грамадзянскую клініку. 20 лістапада суд адмовіўся перавесці Мамедлі пад хатні арышт і працягнуў на тры месяцы тэрмін яго ўтрымання пад вартай.
Раней адвакаты і актывісты выказвалі трывогу ў сувязі з імклівым пагаршэннем стану арыштаванага дырэктара Цэнтра маніторынгу выбараў і навучання дэмакратыі (ЦМВОД) Анара Мамедлі і прасілі правесці медычнае абследванне праваабюаронцы.
Анар Мамедлі – вядомы праваабаронца і актывіст па барацьбе са змяненнем клімату; ён дамагаўся, каб улады дазволілі прадстаўнікам грамадзянскай супольнасці прыняць удзел у працы COP29. Анар Мамедлі быў затрыманы 29 красавіка 2024 года і змешчаны ў папярэдняе зняволенне. Яму выстаўленыя сфабрыкаваныя абвінавачванні ў незаконным увозе грошай у краіну. У выпадку, калі яго прызнаюць вінаватым, яму пагражае да васьмі гадоў турмы.
Праваабаронцу "Мамарыяла" Сяргея Давідзіса ўнеслі ў "тэрарыстычны" спіс
Праваабаронцу і кіраўніка праекта "Падтрымка палітвязняў. Мемарыял" Сяргея Давідзіса ўнеслі ў рэестр асоб, супраць якіх заведзеныя крымінальныя справы па тэрарыстычных і экстрэмісцкіх артыкулах. Гэты рэестр вядзе Росфінманіторынг. Удзельнікам рэестра блакуюць банкаўскія рахункі і забараняюць фінансавыя аперацыі ў Расіі. Побач з імем Давідзіса стаіць зорачка, што азначае наяўнасць узбуджанай крымінальнай справы па адным з артыкулаў, звязаных з тэрарызмам. Аднак публічна пра такую справу ў дачыненні да праваабаронцы раней не паведамлялася. У базе вышуку МУС яго прозвішча таксама няма.
Давідзіс заявіў, што не ведае пра справу ў дачыненні да сябе. Паводле яго, ён таксама ня ведае, з чым яно магло б быць зьвязанае. Сяргей Давідзіс пакінуў Расею пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне ў лютым 2022 года і цяпер пражывае за мяжой.
У гэтай сувязі цэнтр “Мемарыял” выступіў з заявай, у якой пішуць аб тым, што “Сяргей шмат гадоў займаецца найважнейшай для цяперашняй Расеі справай — абаронай палітычных зняволеных, арганізацыяй дапамогі ім, прыцягненнем увагі як у Расеі, так і ва ўсім свеце да незаконнай практыкі цяперашніх расейскіх уладаў — да пераследу сваіх апанентаў і проста непажаданых ім людзей з палітычных матываў. Цяпер сам Сяргей падвяргаецца такому пераследу. Якой бы фармальная нагода ні была абраная рэпрэсіўным рэжымам для распачынання крымінальнай справы супраць Сяргея Давідзіса, нам відавочна: гэта чарговая спроба запалохаць расейскую грамадзянскую супольнасць, прымусіць яе замаўчаць і спыніць дзейнічаць”.
Азербайджан: арыштаваны кіраўнік праваабарончай арганізацыі "Лінія абароны"
Чацвертага снежня Бінагадзінскі раённы суд Азербайджана задаволіў хадайніцтва аб абранні ў дачыненні да выканаўчага дырэктара праваабарончай арганізацыі "Лінія абароны" Руфата Сафарава меры стрымання ў выглядзе арышту тэрмінам на чатыры месяцы, паведаміў ягоны адвакат Эльчын Садыгаў.
Паводле яго, ніякіх доказаў здзяйснення Руфатам Сафаравым інкрымінаваных яму злачынстваў не было прадстаўлена.
У МУС Азербайджана патлумачылі затрыманне расследаваннем канфлікту пры куплі-продажы зямлі, бацька Сафарава звязаў затрыманне з праваабарончай дзейнасцю сына і яго планамі паехаць у ЗША на ўручэнне праваабарончай прэміі.
Праваабаронцу ў Крыме арыштавалі на 10 сутак за пасты з цытатай расейскага апазіцыянера
Супрацоўнікі паліцыі ў акупаваным Крыме восьмага лістапада правялі ператрус у доме праваабаронцы і адвакаткі Рустэма Кямілёва і Лілі Гемеджы.
Пры гэтым сілавікі ўдарылі Кямілёва і яго сына, а пасля арыштавалі юрыста на дзесяць сутак і аштрафавалі за пасты ў Фэйсбуку. У тым ліку яго абвінавацілі ў "дыскрэдытацыі расейскай арміі", але не за ацэнку яе дзеянняў ва Украіне, а ў Сірыі. Першы пратакол складзены за дэманстраванне забароненай сімволікі з перапосту на сваю старонку ў Фэйсбуку тэксту, апублікаванага летам 2020 года на старонцы праваабарончага аб'яднання "Крымская салідарнасць" . Другі пратакол быў складзены за дыскрэдытацыю Узброеных Сіл РФ праз рэпост відэа прэс-канферэнцыі лідара расейскай партыі "Яблыка" Рыгора Яўлінскага ў 2017 годзе.
Праваабаронцы і іх калегі ўпэўненыя, што гэта толькі фармальная падстава для пераследу праваабаронцаў, якіх раней ужо пазбавілі адвакацкага статусу з ініцыятывы крымскага МУС.
Крыніца: Арышт праваабаронцаў у Крыме і Азербайджане, Сяргея Давідзіса ўнеслі ў "тэрарыстычны" спіс