28.11.2024 Тэгі: палітвязні 20 лістапада стала вядома, што па запыце КДБ В'етнам выдаў Беларусі 34-гадовага былога добраахвотніка Васіля Верамейчыка. У фільме прапагандыстаў начальнік следчага ўпраўлення КДБ заявіў, што мужчына нібыта знаходзіўся ў крымінальным вышуку па крымінальнай справе па факце дзейнасці Палка Каліноўскага, прызнанага ў Беларусі "тэрарыстычнай арганізацыяй". Але 27 лістапада праваабаронцы прызналі Васіля палітвязнем, дзе ў якасці выстаўленых ў Беларусі абвінавачванняў пазначылі арт. 366 КК (пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі). З праваабаронцам "Вясны" Паўлам Сапелкам разбіраемся ў справе Васіля Верамейчыка, а таксама размаўляем пра тое, якую практыку ў пытанні выдачы беларусаў параджае гэтая справа.

Васіль Верамейчык
Васіль Верамейчык

Начальнік следчага ўпраўлення Камітэта дзяржбяспекі Канстанцін Бычак 20 лістапада заявіў:

"У рамках міжнароднага супрацоўніцтва па запыце Камітэта дзяржаўнай бяспекі ў Беларусь дастаўлены Васіль Верамейчык, які адшукваецца па крымінальнай справе па факце дзейнасці так званага "палка Каліноўскага", прызнанага ў Беларусі тэрарыстычнай арганізацыяй", — сказаў Канстанцін Бычак.

Пры гэтым, паводле базы даных МУС у базе вышуку Васіль Верамейчык знаходзіўся паводле арт. 366 КК.

Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка каментуе хуткае прызнанне Верамейчыка палітвязнем:

"Праваабаронцы не сталі чакаць, пакуль улады Беларусі абвінавацяць Верамейчыка па крымінальных складах, якія заснаваныя на адвольным прызнанні фармаванняў беларускіх добраахвотнікаў то экстрэмісцкім, то тэрарыстычным фармаваннем, і прынялі рашэнне на аснове тых абвінавачванняў, якія былі даступныя на момант яго прыняцця.

Мы ўлічвалі цяжар і характар гэтага абвінавачвання, супярэчлівыя дзеянні і сцвярджэнні ўладаў, грубае парушэнне права не падвяргацца пагрозе катаванняў. Палітычны характар абвінавачванняў ужо відавочны, як відавочна татальнае ігнараванне працэсуальных і грамадзянскіх правоў палітвязня: ён быў выдадзены ўладам Беларусі без уліку абавязацельстваў В'етнама па Канвенцыі супраць катаванняў".

Паводле арт. 3.1 Канвенцыі ні адна дзяржава-удзельніца не павінна высылаць, вяртаць ("refouler") або выдаваць якую-небудзь асобу іншай дзяржаве, калі існуюць сур'ёзныя падставы меркаваць, што яму там можа пагражаць прымяненне катаванняў. У п. 2 Канвенцыі адзначаецца, што для вызначэння наяўнасці такіх падстаў кампетэнтныя ўлады прымаюць пад увагу ўсе якія адносяцца да справы абставіны, уключаючы, у адпаведных выпадках, існаванне ў дадзенай дзяржаве пастаяннай практыкі грубых, абуральных і масавых парушэнняў правоў чалавека.

"Механізмы будуць ляжаць у неправавым полі"

Вядома, што Васіля Верамейчыка затрымалі ў В'етнаме 13 лістапада, а ў Беларусь яго даставілі ўжо на наступны дзень. Павел Сапелка звяртае ўвагу на тое, што дамоўленасці аб выдачы беларусаў маглі быць дасягнуты падчас сустрэч на вышэйшым узроўні з міністрам грамадскай бяспекі В'етнама, якія адбыліся за пару дзён да інцыдэнту — 6 і 9 верасня гэтага года.

"Варта адзначыць, што выкананне працэдур у пытаннях выдачы часта спыняе непапраўную шкоду правам грамадзян нават у недэмакратычных дзяржавах са слабай судовай уладай. Напрыклад, у РФ адзначаліся выпадкі паспяховага аспрэчвання выдачы Беларусі, і ў гэтых выпадках у асоб, якіх адшукваюць, заставаўся шанец выехаць у бяспечную краіну.

У цэлым мы будзем назіраць кансалідацыю аўтарытарных і таталітарных рэжымаў у пытаннях барацьбы са сваімі ідэалагічнымі супернікамі. Напрыклад, 1 лістапада гэтага года расійскі генеральны пракурор Ігар Красноў заявіў аб неабходнасці ўзмацніць супрацоўніцтва РФ і беларускіх уладаў па пытанні злову абвінавачаных, якія знаходзяцца ў вышуку, і растлумачыў, што "ў апошнія гады ведамствам сапраўды даводзіцца назіраць неканструктыўнае, палітычна ангажаванае стаўленне кампетэнтных органаў шэрагу замежных дзяржаў, а таксама міжнародных арганізацый да пытанняў супрацоўніцтва ў цэлым і выдачы злачынцаў у прыватнасці". "Механізмы адказу на такія дзеянні ёсць", — сказаў расейскі генпракурор.

Шматзначнасць заявы дадае ўпэўненасці ў тым, што механізмы будуць ляжаць у неправавым полі, магчыма, будуць выкарыстоўваць недасканаласць міграцыйных практык дэмакратычных дзяржаў, карупцыйныя схемы, а, магчыма, закрануць і не датычных да асоб, якія адшукваюцца".

Крыніца: "Палітычны характар абвінавачванняў ужо відавочны", — праваабаронца пра справу Васіля Верамейчыка