02.12.2024 Тэгі: выбары-2025 На выбарах*-2025 сфарміравана 153 тэрытарыяльныя камісіі: шэсць абласных і Мінская гарадская, 118 — раённых, чатыры — гарадскіх (у гарадах абласнога падпарадкавання), 24 — раённых у гарадах. У іх склад увайшло 1 689 чалавек, большасць — жанчыны з грамадскіх аб'яднанняў. Высновы па выніках маніторынгу кампаніі сфарміраваныя ў аналітычнай справаздачы кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары". Мы папрасілі юрыстку Святлану Галаўнёву коратка пракаментаваць склад тэрытарыяльных камісій на выбарах*-2025.
"Першае, на што звяртаюць увагу праваабаронцы, тое, што значна больш людзей вайшло ў камісіі з грамадскіх аб'яднанняў, чым з партый. Гэта такі, напэўна, агульным трэнд — не даваць партыям ні ў чым быць занадта моцнымі і папулярнымі. Такая штучная дэпалітызацыя.
Як заўсёды, у камісіях шмат жанчын, але чым вышэй статус камісіі — тым больш мужчын у ёй. Ну, і калі глядзець агулам на сярэднюю колькасць чалавек у камісіі, то яны амаль па максімуму напоўнены. На парламенцка-мясцовых выбарах, дарэчы, таксама былі ўсе камісіі па-максімуму.
Пры гэтым, амаль усе хто ў камісіі вылучаліся — прайшлі (97,9%).
Можна сказаць, што ўсе гэтыя рэчы сведчаць пра выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу і, як мы кажам у сваіх справаздачах, "дырыжыраванне" ўсімі працэсамі вакол выбараў".
Нагадаем, склад тэрытарыяльных камісій Партыі і іншыя грамадскія аб'яднанні прадстаўляюць 68,98% (1.165 чалавек). Каля 70% — жанчыны.
У камісіі ўключаны: 141 сябра партыі "Белая Русь", 71 — Камуністычнай партыі Беларусі, 42 — Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, 17 — Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі; 279 — Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, 131 — Беларускага саюза жанчын, 124 — Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, 116 — Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў.
"Ключавым рэсурсам выканаўцаў, што забяспечваюць правядзенне выбараў* на ўзроўні тэрытарыяльных выбарчых камісій (акрамя пакінутых пасля перарэгістрацыі чатырох палітычных партый, што ўсе падтрымліваюць курс дзеючай улады), застаюцца чатыры найбуйнейшыя грамадскія аб'яднанні (БРСМ, "Белая Русь", Саюз жанчын, Саюз ветэранаў, Фонд міру), якія маюць з 2023 г. заканадаўча замацаваны асаблівы статус набліжанасці да дзяржавы, і прафсаюзы, якія ўваходзяць у ФПБ. Працэнт "праходнасці" кандыдатаў ад гэтых праўладных партый і грамадскіх аб'яднанняў, якія імітуюць грамадзянскую супольнасць ды сумесна фармуюць 63% складаў усіх камісій, імкнецца да 100%", — прыходзяць да высноваў праваабаронцы.
Чытаць больш пра ўтварэнне тэрытарыяльных камісій у справаздачы праваабаронцаў:
Выбары*2025. Аналітычная cправаздача аб утварэнні тэрытарыяльных выбарчых камісій