02.12.2024 Тэгі: выбары-2025 Да 6 снежня ініцыятыўныя групы збіраюць подпісы за кандыдатаў. Па ўсёй Беларусі даволі актыўна збіраюць подпісы і ў падтрымку прадстаўніка Камуністычнай партыі Сяргея Сыранкова. Пікеты ладзяцца пад сцягамі КПСС, з бюстамі Леніна і раздрукаванымі партрэтамі прэдэндэнта ў кандыдаты. Тым часам, на сайце Цэнтрвыбаркама пазначана, што Сыранкоў яшчэ не выдатковаў грошы са свайго выбарчага фонда. Запыталі ў юрыстаў, ці з'яўляецца гэта парушэннем.
Юрысты кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" адзначаюць, што дзеянні Сяргея Сыранкова і яго ініцыятыўнай групы парушаюць арт. 48 Выбарчага кодэкса, і можа цягнуць за сабой адмову ў рэгістрацыі:
"Калі праводзяцца пікеты па зборы подпісаў, выкарыстоўваецца сімволіка, сцягі — гэта ўсё выкарыстанне рэсурсаў. Адзінае законная крыніца атрымання такіх рэсурсаў — гэта выбарчы фонд. Гэта тычыцца не толькі грашовых спедстваў, але і любых рэсурсаў, няхай гэта будзе сцягі ці бензін на праезд — усе выдаткі павінны праходзіць праз выбарчы фонд. Гэта павінна быць гарантыяй празрыстасці выкарыстання рэсурсаў. У дадзеным выпадку відавочна поўнае ігнараванне дадзеных правіл".
- Пікет у Барысаве. Акрамя традыцыйных чырвоных сцягоў, выкарыстоўвалі адразу два бюсты Леніна — адзін пабольш, другі меншы
Сыранкоў ідзе на выбары пад лозунгам "Не замест Лукашэнкі, а разам з ім". У першы дзень збору подпісаў ён дэманстратыўна падпісаўся за Лукашэнку, што сведчыць пра яго "спойлернасць", а не пра рэальны намер балатавацца ў прэзідэнты.
Апроч гэтага, юрысты звярнулі ўвагу на багатае выкарыстанне сімволікі камуністаў на пікетах у падтрымку Сыранкова:
"Адзін з прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта, які зарэгістраваў ініцыятыўную групу — член Камуністычнай партыі Беларусі. Таму, з аднаго боку, на пікетах па зборы подпісаў у яго падтрымку лагічная прысутнасць сімволікі камуністычнай партыі. З іншага боку, выбарчае заканадаўства сфармулявана такім чынам, што на этапе збору подпісаў любы выраз палітычных поглядаў і агітацыя забаронены — што вядома ж нонсэнс, але менавіта такія прэтэнзіі ўлады, сярод іншага, прад'яўлялі Сяргею Ціханоўскаму ў 2020 годзе, калі ён збіраў подпісы".