03.12.2024 Тэгі: выбары-2025Збор подпісаў ў Жлобіне Яшчэ тры дні — да 6 снежня — па ўсёй Беларусі будзе адбывацца збор подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах*. На Гомельшчыне выбрачыя пікеты адзначыліся флэшмобамі з дзецьмі і студэнтамі, зборамі подпісаў на прахадных заводаў і МНС, а таксама парушэннямі, пра якія ў матэрыяле распавядзе праваабаронца "Вясны" Алена Маслюкова.

Як адзначае праваабаронца, на пачатку збору подпісаў, які распачаўся раней тэрміну і да сённяшняга дня на Гомельшчыне збіралі подпісы наступным чынам: цягам двух тыдняў вельмі актыўна распачынаўся збор подпісаў на прадпрыемствах і ва ўстановах, выкарыстоўваючы адміністрацыйны рэсурс і запалохванне, па месцы жыхарства, на пікетах.

Паводле інфармацыі гомельскай праваабаронцы, на прадпрыемствах людзей выклікалі да кіраўніка і, нават, не запытваючы пра пашпарт, прымушалі пакідаць подпіс.

"Спісы ўжо былі зараней падрыхтаваныя. Ніхто не адмаўляўся, бо былі пагрозы звальнення і абяцанні праблем з міліцыяй".

20 лістапада пісала МНС: 

"Перад пачаткам працоўнага дня ў Гомельскім абласным упраўленні МНС разгарнулася праца ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі, прапанаванага для вылучэння кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь".

Такія факты зафіксаваныя на ААТ "8 сакавіка", "Жлобінскі камбікормавы завод", філіял ААТ АФПК "Жлобінскі мясакамбінат", на ЦБЗ, ЗБЦ і "Хімвалакно" ў Светлагорску. Аналагічна было ў медыцынскіх установах (абласная бальніца Гомеля, Рэчыцкая раённая бальніца). У школах Рагачова і Светлагорска зафіксаваны выпадкі, калі выклікалі настаўнікаў да дырэктара і прапаноўвалі паставіць подпісы, нават, у двух спісах — за Лукашэнкуі Хіжняка.

"Нам паведамілі са Светлагорска, што да чалавека прыйшлі збіраць подпісы і яна шчыра сказала, што не вызначылася, ці трэба гэта рабіць. Жанчына, якая збірала подпісы, ёй сказала, што лепей падпісацца, бо ў іх ёсць распараджэнне адзначаць тых, хто адмаўляецца ставіць подпіс — ўносіць у спіс і паведамляць у адпаведныя органы. І дадала, што ў іх пад'ездзе адмовілася толькі адна маладая жанчына", — распавядае праваабаронца.

Так, нас сайце ААТ "Светлагорскі ЦКК " напісалі, што "на цэнтральнай прахадной праходзяць пікеты, арганізаваныя ініцыятыўнай групай па зборы подпісаў":

"Актывісты ініцыятыўнай групы не толькі збіраюць подпісы, але і праводзяць тлумачальную працу сярод работнікаў камбіната. Яны падрабязна тлумачаць умовы ўдзелу ў выбарчай кампаніі, нюансы працэдуры збору подпісаў і адказваюць на пытанні, якія паступаюць".

Таксама жлобінская раёнка паказала, як ідзе збор подпісаў на заводах: 

Але, як адзначае Алена Маслюкова, паведамлялася, што выбарчыя пікеты па збору подпісаў у Гомелі, Светлагорску, Жлобіне, Рагачове, Ельску, Рэчыцы і Калінкавічах праходзяць малалюдна.

"Каля іх практычна не бывае людзей, чатыры-пяць чалавек чамусьці з'яўляюцца толькі тады, калі прыходзіць фатограф з раённай газеты. Фактычна разам са зборам подпісаў вядзецца і агітацыя. Прынамсі пікетаў стала вельмі мала".

Пры гэтым, у дзяржаўныя медыя выбарчыя пікеты асвятляюцца як "свята".

"Пікеты ў першы дзень сваёй працы літаральна выпраменьвалі атмасферу свята. З калонак гучала музыка, а моладзь горада падтрымала старт збору подпісаў серыяй флэшмобаў. Самы маштабны адбыўся ў Навабеліцкім раёне Гомеля, дзе ўдзельнікі патрыятычнай акцыі занялі ледзь не ўсю галоўную плошчу ля мясцовага кінатэатра", — пісала СБ у першы дзень збору подпісаў. 

vybary_homel12.jpg
Флэшмоб каля "Міру"

Гомельскае абласное аддзяленне прафсаюзаў распавяло таксама пра пачатак збор подпісаў у Гомелі. З іх рэпартажу мы дазналіся, што ў выбарчай кампаніі задзейнічалі дзяцей: 

"На Гомельшчыне з самай раніцы пачалі працу пікеты. Дарэчы, у іх было шматлюдна. У Гомелі ў месцах, дзе праходзілі пікеты, назіраўся ажыятаж. Людзі ахвотна пакідаюць "аўтографы" на падпісных лістах. Настрой — святочны. Атмасфера — патрыятычная. Грамадзянская пазіцыя — абсалютная.

У Гомелі на пікетах пануе святочная атмасфера. Людзі актыўна цікавяцца прэтэндэнтамі на месца кіраўніка дзяржавы. На пляцоўцы перад універмагам «Гомель» збор подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь падтрымалі студэнты, навучэнцы сярэдняй школы №72 г. Гомеля і прафсаюзы".

Таксама дзяржаўныя медыя адзначаюць, што на выбарчых пікетах "заўважана шмат моладзі": 

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Крыніца: "Хто адмаўляецца ставіць подпіс — уносіць у спіс". Як праходзіць збор подпісаў на Гомельшчыне