02.12.2024 Тэгі: суды, экстрэмізм, вайна ва Украіне У Гомельскім абласным судзе 2 снежня вынеслі прысуд грамадзяніну Украіны Вячаславу Бародзію, а таксама беларусам Мікалаю Ласоўскаму і Валянціне Полаз. Падрабязнасці пераследу ўкраінскага егера сталі вядома з прапагандысцкага фільма год таму, у якім Вячаслава на следчых дзеяннях вадзілі на ланцугу. Агулам трох чалавек абвінавацілі адразу паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку "здрада дзяржаве" і "агентурная дзейнасць". Суд ў закрытым рэжыме праходзіў з 15 кастрычніка. Суддзя Яўген Шаршнёў прызнаў Бародзія вінаватым і прызначыў яму 10 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама 550 базавых велічыняў штрафу, паведаміла БелТА. Прысуд іншым фігурантам справы пакуль невядомы.
Мінулай восенню Камітэт дзяржбяспекі паведаміў, што затрымаў у Беларусі шэсць чалавек па абвінавачванні ў супрацоўніцтве з "Службай бяспекі Украіны" і "падрыхтоўцы тэрактаў". Пра гэта стала вядома з фільма 11 верасня 2023 года, які паказалі адразу на ўсіх дзяржаўных каналах. На відэа некаторыя з іх выглядаюць збітымі, некаторых на следчых дзеяннях водзяць на ланцугах, аднаго з затрыманых знялі ў СІЗА КДБ.
Украінскага егера Вячаслава Бародзія затрымалі 1 верасня 2023 года ў Ельскім раёне Беларусі, які мяжуе з Жытомірскай вобласцю Украіны. Вядома, што Вячаслаў нарадзіўся ў Жытомірскай вобласці, некаторы час жыў у Мазыры, а потым вярнуўся ва Украіну і працаваў егерам, выхоўвае трох дзяцей. У фільме распавялі, што Бародзій пасля пачатку поўнамаштабнай вайны нібыта прайшоў падрыхтоўку ў навучальным цэнтры Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны і што "з сакавіка 2023 года, акрамя ГУР Мінабароны, ён стаў супрацоўнічаць яшчэ і са Службай бяспекі Украіны". У фільме кажуць:
"Пры затрыманні ён заявіў, што прыйшоў у нашу краіну "забраць хлопца і вярнуцца назад". Пра склады са зброяй Бародзій нібыта нічога не ведаў і наогул перасек мяжу з нашай краінай упершыню. Навошта ў яго пры сабе быў пісталет SIG Sauer з глушыцелем і дзвюма абоймамі, Бародзій патлумачыць не змог. Зрэшты, гэта зразумела і так. Пры сутыкненні з нашымі памежнікамі ў Мангуста была б магчымасць адстрэльвацца ад іх".
Вячаслава Бародзія, Мікалая Ласоўскага і Валянціну Полаз у залежнасці ад ролі кожнага абвінавацілі паводле наступных крымінальных артыкулаў:
- ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве);
- ч. 2 арт. 371-1 (арганізацыя незаконнай міграцыі);
- ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў);
- арт. 358-1 (агентурная дзейнасць);
- ч. 3 арт. 333-1 (незаконнае перамяшчэнне праз дзяржаўную мяжу Беларусі агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, а таксама іншых відаў узбраення і ваеннай тэхнікі);
- ч. 3 арт. 371 (незаконнае перасячэнне дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь).
2 снежня суд прызнаў вінаватым Бародзія паводле арт. 295 КК,арт. 333-1 КК, арт. 358-1 КК, арт. 371 КК і арт. 371-1 КК і прызначыў яму 10 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама 550 базавых велічыняў штрафу (22 000 рублёў), паведаміла БелТА. Прысуд іншым фігурантам справы пакуль невядомы.
Крыніца: Украінца Вячаслава Бародзія асудзілі да 10 гадоў калоніі